МУС: Пасьля разгону акцый у Менску шпіталізавалі 4 амапаўцаў

Амапаўцы і "ціхары"
Амапаўцы і "ціхары"

У Менску падчас «стрымліваньня несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў» пацярпелі супрацоўнікі АМАП, паведамляе тэлеграм-канал МУС Беларусі.

«4 ліпеня некалькі ўдзельнікаў несанкцыянаваных мерапрыемстваў спрабавалі справакаваць беспарадкі і сутыкненьні з праваахоўнікамі, — гаворыцца ў паведамленьні. — Яркае сьведчанне таму — кадры, на якіх добра відаць, як зь дзясятак „неистовствующих молодчиков“ кідаюцца на аднаго амапаўца».

У выніку бойкі, сьцьвярджаюць у сілавым ведамстве, шэсьць міліцыянтаў АМАП ГУУС Менгарвыканкама атрымалі траўмы, зь іх чатырох шпіталізавалі.

Інфармацыя пра стан здароўя пацярпелых, а таксама відэаматэрыялы зь месцаў здарэньняў накіроўваюцца ў Сьледчы камітэт для дачы прававой ацэнкі.

Паводле факту ўдзелу ў «групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак і зьвязаныя зь яўным непадпарадкаваньнем законным патрабаваньням супрацоўнікаў органаў унутраных спраў», завялі крымінальную справу.

14 ліпеня падчас спантанных акцый супраць адмовы зарэгістраваць кандыдатамі ў прэзыдэнты Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу па ўсёй Беларусі затрымалі звыш 300 чалавек.

​
XS
SM
MD
LG