Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цапкала абяцаў падтрымку Ціханоўскай: «Моц жанчыны ў яе слабасьці»


Валер Цапкала, архіўнае фота

Валер Цапкала, якому 14 ліпеня адмовілі ў рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты Беларусі, даў на наступны дзень​ дыстанцыйную прэс-канфэрэнцыю.

У Лукашэнкі «сьмеласьці не хапіла змагацца ні зь Ціханоўскім, ні з Бабарыкам, ні з Цапкалам»

Валер Цапкала перакананы, што сабраў больш подпісаў, чым іншыя альтэрнатыўныя кандыдаты. На яго думку, раней праблемы ў альтэрнатыўных кандыдатаў на выбарах у Беларусі не пачыналіся на такім раньнім этапе — усіх, хто сабраў дастаткова подпісаў, рэгістравалі.

Цяпер жа «ўсё адбылося хутчэй, прэвэнтыўней»: Сяргею Ціханоўскаму «падкінулі нейкую прастытутку, якая нібы да яго прыставала, і ён яе штурхнуў», пасьля ў Віктара Бабарыкі «знайшлі ў банку грошы — нібы там павінны былі цукровыя буракі знайсьці».

«Я падкрэсьліваю, што мы ўсе разам сабралі звыш 700 тысяч подпісаў, Бабарыка і Цапкала, — заявіў ён. — І, такім чынам, улада скрала гэтыя подпісы ў вас. Яна паказвае, што недзе нешта нібыта Віктар Бабарыка скраў у „Газпрому“, яны вельмі моцна заклапаціліся пра „Газпром“. Але яны чамусьці не заклапаціліся тым, што самае галоўнае — волевыяўленьне беларускіх грамадзян, іх жаданьне бачыць нас кандыдатамі ў прэзыдэнты было скрадзенае, і ніхто пры гэтым не нясе ніякай адказнасьці».

Падставы да зьняцьця Бабарыкі і сябе самога Цапкала лічыць надуманымі. Наконт Бабарыкі адзначае, што адносна яго ідзе сьледзтва, але віна не даказаная, а наконт подпісаў за сваё вылучэньне — што экспэртыза подпісаў не праводзілася.

Цапкала далучыўся да прапановы ініцыятыўнай групы Бабарыкі — заклікаў пісаць скаргі ў ЦВК.

На думку Цапкалы, улада не спужалася толькі аднаго чалавека: Сяргея Ціханоўскага «замянілі» ягонай жонкай, бо Лукашэнка «гатовы ісьці з адкрытым забралам» на «жанчыну, маці двух дзяцей, хатнюю гаспадыню, якая ў прынцыпе ніколі не зьбіралася ісьці ў палітыку».

«Сьмеласьці не хапіла змагацца ні зь Ціханоўскім, ні з Бабарыкам, ні з Цапкалам», — сказаў ён пра Лукашэнку.

«Улада спрабуе ўчыніць канстытуцыйны пераварот»

Як абараніць подпісы? На гэтае пытаньне Цапкала адказаў: ён ня верыць, што калі прынятае «палітычнае рашэньне», можна неяк іх «адбіць», нават калі подпісы сапраўдныя.

Заяву ў суд на абскарджаньне рашэньня ЦВК маюць падаць 16 ліпеня, але Цапкала паўтарыў: ён ня мае «ніякіх ілюзіяў» адносна судоў і думае, што суд прыме рашэньне па званку Лукашэнкі. Ён паўтарыў сваё выказваньне пра нашчадкаў калябарантаў, што важней зафіксаваць імёны вінаватых у фальсыфікацыі выбараў.

«Нашмат важней для нас сёньня — паказаць, што ўлада нелегітымная, улада баіцца людзей, баіцца народу, — заявіў Цапкала. — І фактычна на сёньняшні момант мы можам казаць, што яна спрабуе ўчыніць канстытуцыйны пераварот».

Тое, што пасьля пратэстаў 14 ліпеня «пачнуць заводзіцца розныя крымінальныя справы», ён назваў «натуральным працэсам у беларускай дзяржаве». Але ў выніку перадвыбарчай кампаніі, мяркуе Цапкала, і ў Беларусі, і за мяжой «пабачылі прыроду беларускага рэжыму».

«Мы мяркуем, што нават калі яму ўдасца захаваць на гэты раз уладу, то Беларусь будуць чакаць вельмі і вельмі цяжкія часы, бо ніводзін нармальны, цьвярозага розуму інвэстар, ніводзін нармальны, цьвярозага розуму бізнэсовец ня будзе ўкладаць ні капейкі сюды, у гэтыя прадпрыемствы, у краіну, у банкі тым больш», — дадаў Цапкала.

Ці будзе Цапкала ствараць партыю?

На гэтае пытаньне Цапкала адказаў, што ні грамадзяне, ні партыі ў Беларусі ня маюць законных мэтадаў атрыманьня ўлады. Нават калі партыя пераможа на мясцовых выбарах, адзначыў Цапкала, Беларусь ня мае мясцовага самакіраваньня — ня будзе магчымасьці прыняць рашэньне нават аб рамонце сельскага клюбу, трэба ехаць у «цэнтар» і «выбіваць бюджэты».

Пытаньне аб тым, у якой «форме палітычнай прысутнасьці застанецца Цапкала», ён ня вырашыў. Але Цапкала паабяцаў падтрымаць усіх кандыдатаў, якія выступаюць за перамены, і калі зьмена ўлады адбудзецца, гаворка пойдзе пра новую Канстытуцыю, пры якой палітычныя партыі нарэшце будуць выконваць значную ролю.

Байкот ці аб’яднаньне зь іншымі кандыдатамі?

На пытаньне пра далейшыя дзеяньні Цапкала адказаў, што будзе весьці кансультацыі з усімі кандыдатамі, і калі ў яго «прагучала эмацыйна-рэфлекторная ацэнка сытуацыі», яна яшчэ ня значыць, што «мы насамрэч ведалі два ці тры дні таму, якім чынам мы будзем будаваць нашую стратэгію».

Цяпер усе зарэгістраваныя кандыдаты, мяркуе Цапкала, мусяць весьці палітычную кампанію, бо гэта дае людзям магчымасьць легальна зьбірацца і выступаць, нават калі гэта дазволілі «ў самых кепскіх і нязручных месцах». А калі зьбярэцца дастаткова шмат людзей, гэта будзе сыгнал і ўладам, і грамадзтву, што краіна «сасьпела да пераменаў», кажа ён.

Абскарджваньне дзеяньняў выбарчых камісіяў ня стане асноўным напрамкам палітычнай актыўнасьці, дадаў Цапкала. Усе высілкі будуць сканцэнтраваныя на легальных масавых мерапрыемствах.

Несанкцыянаваных акцыяў ён не плянаваў і не плянуе, дадаў Цапкала, а «ланцугі салідарнасьці» — актыўнасьць грамадзянскай супольнасьці, не сплянаваныя нікім акцыі, якія «абсалютна ва ўсім сьвеце лічацца нармальнай негвалтоўнай формай выяўленьня думак грамадзянаў». Гэткая форма дазволеная Ўсеагульнай дэклярацыяй правоў чалавека, якую ратыфікавала Рэспубліка Беларусь, і ня можа лічыцца «несанкцыянаванай акцыяй», сказаў Цапкала.

«Моц жанчыны ў яе слабасьці»

Весьці перамовы будуць у тым ліку са Сьвятланай Ціханоўскай, сказаў Цапкала, і яна яшчэ «выканае сваю ролю». На думку Цапкалы, Лукашэнка пакінуў Ціханоўскую ў кандыдатах, бо лічыць яе слабым праціўнікам: маўляў, «гатовы гуляць у хакей з жанчынай, якая ніколі не стаяла на каньках».

«Моц жанчыны ў яе слабасьці, — разважаў Цапкала. — Менавіта таму, што яна маці, што яна жанчына, я буду лічыць сваім абавязкам, ведучы яшчэ і сваю кампанію, усяляк яе падтрымліваць».

Заяву ў Генэральную пракуратуру супраць яго ад Сэдата Ігдэджы Цапкала вырашыў не камэнтаваць як «паклёп махляра».

Што Цапкала адказаў Пазьняку

На просьбу адказаць на закіды лідэра КХП БНФ Зянона Пазьняка і «прызнацца, якая вежа Крамля яго сюды накіравала», Цапкала адказаў: «Гэта проста сьмешнае абвінавачаньне».

«Я шукаю і шукаў апору толькі ў беларускім народзе, — адказаў Цапкала. — Я ніякі не пракрамлёўскі, не прабрусэльскі і не правашынгтонскі. Я заўсёды лічыў сябе прабеларускім. Але як любы разважны палітык я цудоўна разумею, што Рэспубліцы Беларусь як невялікай дзяржаве трэба перадусім будаваць добрыя, добрасуседзкія, сяброўскія стасункі з усімі дзяржавамі, якія нас атачаюць.

Гэта Расея, вядома, перадусім, якая зьяўляецца блізкай нам краінай і самым важным эканамічным партнэрам, і яна заўсёды такой будзе заставацца, бо мы ня сядзем у лодку, не адплывем, дзе клімат лепшы, у нейкае Міжземнамор’е, дзе мора ёсьць і сонейка болей. Мы будзем жыць там, дзе мы жывём, у нашай краіне. І нам трэба будаваць стасункі і з краінамі Эўразьвязу, бо мы мяжуем з трыма краінамі Эўразьвязу, нам трэба паляпшаць зь імі стасункі, нам трэба аднаўляць тыя гандлёвыя рэжымы, якія былі разбураныя, якія не былі ратыфікаваныя шэрагам эўрапейскіх парлямэнтаў, зыходзячы з рэфэрэндуму 1996 году гэтыя рэжымы былі разбураныя. Нам трэба нармалізоўваць стасункі са Злучанымі Штатамі, бо гэта крыніца інвэстыцый, тэхналёгій, новых ведаў».

На думку Цапкалы, Беларусі трэба аднаўляць стасункі з усімі дэмакратычнымі краінамі: і зь Японіяй, і з Канадай, і з Аўстраліяй, і зь іншымі, хто глядзіць на тое, які ў краіне палітычны рэжым.

«А што тычыцца таго, „чый ты агент“, гэта мне здаецца нейкімі ўяўленьнямі пэрыяду [гішпанскага дыктатара] Франка 1960 году, разважаньне пра „пятыя калёны“, „агентаў уплыву“ і іншыя рэчы, якія напраўду ў сучасным сьвеце выглядаюць даволі сьмешнымі», — завочна адказаў Цапкала Пазьняку. Грошы на фінансаваньне кампаніі, адзначыў Цапкала, былі толькі з продажу дому, а не з-за мяжы.

Як Цапкалу адмовілі ў далейшым удзеле ў выбарах

Былы кіраўнік Парку высокіх тэхналёгій Валер Цапкала сьцьвярджаў, што за яго вылучэньне сабралі каля 200 тысяч подпісаў, пасьля праверкі ў выбаркамы здалі 160 тысяч. Аднак Цэнтравыбаркам прызнаў толькі 75 тысяч, што недастаткова для рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты. Гэтага ўжо хапала, каб адхіліць Цапкалу ад выбараў, але ЦВК пабачыла яшчэ адну падставу для адмовы ў рэгістрацыі.

У дэклярацыі жонкі Цапкалы заўважылі непазначаныя акцыі «Прыёрбанку», а гэта парушэньне істотнага характару.​ Вераніка Цапкала пазьней тлумачыла, што акцыі ў «Прыёрбанку» атрымала ў спадчыну пасьля сьмерці мамы ў 2001 годзе. І, як яна прызнаецца, забылася пра іх існаваньне, бо налічэньні па гэтых акцыях — каля 30 рублёў за год. Напрыклад, за ўвесь 2019 год ёй налічылі ў якасьці дывідэндаў 32 рублі 99 капеек. Яна таксама панаракала, што ў нашай краіне няма адзінай электроннай базы, дзе можна паглядзець маёмасьць, каштоўныя паперы, уклады ў адным месцы.

Кіраўнік ініцыятыўнай групы Цапкалы Андрэй Ланкін заявіў на паседжаньні ЦВК, што экспэртызы подпісаў ня маюць юрыдычнай моцы. ЦВК ж мяркуе, што паўсюль былі пацьвярджальныя дакумэнты аб экспэртызах подпісаў і праверках іншых зьвестак пра падпісантаў.

Цапкала паведаміў, што будзе абскарджваць рашэньне ЦВК аб яго нерэгістрацыі ў Вярхоўным судзе, аднак не спадзяецца на станоўчы вынік.​ На яго думку, улада паказала, «як яна ўжо сёньня падробіць вынікі выбараў 9 жніўня». Паводле яго, пасьля рашэньня ЦВК у прэзыдэнцкай кампаніі застаюцца «нейкія спойлеры».​

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG