Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У крымінальнай справе аб «парушэньні грамадзкага парадку» апытваюць 450 чалавек,— сьведка


Журналістка тэлеканалу «Белсат» Кацярына Андрэева расказала на Facebook пра тое, як прайшоў яе допыт 20 ліпеня.

Як сказаў сьледчы, піша яна, у справе паводле арт. 342 КК («арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак») апытваюць звыш 450 чалавек.

У час допыту яе пыталіся, ці не дапамагала яна адбіваць затрыманых у міліцыі, ці выкрыквала лёзунгі. Таксама прасілі апісаць тэхніку, празь якую яна вяла жывы эфір, назваць імя ейнага рэдактара. Яна сьцьвярджае, што пратакол ейнага допыту «гучыць прыблізна як „не видел, не состоял, не привлекался“». Даць тэлефон на агляд яна адмовілася, падпіску аб невыдаваньні зь яе ня бралі, ціску не чынілі.

Сьледчы камітэт Беларусі раней паведамляў, што выявіў «неаднаразовыя факты ўжываньня гвалту да супрацоўнікаў АМАП», гэтым супрацоўнікам нібыта нанесьлі «траўмы рознай ступені цяжкасьці», некаторыя працягваюць знаходзіцца на лячэньні. ​

У дадатак да ранейшай справы паводле арт. 342 КК завялі таксама справы за «супраціўленьне супрацоўніку органаў унутраных справаў» і «гвалт да супрацоўніка органаў унутраных справаў» (артыкулы 363 і 364 КК). Паводле апошніх затрымалі чатырох мужчын, «выявілі іх датычнасьць» да справы паводле артыкулу 342 і прызналі падазраванымі. Паводле «Вясны», імя аднаго з затрыманых 14 ліпеня — Антон Шумаў.

Вечарам 14 ліпеня ў Менску і іншых гарадах Беларусі (у тым ліку ў Гомлі, Берасьці, Горадні, Бабруйску, Салігорску, Стоўпцах, Пружане) людзі выйшлі на вуліцы пасьля адмовы ў рэгістрацыі кандыдатамі ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі і Валера Цапкалы. Праваабаронцы налічылі звыш 300 затрыманых (у тым ліку 14 журналістаў) падчас пратэстаў 14 ліпеня ў розных гарадах Беларусі. На сама меней 115 менчукоў склалі пратаколы.

Начальнік ГУУС Менгарвыканкаму Іван Кубракоў заявіў, што гэта грамадзяне «спрабавалі справакаваць бойку з супрацоўнікамі органаў унутраных спраў». Паводле яго, супрацоўнікі органаў унутраных спраў «праводзілі тлумачальную працу», калі ў цэнтры Менску «сабраліся каля 2000 грамадзян».

Затрыманьні адбываліся і 15 ліпеня, калі пад Цэнтральнай выбарчай камісіяй сабралася чарга ахвочых падаць скаргі.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG