Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ля ЦВК сабралася чарга падаваць скаргі на нерэгістрацыю Бабарыкі і Цапкалы, пад'ехаў АМАП. ФОТА

абноўлена

15 ліпеня ля Дома ўраду ў Менску выстраілася чарга з ахвотных падаць скаргу ў Цэнтравыбаркам на яго ўчорашняе рашэньне аб адмове зарэгістраваць Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу кандыдатамі ў прэзыдэнты.

15.40 На праспэкт людзей не пусьцілі. Міліцыя стаіць у ланцугу. Да гатэлю «Менск» пад'ехаў АМАП, побач з гатэлем зьявіліся шэрыя аўтазакі. Перастройваюць чаргу на Берсана-Мясьнікова.

15:30 Чарга дасягнула вуліцы Берсана, пасьля перастроілася ў бок праспэкту. Паводле падлікаў карэспандэнта Свабоды, у ёй цяпер каля 280 чалавек. Канец чаргі цяпер знаходзіцца каля ўваходу ў гатэль «Менск».

15.10 За натоўпам назіраюць два міліцыянты ў форме і некалькі супрацоўнікаў у цывільным. Тым часам чарга ўжо павярнула ў бок вуліцы Берсана і турмы на Валадарскага.

15.00 Чарга дацягнулася да гатэлю «Менск», цяпер у ёй каля 210 чалавек.

14.30 Паступова чарга ахвотных падаць скаргу ў ЦВК расьцягнулася да Чырвонага касьцёлу. А 14:30 у чарзе было агулам каля 140 чалавек.

Напярэдадні штаб экс-старшыні «Белгазпрамбанку» Віктара Бабарыкі падрыхтаваў скаргу на парушэньне заканадаўства Рэспублікі Беларусь аб выбарах, апублікаваў яе на сваім сайце і заклікаў беларусаў таксама раздрукаваць гэтую скаргу, падпісаць і падаць у ЦВК — асабіста або праз пошту.

У скарзе патрабуюць:

  • адмяніць рашэньне ЦВК і зарэгістраваць Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу кандыдатамі ў прэзыдэнты Беларусі,
  • зьмяніць меру стрыманьня Віктару і Эдуарду Бабарыкам, Сяргею Ціханоўскаму і іншым палітвязьням.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG