Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Літве падалі пазоў супраць Лукашэнкі за «захоп лайнэра з тэрарыстычным намерам»


Аляксандар Лукашэнка выступае перад дэпутатамі ў Беларусі 26 траўня 2021
Аляксандар Лукашэнка выступае перад дэпутатамі ў Беларусі 26 траўня 2021

Міжнародная няўрадавая арганізацыя «Рэпартэры бязь межаў» (RSF) падала заяву ў Генэральную пракуратуру Літвы.

Арганізацыя просіць распачаць крымінальнае расьсьледаваньне ў дачыненьні да Аляксандра Лукашэнкі і любых іншых асобаў, якіх зможа выявіць сьледзтва, у сувязі з «захопам лайнэра з тэрарыстычнымі намерамі», паведамляе партал Delfi.

Гэта адбылося пасьля захопу самалёта авіякампаніі Ryanair, на борце якога знаходзіўся 171 пасажыр, у тым ліку беларускі журналіст Раман Пратасевіч.

«Рэпартэры бязь межаў» накіравалі ў літоўскую пракуратуру афіцыйны ліст, грунтуючыся на артыкулах 251 і 252-1 Крымінальнага кодэксу Літвы. На думку RSF, 23 траўня 2021 году прымусовая пасадка самалёта авіякампаніі RyanAir, які выконваў рэйс RF4978 Атэны — Вільня, зьдзейсьненая праз прамое і відавочнае падбухторваньне Аляксандра Лукашэнкі.

Згодна з артыкулам 251 Крымінальнага кодэксу Літвы, пагроза ўжываньня вайсковай авіяцыі супраць цывільнага паветранага судна, каб прымусіць яго зьмяніць курс па надуманых падставах пагрозы выбуху — гэта «згон паветранага судна з ужываньнем агнястрэльнай зброі, выбуховых ці іншых сродкаў, якія ствараюць пагрозу жыцьцю або здароўю членаў экіпажу або пасажыраў паветранага судна». У пазове адзначаецца, што адпраўка зьнішчальніка Міг-29 ВПС Беларусі на перахоп самалёта RyanAir несла пагрозу «жыцьцю або здароўю экіпажу або пасажыраў». У заяве таксама пералічаныя шматлікія падставы для таго, каб лічыць, што пагроза выбуху, якой беларускія ўлады абгрунтавалі захоп самалёта, была лжывай і затым была выкарыстаная як падстава, каб прымусіць самалёт да пасадкі дзеля арышту журналіста Рамана Пратасевіча.

Згодна з артыкулам № 7 Крымінальнага кодэксу Літвы, «асобы прыцягваюцца да адказнасьці ў адпаведнасьці з гэтым Кодэксам, незалежна ад іх грамадзянства і месца жыхарства, а таксама незалежна ад месца зьдзяйсьненьня злачынства і ад таго, ці караецца дзеяньне па законах месца зьдзяйсьненьня злачынства, калі яны ажыцьцяўляюць (...) тэрарыстычныя акты і злачынствы, зьвязаныя з тэрарыстычнай дзейнасьцю».

Заява пададзена супраць Аляксандра Лукашэнкі, а таксама супраць іншай асобы, якую сьледзтва зможа палічыць вінаватым. RSF падкрэсьліваюць, што пракурор павінен вызначыць, ці можа Лукашэнка прэтэндаваць на імунітэт як дзейны кіраўнік дзяржавы, бо ягоныя дзеяньні выходзяць за рамкі звычайнага выкананьня яго паўнамоцтваў.

  • 23 траўня Генпракуратура Літвы пачала дасудовае расьсьледаваньне захопу самалёта і забароненага абыходжаньня зь людзьмі.
  • Бюро крымінальнай паліцыі Літвы праводзіць расьсьледаваньне «паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу аб прымусовым зьнікненьні і захопе самалёта».

Інцыдэнт з самалётам Ryanair, затрыманьне блогера Пратасевіча і рэакцыя ў сьвеце. Сьцісла

  • 23 траўня прыкладна пасьля 14:00 беларускага часу ў прэс-службе Менскага аэрапорту заявілі пра тэрміновую пасадку самалёта Ryanair, які рухаўся маршрутам Атэны — Вільня.
  • Паводле FlightRadar, самалёт праляцеў амаль над усёй тэрыторыяй заходняй часткі Беларусі і недалёка ад мяжы зь Літвой павярнуў у бок Менску.
  • Згодна з інфармацыяй прэс-службы аэрапорту, пілёты паведамілі пра мінаваньне. Самалёт пасьпяхова прызямліўся. Сьледчы камітэт Беларусі пачаў крымінальную справу за заведама ілжывае паведамленьне пра небясьпеку.
  • Апэратар міжнародных аэрапортаў Літвы паведаміў, што самалёт зьдзейсьніў тэрміновую пасадку з прычыны канфлікту паміж пасажырам і адным з чальцоў экіпажу.
  • Пазьней Ryanair заявіла, што атрымала наказ пасадзіць лайнэр у Менску ад беларускіх дыспэтчараў. У прэс-службе Нацыянальнага аэрапорту Менск пацьвердзілі, што пра пагрозу на борце экіпажу Ryanair паведаміла «Белаэранавігацыя».
  • На распараджэньне Аляксандра Лукашэнкі дзеля суправаджэньня самалёта ў неба паднялі вайсковы зьнішчальнік МіГ-29. Пазьней галоўная дарадца прэзыдэнта Літвы ў замежнай палітыцы паведаміла, што беларускія ўлады таксама паднялі гелікоптэр Мі-24.
  • У Менскім аэрапорце паведамілі, што на борце знаходзіліся 123 пасажыры. Пазьней стала вядома, што было яшчэ некалькі пасажыраў, якія пасьля экстранай пасадкі засталіся ў Беларусі і не паляцелі далей у Вільню.
  • Сярод пасажыраў самалёта быў блогер, аўтар тэлеграм-каналу «Беларусь головного мозга» і былы галоўны рэдактар каналаў Nexta Раман Пратасевіч, якога ўлады Беларусі ўнесьлі ў «сьпіс тэрарыстаў» за «арганізацыю масавых беспарадкаў».
  • Пратасевіча, які пісаў пра меркаванае сачэньне за ім у аэрапорце Атэнаў, затрымалі ў Менску.
  • У МЗС Літвы выклікалі часовага паверанага ў справах Беларусі ў Літве. Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што самалёт прымусілі да пасадкі ў Менску.
  • Дзеяньні ўладаў Беларусі асудзілі многія эўрапейскія лідэры, прыгразілі сур’ёзнымі наступствамі.
  • Пасьля больш як 7 гадзінаў чаканьня каля 20:17 самалёт вылецеў зь Менску ў Вільню і каля 21:30 прызямліўся ў Вільні.
  • Разам з Пратасевічам у Менску затрымалі ягоную дзяўчыну, грамадзянку Расеі.
  • 24 траўня саміт Эўразьвязу запатрабаваў новых эканамічных санкцый супраць уладаў Беларусі і забароны палётаў
  • Увечары 24 траўня дзяржаўныя тэлеканалы Беларусі паказалі Рамана Пратасевіча, які кажа пра сваю віну ў арганізацыі масавых акцый у Менску. Сваякі і сябры журналіста адразу зьвярнулі ўвагу на сінякі на яго твары і неўласьцівую інтанацыю, што можа сьведчыць пра магчымыя доўгія катаваньні.
  • Шэраг дзяржаў і авіякампаній забаранілі палёты ў Беларусь і ў беларускай паветранай прасторы пасьля захопу Рамана Пратасевіча. Яны заяўляюць, што падобныя захады прымаюцца дзеля бясьпекі ўласных грамадзян.
  • 28 траўня Пратасевіча зьмясьцілі ў СІЗА КДБ. Таксама там знаходзіцца і дзяўчына журналіста Соф’я Сапега, якую абвінавачваюць у «распальваньні варожасьці». Адвакат толькі на пяты дзень здолела трапіць да Рамана. Зь яе ўзялі падпіску аб неразгалошваньні дэталяў.
  • Таксама 28 траўня генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг заявіў пра магчымую датычнасьць Масквы да згону самалёту. 31 траўня Паўночнаатлянтычны альянс абмежаваў доступ у сваю штаб-кватэру ў Брусэлі 5 акрэдытаваным беларускім дыпляматам.
  • Міжнародная арганізацыя цывільнай авіяцыі (ICAO) заявіла пра пачатак уласнага расьсьледаваньня інцыдэнту.
  • 29 траўня ЗША прыпынілі пагадненьне пра авіязносіны зь Беларусьсю і заявілі пра падрыхтоўку новых санкцый супраць Лукашэнкі і ягонага атачэньня.
  • Паштовы сэрвіс Proton зьняпраўдзіў вэрсію, высунутую афіцыйным Менскам аб лістах з інфармацыяй пра ілжывае мініраваньне, якія нібыта даслалі са швэйцарскіх сэрвэраў у некалькі аэрапортаў. Ліст быў толькі адзін. Раней сваю датычнасьць да пагроз выбуху абверг палестынскі блёк ХАМАС, а СМІ высьветлілі, што ліст з пагрозамі прыйшоў толькі праз 24 хвіліны пасьля папярэджаньня дыспэтчара.
  • Пасьля шэрагу забарон колькасьць палётаў «Белавія» за тыдзень упала адразу на 80,5%. Дзяржаўная кампанія-манапаліст на рынку авіяперавозак імкнецца заняць рэзкі недахоп новымі рэйсамі ў Расею.
  • 4 чэрвеня Эўрапейскі зьвяз забараніў палёты ў паветранай прасторы ЭЗ а таксама доступ да аэрапортаў ЭЗ усім беларускіх авіякампаніям.
  • У пачатку чэрвеня дзяржаўны тэлеканал АНТ паказаў Рамана Пратасевіча ў праграме начальніка каналу Марата Маркава, якая называецца «Марков. Ничего личного». Радыё Свабода не публікуе фрагмэнты з гэтага інтэрвію, бо невядома, пры якіх абставінах запісвалася гутарка і ці мог Пратасевіч адмовіцца адказваць на пытаньні, якія яму задалі. Экспэрты гавораць пра высокі ўзровень стрэсу блогера, страху і магчымым ціску, а паплечнікі і родныя лічаць, што «інтэрвію» запісана пад катаваньнямі або пагрозай катаваньняў.
  • 8 чэрвеня, праз 11 дзён адсутнасьці, да Пратасевіча пусьцілі адваката Інэсу Аленскую. Над ім праводзілі сьледчыя дзеяньні, падчас якіх 7 гадзін не адпускалі нават у прыбіральню. Раман за кратамі перахварэў на танзыліт.
  • 14 чэрвеня Пратасевіча прывялі на сустрэчу МЗС Беларусі з журналістамі. Многія журналісты заявілі, што ня вераць таму, што Пратасевіч прамаўляе свае словы добраахвотна. Журналіст BBC Джон Фішэр пакінуў залю, напісаўшы, што затрыманы відавочна будзе гаварыць пад прымусам, а журналістка БелаПАН Тацяна Каравянкова заявіла, што ня верыць нічому з сказанага, і выказала спачуваньне вязьню.
  • 15 чэрвеня дырэктар Ryanair расказаў, як улады Беларусі ціснулі на капітана самалёта і экіпаж.
  • 16 чэрвеня расейскія СМІ паведамілі аб тым, што «Генэральная пракуратура ЛНР» падзякавала Лукашэнку за магчымасьць правядзеньня сьледчых дзеяньняў з Раманам Пратасевічам". Украіна ў адказ на гэта заявіла, што гэта інтрыгі Крамля, паколькі «фактычны кантроль на часова акупаваных тэрыторыях ажыцьцяўляе акупацыйная адміністрацыя РФ». Міністэрства замежных справаў Украіны запатрабавала ад уладаў Беларусі пракамэнтаваць інфармацыю пра візыт у Менск так званай «пракуратуры» самаабвешчанай рэспублікі.
  • 25 чэрвеня Рамана Пратасевіча і Софʼю Сапегу перавялі пад хатні арышт.
  • 17 студзеня 2022 году ІCАО накіравала ўладам усіх краін-удзельніц арганізацыі справаздачу пра інцыдэнт пасьля некалькіх пераносаў тэрміну.
  • Тэкст справаздачы зьмясьціўся на 30 старонках. Сярод іншага, яна ўключае расшыфроўкі перамоваў экіпажу самалёта з дыспэтчарамі і схему палёту самалёта над Беларусьсю з аналізам адлегласьці паміж пасажырскім лайнэрам і зьнішчальнікам ВПС Беларусі.
  • «Улады Беларусі не прадставілі неабходнай інфармацыі», — гаворыцца ў справаздачы расьсьледаваньня ІCАО пра пасадку Ryanair у Менску.
  • 20 студзеня ў ЗША выставілі завочныя абвінавачаньні кіраўніку «Белаэранавігацыі» Леаніду Чуро, ягонаму намесьніку Алегу Казючыцу і двум супрацоўнікам КДБ у змове з мэтай зьдзяйсьненьня авіяцыйнага пірацтва. Абвінаваўчае заключэньне пададзена ў Фэдэральны акруговы суд Паўднёвай акругі Нью-Ёрку. Паводле яго, пагражае ад 20 гадоў пазбаўленьня волі да пажыцьцёвага зьняволеньня.
  • Мін'юст ЗША прыйшоў да высновы, што беларускія чыноўнікі выкарысталі фальшывае паведамленьне пра бомбу на борце для таго, каб змусіць прызямліцца ў Менску самалёт, на якім сярод іншых пасажыраў знаходзіліся чацьвёра грамадзянаў ЗША. Паводле абвінаваўцаў, гэта было неабходна для арышту апазыцыйнага блогера Рамана Пратасевіча.
  • Прадстаўнік «Белаэранавігацыі» Алег Казючыц заявіў у адказ, што выстаўленьне амэрыканскімі пракурорамі абвінавачаньня ў паветраным пірацтве супраць кіраўнікоў іх прадпрыемства можа быць інструмэнтам ціску або правакацыяй перад пасяджэньнем ICAO, на якім будзе разглядацца даклад аб інцыдэнце з рэйсам Ryanair Афіны — Вільня.
  • 20 ліпеня ICAO апублікавала афіцыйную справаздачу пра здарэньне, у якім заявіла, што беларуская вэрсія падзей не атрымала ніякага пацьверджаньня, відэа- і аўдыязапісы карэктаваліся і выдаляліся, а расшыфроўка размоў паказала, што дыспэтчару каманды да экіпажу самалёта дыктавалі спэцслужбы. Мінаваньне самалёта было ілжывым.
  • У канцы кастрычніка 2022 з расшыфроўкі новых паказаньняў менскага авіядыспэтчара Алега Галегава стала вядома, што пры перамовах з экіпажам самалёта ў памяшканьні знаходзіўся ня толькі супрацоўнік КДБ, але і гендырэктар «Белаэранавігацыі» Леанід Чуро, супраць якога ў ЗША яшчэ раней выставілі абвінавачаньне. Яны падышлі да дзяжурнага, які потым паведаміў дыспэтчару і яшчэ аднаму калегу аб пасажырскім самалёце Ryanair, які зьбіраўся ўвайсьці ў паветраную прастору Беларусі з боку Ўкраіны. Дзяжурны згадаў пра нібыта пагрозу выбуху супраць рэйсу і пра тое, што самалёт трэба накіраваць, але адгаварыў дыспэтчара інфармаваць Львоўскі дыспэтчарскі цэнтар у суседняй Украіне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG