Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У акумулятарнага заводу ў Берасьці зьмяніліся ўладальнікі. Новыя гуляюць у хакей з Лукашэнкам


Аляксандар Лукашэнка і Дзьмітры Баскаў (справа) на Калядным аматарскім хакейным турніры, 2017 год
Аляксандар Лукашэнка і Дзьмітры Баскаў (справа) на Калядным аматарскім хакейным турніры, 2017 год

Акумулятарны завод iPower пад Берасьцем прадалі бізнэсоўцам Сяргею Кагановічу і Дзьмітрыю Баскаву, піша Tut.by.

Завод iPower ад 22 траўня «выведзены з-пад кантролю групы кампаніяў 1Ak-Group, паведамілі Tut.by у гэтай групе кампаніяў. 100% доляў у статутным фондзе прадалі ТАА «Акумулятарны альянс».

У Адзіным дзяржаўным рэестры юрыдычных асобаў адносна «Акумулятарнага альянсу» значыцца, што пры статутным фондзе ў 6,7 млн рублёў 85% кампаніі належыць Сяргею Кагановічу, 15% — Дзьмітрыю Баскаву.

Кагановіч — намесьнік дырэктара кампаніі «Сем узгоркаў Бел», якая займаецца вытворчасьцю розных відаў упакоўкі, продажам складзкой і дарожнай тэхнікі, лягістычнымі тэрміналамі. Кагановіч браў удзел у хакейных спаборніцтвах з удзелам каманды Аляксандра Лукашэнкі.

Баскаў — трэнэр хакейнай каманды Лукашэнкі (раней гуляў як брамнік) і генэральны дырэктар хакейнага «Дынама-Менск».

Кагановіч і Баскаў уваходзяць у раду дырэктараў БСБ Банку.

Былога ўладальніка iPower Віктара Лемяшэўскага мінулым летам затрымлівалі, вінавацілі паводле артыкулаў 430 і 431 КК Беларусі — даваньне і атрыманьне хабару. У апошнія дні 2019 году яго адпусьцілі з-пад варты. Пасьля пра ягоны лёс нічога не паведамлялася — стала вядома толькі пра таямнічы судовы працэс, які можа быць зь ім зьвязаны.

Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць

Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
  • Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
  • Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
  • Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
  • У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
  • У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
  • У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
  • 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
  • У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
  • 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
  • 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
  • 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG