Яго абвінавачваюць у адмываньні грошай у інтарэсах рэжыму вэнэсуэльскага прэзыдэнта Нікаляса Мадуры, якога Вашынгтон ня лічыць легітымным кіраўніком дзяржавы. Сааб мае статус спэцыяльнага пасланьніка Мадуры.
Аб экстрадыцыі Сааба паведаміла ў суботу радыё Каба-Вэрдэ. Рашэньне аб тым, што ён можа быць выдадзены ЗША, прыняў у верасьні Канстытуцыйны суд краіны.
Бізнэсоўцу арыштавалі па выдадзеным ЗША міжнародным ордэры ў аэрапорце на востраве Сал у Каба-Вэрдэ ў чэрвені мінулага году, калі яго самалёт зрабіў пасадку для дазапраўкі на шляху з Вэнэсуэлы ў Іран. Улады Вэнэсуэлы заявілі пратэст, указаўшы на дыпляматычны статус Сааба, аднак суды ў Каба-Вэрдэ не прыслухаліся да іх аргумэнтаў.
Амэрыканскія ўлады гадамі дабівалася адказнасьці Сааба ў справе пра расьсьледаваньне продажу золата і нафты ў Вэнэсуэле ў парушэньне санкцыяў. Сааб і яго бізнэс-партнэр Альвара Пуліда таксама абвінавачваюцца ЗША ў кіраваньні сеткай, якая выкарыстоўвала харчовую дапамогу, прызначаную для Вэнэсуэлы.
18 кастрычніка Сааб павінен паўстаць перад судом у Фларыдзе.