Эўразьвяз не аслабіць ціск на ўлады Беларусі да таго часу, пакуль унутрыпалітычная сытуацыя ў краіне ня зьменіцца.
Пра гэта заявіла сёньня канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель выступаючы па відэасувязі на пасяджэньні франка-нямецкай парлямэнцкай асамблеі, якая ўключае ў сябе па 50 дэпутатаў Нацыянальнага сходу Францыі і нямецкага Бундэстагу.
Гэтую заяву Мэркэль прыводзіць агенцтва ТАСС.
«Мы ў Эўрапейскай радзе прынялі рашэньне аб шырокім санкцыйным пакеце адносна Беларусі. Мы ўвялі пэрсанальныя і эканамічныя санкцыі, у прыватнасьці ў дачыненьні авіякампаніяў, а таксама асноўных галінаў эканомікі», — нагадала кіраўніца нямецкага ўраду.
«Гэта значыць, мы ўвялі ў дзеяньне ўсёабдымны санкцыйны рэжым, ён толькі-толькі пачынае аказваць узьдзеяньне. І мы, зразумела, не аслабім ціску, пакуль сытуацыя ў Беларусі ня зьменіцца», — сказала Мэркель.
Падчас пасяджэньня франка-нямецкай парлямэнцкай асамблеі кіраўнік ураду Францыі Жан Кастэкс, паводле агенцтва Інтэрфакс, пацьвердзіў, што яго краіна ў выпадку неабходнасьці будзе гатовая ўзмацняць санкцыйны рэжым адносна ўладаў Беларусі.
«Калі ініцыятывы, пра якія вы гаворыце, стануць рэальнасьцю, то францускі ўрад будзе гатовы іх падтрымаць», - сказаў ён, адказваючы на пытаньне аб тым, ці гатовы Парыж у выпадку неабходнасьці падтрымаць дадатковыя абмежавальныя меры адносна Менску.
Санкцыі ЭЗ прадугледжваюць наступныя абмежавальныя захады:
- У экспарце і перадачы абсталяваньня, тэхналёгіяў або праграмнага забесьпячэньня, прызначанага для выкарыстаньня ў інтарэсах беларускіх уладаў у маніторынгу або перахопе інтэрнэту і тэлефоннай сувязі на мабільных або стацыянарных прыладах.
- У экспарце ў Беларусь тавараў двайнога прызначэньня для вайсковага выкарыстаньня.
- У экспарце ў Беларусь тавараў, якія выкарыстоўваюцца для тытунёвых вырабаў.
- У імпарце ў ЭЗ нафтапрадуктаў зь Беларусі.
- У імпарце ў ЭЗ калійных угнаеньняў зь Беларусі,
- У доступе на фінансавыя рынкі ЭЗ ўраду Беларусі, а таксама беларускім дзяржаўным фінансавым інстытутам і субʼектам.
- Эўрапейскаму інвэстыцыйнаму банку забаронена фінансаваць праекты ў дзяржаўным сэктары Беларусі.