Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад Вэнэсуэлы прыпыняе перамовы з апазыцыяй


Кіраўнік Вэнэсуэлы Ніколас Мадура. Шэраг краінаў не прызнае яго легітымным прэзыдэнтам.
Кіраўнік Вэнэсуэлы Ніколас Мадура. Шэраг краінаў не прызнае яго легітымным прэзыдэнтам.

Урад Вэнэсуэла ў суботу заявіў, што прыпыніць перамовы з апазыцыяй, якія павінны былі аднавіцца ў гэтыя выходныя.

Гэта адбылося пасьля таго, як Каба-Вэрдэ экстрадавала калюмбійскага бізнэсоўца Алекса Сааба, пасланца Вэнэсуэлы, у Злучаныя Штаты па абвінавачваньні ў адмываньні грошай, паведамляе Reuters.

Пра прыпыненьне перамоваў заявіў дэпутат ад Сацыялістычнай партыі Хорхе Радрыгес, які ўзначальвае ўрадавую перамоўную групу. Радрыгес сказаў, што ўрад Вэнэсуэлы ня будзе прысутнічаць на перамовах, якія павінны былі пачацца ў нядзелю.

Сааб быў арыштаваны ў чэрвені 2020 году, калі яго самалёт спыніўся ў Каба-Вэрдэ для дазапраўкі. У верасьні 2021 году ўрад Вэнэсуэлы назваў яго ў якасьці члена сваёй перамоўнай групы на перамовах з апазыцыяй у Мэксыцы, дзе абодва бакі імкнуцца вырашыць палітычны крызіс.

Радрыгес, зачытваючы заяву, назваў рашэньне аб прыпыненьні перамоваў «праявай нашага глыбокага пратэсту супраць зьверскай агрэсіі супраць асобы і пасады шага дэлегата Алекса Сааба Марана». Улады Вэнэсуэлы ацанілі экстрадыцыю як «выкраданьне».

Лідэр апазыцыі Хуан Гуайдо асудзіў рашэньне прыпыніць перамовы і нагадаў, што краіна пакутуе ад гранічнай беднасьці. Гуайдо сказаў, што працягне настойваць на пошуку рашэньня крызісу ў краіне.

Празь некалькі гадзінаў пасьля экстрадыцыі Вэнэсуэла адмяніла хатні арышт шасьці былых кіраўнікоў нафтаперапрацоўчага прадпрыемства Citgo, даччынай кампаніі дзяржаўнай нафтавай кампаніі PDVSA ў ЗША, паведамілі Reuters дзьве дасьведчаныя крыніцы і член сям’і.

  • Алекса Сааба арыштавалі па выдадзеным ЗША міжнародным ордэры ў аэрапорце на востраве Сал у Каба-Вэрдэ ў чэрвені мінулага году, калі яго самалёт зрабіў пасадку для дазапраўкі на шляху з Вэнэсуэлы ў Іран. Улады Вэнэсуэлы заявілі пратэст, указаўшы на дыпляматычны статус Сааба, аднак суды ў Каба-Вэрдэ не прыслухаліся да іх аргумэнтаў.
  • Амэрыканскія ўлады гадамі дабівалася адказнасьці Сааба ў справе пра расьсьледаваньне продажу золата і нафты Вэнэсуэлай у парушэньне санкцыяў. Сааб і яго бізнэс-партнэр Альвара Пуліда таксама абвінавачваюцца ЗША ў кіраваньні сеткай, якая выкарыстоўвала харчовую дапамогу, прызначаную для Вэнэсуэлы. 18 кастрычніка Сааб павінен паўстаць перад судом у Флорыдзе.

Што трэба ведаць пра крызіс у Вэнэсуэле

  • 23 студзеня 2019 году на фоне канстытуцыйнага і эканамічнага крызісу ў Вэнэсуэле старшыня парлямэнту Хуан Гуайдо абвясьціў сябе часовым прэзыдэнтам і прынёс прысягу на мітынгу апазыцыі ў Каракасе. Апазыцыя не прызнала вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 2018 году, на якіх афіцыйна перамог дзейны прэзыдэнт Нікаляс Мадура.

Хто такі Хуан Гуайдо — новы лідэр апазыцыі Вэнэсуэлы, які абвясьціў сябе часовым прэзыдэнтам

  • Гуайдо прызналі законным прэзыдэнтам амаль усе краіны Лацінскай Амэрыкі (акрамя Балівіі і Кубы), ЗША, Аўстралія, Канада і Ізраіль. 31 студзеня «адзіным і законным часовым прэзыдэнтам» Вэнэсуэлы Гуайдо прызнаў Эўрапарлямэнт. Дзейнага прэзыдэнта Нікаляса Мадура лічаць легітымным Расея, Кітай, Куба і Мэксыка.
  • Беларускія ўлады заявілі, што «вэнэсуэльскі народ можа самастойна справіцца зь цяжкасьцямі, якія ўзьніклі, без ўмяшаньня звонку».
  • 26 сьнежня 2019 году легітымным прэзыдэнтам краіны Гуайдо прызнаў вайсковы аташэ Вэнэсуэлы ў Вашынгтоне палкоўнік Хасэ Луіс Сілва. Ён стаў першым высокапастаўленым вайскоўцам і дыпляматам рэспублікі, якія пайшлі на такі крок. Большая частка высокапастаўленых чыноўнікаў і вайскоўцаў захавалі ляяльнасьць Мадура. ​
  • 28 студзеня 2019 году ЗША ўвялі санкцыі супраць вэнэсуэльскай дзяржаўнай нафтавай кампаніі, каб узмацніць ціск на ўрад Мадура. Гуайдо заявіў, што бярэ кантроль над замежнымі актывамі Вэнэсуэлы, каб ня даць Мадура магчымасьці «спустошыць скарбонку».
  • У адказ Вярхоўны суд Вэнэсуэлы пачаў у дачыненьні да Гуайдо расьследваньне ў сувязі з «актамі гвалту, якія адбыліся ў краіне». Яму забаранілі выезд з Вэнэсуэлы і заблякавалі доступ да банкаўскіх рахункаў.
  • 29 студзеня Мадура заявіў у інтэрвію расейскім СМІ, што «гатовы сесьці за стол перамоваў з апазыцыяй». Аднак перамовы паміж ўрадам Вэнэсуэлы і апазыцыяй пачаліся толькі ў жніўні 2021 году, у Мэксыцы.
  • Эканамічны крызіс у Вэнэсуэле цягнецца з 2013 году, калі да ўлады прыйшоў Мадура. Па эканоміцы краіны моцна ўдарыла падзеньне цэнаў на нафту, але ўлады вінавацяць у праблемах ЗША. За першы прэзыдэнцкі тэрмін Мадура інфляцыя склала больш як 2 000 000 000% (перад дэнамінацыяй цэны вымяраліся ў мільёнах), валавы ўнутраны прадукт зьменшыўся на 45%, з краіны эмігравала 10% насельніцтва — каля 3 млн чалавек. Сярэдняя вага вэнэсуэльца праз праблемы з харчаваньнем зьменшылася на 11 кг.
  • Вэнэсуэльцы рэгулярна выходзілі на акцыі пратэсту, у якіх бралі ўдзел дзясяткі тысячаў, а часам і сотні тысячаў чалавек. Праходзілі ня толькі палітычныя пратэсты, але і галодныя бунты. У сутыкненьнях гінулі людзі, самым крывавым стаў 2017 год, калі былі зафіксаваныя сьмерці 164 чалавек.
  • У 2016 годзе парлямэнт запусьціў працэдуру імпічмэнту Мадура, але імпічмэнт заблякаваў Вярхоўны суд, які пазьней фармальна пазбавіў улады Нацыянальную асамблею. У 2017 годзе Мадура склікаў Канстытуцыйную асамблею як замену парлямэнту, але яе не прызнала вэнэсуэльская апазыцыя і большасьць краінаў сьвету.
  • У 2018 годзе Мадура афіцыйна перамог на датэрміновых прэзыдэнцкіх выбарах, інаўгурацыя на другі 6-гадовы тэрмін прайшла 10 студзеня. Вынікі не прызнала апазыцыя, якая байкатавала выбары і абвясьціла «маральную перамогу». Таксама вынікі выбараў не прызналі ЗША, Канада, Аўстралія і шэраг краінаў Лацінскай Амэрыкі.

Падрабязьней >>>

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG