Паводле спадарыні Натальлі, яна верыць, што гэта можа быць праўдай, бо ў сына сур’ёзныя праблемы з сэрцам:
«У Рамана ёсьць праблемы з сэрцам, яго праз гэта ў войска не ўзялі. Аднойчы ў яго здарыўся перадынфарктны стан. Мы ўсе сардэчнікі па матчынай лініі. Я, дачка, бабулі, дзядулі. Калі яму нешта там зрабілі, то гэта магло справакаваць прыступ».
Спадарыня Натальля кажа, што ня ведае, у якім шпіталі можа быць Раман, бо мэдыкі цяпер вельмі запужаныя.
МУС абвяргае
Паводле МУС, гэтыя зьвесткі не адпавядаюць рэчаіснасьці. У тэлеграм-канале прэс-сакратара МУС паведамляецца:
«Цяпер арыштаваны пад вартай утрымліваецца ва ўстанове „Сьледчы ізалятар № 1“ упраўленьня Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС па г. Менску і Менскай вобласьці.
Скаргаў на стан здароўя ў адміністрацыю ўстановы ад яго не паступала».
Пазьней праўладныя каналы апублікавалі відэа з Раманам Патасевічам, у якім той кажа, што знаходзіцца ў СІЗА № 1, ня мае праблемаў са здароўем і дае прызнальныя паказаньні. На відэа Пратасевіч выглядае загрыміраваным.