«Мы будзем абараняць свае інтарэсы ў цывілізаваным парадку, і мяркую, зможам дамагчыся кампэнсацыі за ўсю нанесеную нам шкоду», — сказаў кіраўнік ураду.
Галоўчанка сьцьвярджае, што авіяцыйныя ўлады Беларусі «з самага пачатку зьвярнуліся да ўсіх датычных бакоў з просьбай падаць дадзеныя абʼектыўнага кантролю з іх боку», аднак «да гэтага часу ніводнага такога дакумэнту ў наш адрас не паступіла, у той час, калі ўсе дадзеныя абʼектыўнага кантролю з беларускага боку былі неадкладна накіраваны па ўсталяваных каналах у Міжнародную арганізацыю грамадзянскай авіяцыі і ў шэраг эўрапейскіх структур, якія займаюцца авіяцыйнай бясьпекай».
Таксама Галоўчанка заявіў, што аб’ём шкоды, нанесенай санкцыямі беларускай эканоміцы, у тэорыі складзе 2,9% ВУП.
«У Беларусі працуе вялікая колькасьць замежных кампаній. Я б хацеў, каб палітыкі падумалі пра лёсы сваіх бізнэсаў. Мы ведаем, чым замяніць, мы ведаем пастаўшчыкоў, мы ведаем, як пераарыентавацца. Мы гатовыя пераключыцца на азіяцкія тэхналёгіі. Адзін Кітай можа замяніць 90% усіх эўрапейскіх і амэрыканскіх тэхналёгій. Плюс да гэтага расейскія тэхналёгіі», — мяркуе прэмʼер-міністар.
У адказ на ўвядзеньне Захадам новых эканамічных санкцый Беларусь мае намер увесьці контрмеры, якія закрануць буйныя кампаніі з эўрапейскім капіталам, у тым ліку ўкраінскім, што працуюць у краіне, а таксама абмяжуе выкарыстаньне заходніх тэхналёгій, заявіў кіраўнік ураду Беларусі.
На яго думку, Беларусь «перакрые шкоду» ад санкцый за кошт супрацоўніцтва з Расеяй, краінамі Ўсходу і Сярэдняй Азіі, і «гэта тычыцца не толькі інвэстыцыйнага імпарту ў Беларусь, гэта тычыцца і тавараў народнага спажываньня, так што ўвесь гэты арсэнал у нас ёсьць».
4 чэрвеня Рада ЭЗ прыняла рашэньне аб забароне пралёту над сваёй тэрыторыяй і доступу ў аэрапорты ўсім беларускім авіяперавозчыкам.