Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Берасьці сустрэліся праціўнікі і новыя ўладальнікі акумулятарнага заводу


Новыя ўладальнікі акумулятарнага заводу ў Берасьці сустрэліся з пратэстоўцамі. У цэнтры зьлева Сяргей Кагановіч, у цэнтры справа Дзьмітры Баскаў
Новыя ўладальнікі акумулятарнага заводу ў Берасьці сустрэліся з пратэстоўцамі. У цэнтры зьлева Сяргей Кагановіч, у цэнтры справа Дзьмітры Баскаў

Апоўдні 7 чэрвеня тры сотні праціўнікаў запуску акумулятарнага заводу iPower выйшлі ў цэнтар Берасьця на традыцыйнае «кармленьне галубоў» — два з паловай гады яны штотыдзень выходзяць на такі пратэст. Да іх выйшлі новыя ўладальнікі прадпрыемства.

Новыя ўладальнікі Сяргей Кагановіч і Дзьмітры Баскаў запрасілі пратэстоўцаў наведаць прадпрыемства, перадае БелаПАН словы лідэра кампаніі супраць заводу Дзьмітрыя Бекалюка. Пратэстоўцы заявілі, што гэта ня вырашыць праблемаў заводу і запатрабавалі правесьці экалягічныя абмеркаваньні праекту — новыя ўладальнікі пагадзіліся.

На бягучым тыдні актывісты зьбіраюцца накіраваць мясцовым уладам заяву аб грамадзкіх экалягічных абмеркаваньнях, хочуць ладзіць іх у гарадзкім парку. Такіх абмеркаваньняў яны дамагаліся больш за два гады — іх вынікі будуць мець законную моц і дазволяць людзям вырашыць лёс заводу, кажа Бекалюк.

Як адзначае Tut.by, зьяўленьне на пратэсьце прадстаўнікоў заводу было нечаканым, бо «за два з паловай гады пратэсту такога яшчэ не было».

Сярод пратэстоўцаў, адзначае карэспандэнт выданьня, хадзіў мужчына, які раздаваў улёткі «Праўда пра бясьпеку акумулятарнага заводу», у якіх сьцьвярджалася, што завод ня будзе пераплаўляць ужываныя акумулятары і што максымальны выкід сьвінцу складзе 17 кг на год.

Новыя ўладальнікі заводу тлумачылі таксама, што перад «уваходам у вытворчасьць» правялі ўласны эканамічны і экалягічны аўдыт — толькі калі пераканаліся, што «няма пытаньняў», выкупілі долю. Пры тым яны прызналі, што мінулыя ўласьнікі «дапусьцілі шэраг памылак» як у праектаваньні, так і ў кантактах з народам.

Бекалюк адказаў на словы новых уладальнікаў заводу: пратэстоўцы ня мелі прэтэнзіяў да старых уласьнікаў, мелі толькі да заводу.

Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць

Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
  • Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
  • Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
  • Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
  • У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
  • У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
  • У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
  • 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
  • У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
  • 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
  • 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
  • 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG