Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На 115 менчукоў склалі пратаколы за акцыі пратэсту 14 ліпеня


Вечарам 14 ліпеня ў Менску і іншых гарадах Беларусі (у тым ліку ў Гомлі, Берасьці, Горадні, Бабруйску, Салігорску, Стоўпцах, Пружане) людзі выйшлі на вуліцы пасьля адмовы ў рэгістрацыі кандыдатамі ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі і Валера Цапкалы. Праваабаронцы налічылі звыш 300 затрыманых (у тым ліку 14 журналістаў) падчас пратэстаў 14 ліпеня ў розных гарадах Беларусі.

Людзі выходзілі без плякатаў і транспарантаў, зьбіраліся ў розных месцах гарадоў, выгукалі лёзунгі і пляскалі ў далоні, групамі езьдзілі на роварах. Адбыліся масавыя затрыманьні, некаторых зьбівалі супрацоўнікі АМАП і «людзі ў цывільным». Асобныя пратэстоўцы спрабавалі адбіць затрыманых. Сьведкі паведамлялі пра сутычкі дэманстрантаў з АМАПам у раёне плошчы Перамогі ў Менску, дзе затрыманьнямі кіраваў камандзір АМАПу Дзьмітры Балаба. Паведамлялі пра надзвычайную жорсткасьць затрыманьняў і абыходжаньня з затрыманымі ў аўтазаках.

Начальнік ГУУС Менгарвыканкаму Іван Кубракоў паведаміў БелТА, што адміністрацыйныя пратаколы за падзеі 14 ліпеня складзеныя на 115 чалавек.

«Многія грамадзяне спрабавалі справакаваць бойку з супрацоўнікамі органаў унутраных спраў», — заявіў Кубракоў.

Паводле яго, супрацоўнікі органаў унутраных спраў «праводзілі тлумачальную працу», калі ў цэнтры Менску «сабралася каля 2000 грамадзянаў».

Паводле МУС, вечарам 14 ліпеня шэсьць супрацоўнікаў АМАП атрымалі траўмы, зь іх чатырох шпіталізавалі. Сьледчы камітэт Беларусі паведаміў раніцай 15 ліпеня аб завядзеньні крымінальнай справы паводле арт. 342 КК — «арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх». У цэнтры Менску ідуць «сьледчыя дзеяньні».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG