Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За акцыю 14 ліпеня ў Менску завялі крымінальную справу


Сьледчы камітэт Беларусі паведаміў раніцай 15 ліпеня аб пачатку крымінальнай справы паводле арт. 342 КК — «арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх».

Сьледчыя ля плошчы Перамогі ў Менску, 15 ліпеня
Сьледчыя ля плошчы Перамогі ў Менску, 15 ліпеня

Паводле гэтага артыкулу раней распачалі «справу Ціханоўскага», фігуранты якой прызнаныя палітычнымі зьняволенымі. Супраць каго новая справа, не паведамляюць.

Артыкул 342 КК прадугледжвае пакараньне штрафам, арыштам, абмежаваньнем або пазбаўленьнем волі на тэрмін да трох гадоў. Частка 2 артыкулу прадугледжвае асобнае пакараньне за рыхтаваньне асобаў да ўдзелу ў парушэньні парадку, фінансаваньне ды іншае матэрыяльнае забесьпячэньне гэтых дзеяньняў — арышт або пазбаўленьне волі да двух гадоў.

Сьледчы камітэт сьцьвярджае, што цяпер праводзіць «неадкладныя дзеяньні» разам з супрацоўнікамі органаў унутраных справаў і Дзяржаўным камітэтам службовых экспэртызаў. Асобы, «датычныя да проціпраўнай дзейнасьці», затрыманыя.

«Усе відэаматэрыялы, разьмешчаныя ў інтэрнэце, далучаныя да матэрыялаў крымінальнай справы і ў цяперашні момант вывучаюцца сьледчымі», — дадае СК.

Пра якія незаконныя дзеяньні ідзецца, СК не ўдакладняе. Але, верагодна, маюцца на ўвазе падзеі вечара 14 ліпеня, калі ў Менску і мностве іншых гарадоў Беларусі (у тым ліку ў Гомлі, Берасьці, Горадні, Бабруйску, Салігорску, Стоўбцах, Пружанах) людзі выйшлі на вуліцы пасьля адмовы ў рэгістрацыі кандыдатамі ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі і Валера Цапкалы. Праваабаронцы налічылі звыш 250 затрыманых (у тым ліку 14 журналістаў) падчас пратэстаў 14 ліпеня ў розных гарадах Беларусі.

Ніхто з патэнцыйных кандыдатаў (або іншых палітыкаў) не заклікаў да акцыі пратэсту публічна. Людзі выходзілі без плякатаў і транспарантаў, зьбіраліся ў розных месцах гарадоў, выгукалі лёзунгі і пляскалі ў далоні.

Адбыліся масавыя затрыманьні, некаторых затрыманых зьбівалі супрацоўнікі АМАП і «людзі ў цывільным». Асобныя людзі спрабавалі адбіць затрыманых. Сьведкі паведамлялі пра сутычкі дэманстрантаў з АМАПам у раёне плошчы Перамогі, дзе затрыманьнямі кіраваў камандзір сталічнага АМАПу Дзьмітры Балаба. Паведамлялі пра надзвычай жорсткае затрыманьне і абыходжаньне з затрыманымі ў аўтазаках.

Паводле МУС, вечарам 14 ліпеня шэсьць супрацоўнікаў АМАП атрымалі траўмы, зь іх чатырох шпіталізавалі.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі (на 13 лепеня) праваабаронцы налічылі больш за 700 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. 129 чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі, 252 чалавекі аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG