Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вяртаўся дадому пасьля сумоўя. 21-гадовага фігуранта справы за «гвалт супраць міліцыі» затрымалі ў дзень народзінаў


Уладзіслаў Усьцін. Фота прадастаўлена яго маці Натальляй

Мянчук Уладзіслаў Усьцін быў затрыманы 16 ліпеня, у свой 21-ы дзень народзінаў, у сувязі з крымінальнай справай, распачатай паводле артыкулу 364 Крымінальнага кодэксу Беларусі пасьля падзей 14 ліпеня, піша «Вясна».

Як распавяла праваабарончаму цэнтру «Вясна» маці Уладзіслава Натальля, першы раз яе сына затрымалі 14 ліпеня каля плошчы Перамогі з боку музэя «Дом РСДРП». У той вечар малады чалавек вяртаўся дадому пасьля сумоўя па працаўладкаваньні. Яму давялося ісьці пешшу, бо станцыю мэтро Кастрычніцкую нечакана закрылі. «Яго скруцілі, кінулі ў аўтазак, дзе яго зьбівалі», — паведаміла Натальля.

У 5.15 раніцы 15 ліпеня яго вызвалілі з аднаго зь менскіх РУУС без складаньня пратаколу. Аднак на наступны дзень, 16 ліпеня, Уладзіслава затрымалі на працы. Прыйшлі людзі ў цывільным і прадставіліся яго сябрамі. Пра затрыманьне Уладзіслава больш падрабязна — у аўдыё:

«Калі б калегі сына не патэлефанавалі мне, я б ня ведала [пра яго затрыманьне — рэд.] — я так і чакала б яго дома з працы, таму што ў яго быў Дзень народзінаў. Я зьбіралася гатаваць торт», — распавяла Натальля.

Вечарам 14 ліпеня ў Менску і іншых гарадах Беларусі (у тым ліку ў Гомлі, Берасьці, Горадні, Бабруйску, Салігорску, Стоўпцах, Пружане) людзі выйшлі на вуліцы пасьля адмовы ў рэгістрацыі кандыдатамі ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі і Валера Цапкалы. Праваабаронцы налічылі звыш 300 затрыманых (у тым ліку 14 журналістаў) падчас пратэстаў 14 ліпеня ў розных гарадах Беларусі. На сама меней 115 менчукоў склалі пратаколы.

Начальнік ГУУС Менгарвыканкаму Іван Кубракоў заявіў, што гэта грамадзяне «спрабавалі справакаваць бойку з супрацоўнікамі органаў унутраных спраў». 16 ліпеня Сьледчы камітэт Беларусі паведаміў пра разьвіцьцё крымінальнай справы аб «арганізацыі групавых дзеяньняў, якія груба парушалі грамадзкі парадак» у Менску 14 ліпеня.

Як паведамляе СК, падчас вывучэньня відэаматэрыялаў былі выяўленыя «неаднаразовыя факты ўжываньня гвалту да супрацоўнікаў АМАП», гэтым супрацоўнікам нібыта нанесьлі «траўмы рознай ступені цяжкасьці», некаторыя працягваюць знаходзіцца на лячэньні. ​

У дадатак да ранейшай справы паводле арт. 342 КК завялі таксама справы за «супраціўленьне супрацоўніку органаў унутраных справаў» і «гвалт да супрацоўніка органаў унутраных справаў» (артыкулы 363 і 364 КК).

Вядома, што ўжо затрымалі чатырох мужчын, «выявілі іх датычнасьць» да справы паводле артыкулу 342 і прызналі падазраванымі. Паводле «Вясны», імя аднаго з затрыманых 14 ліпеня — Антон Шумаў. Яго падазраюць паводле ч.1 арт. 342, 15 ліпеня ў яго дома правялі ператрус, адваката да яго не пускаюць, у ІЧУ і ЦІП адмаўляюць, што такі чалавек у іх знаходзіцца.

Сьледчыя дзеяньні працягваюцца, вызначаюць іншых датычных да «гвалту супраць міліцыянтаў», праводзяць экспэртныя дасьледаваньні.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG