Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы змагаліся і будзем змагацца». Ці будуць працягвацца пратэсты супраць акумулятарнага заводу пасьля зьмены ўласьніка?


Пратэст супраць акумулятарнага завода ў Берасьці. 26 красавіка 2020 году

Зьмяніўся ўласьнік акумулятарнага заводу «АйПауэр» у Берасьці, супраць якога трэці год змагаюцца жыхары абласнога цэнтру. Група кампаній 1АК-GRUP бізнэсмэна Віктара Лемяшэўскага прадала 100% акцый заводу, паведамілі Радыё Свабода ў кампаніі.

Цяпер завод належыць ТАА «Акумулятарны Альянс», якім супольна валодаюць бізнэсмэны Сяргей Кагановіч (85%) і Дзьмітрый Баскаў (15%). Паводле зьвестак Адзінага дзяржаўнага рэгістра юрыдычных асоб, статутны фонд новага ўласніка заводу ТАА «Акумулятарны Альянс» — 6,7 мільёна рублёў.

Бізнэсмэн Сяргей Кагановіч вядомы як уласьнік групы кампаній «Сем узгоркаў Бел», якая займаецца, сярод іншага, продажам будаўнічай тэхнікі. У вольны ад бізнэсу час Сяргей Кагановіч захапляецца хакеем, ён гуляў у спаборніцтвах з удзелам хакейнай каманды Аляксандра Лукашэнкі.

Датычнасьцю да хакею адзначаны і другі ўласьнік кампаніі «Акумулятарны Альянс» — Дзьмітрый Баскаў. Вядома, што Дзьмітрый Баскаў быў брамнікам хакейнай кампаніі Аляксандра Лукашэнкі, а цяпер прызначаны яе трэнэрам.

Больш як два гады супраць працы акумулятарнага заводу, які пабудаваны непадалёк ад Берасьця, пратэстуюць жыхары гораду. Апрача іншага, кожную нядзелю ў горадзе праходзяць вулічныя акцыі.

Як адаб’ецца на гэтай барацьбе зьмена ўласьнікаў акумулятарнага заводу?

Былая настаўніца Людміла Карчэўская шчыра прызналася, што ранішняя навіна аб зьмене ўласьнікаў заводу яе зьбянтэжыла.

«Разгубілася, бо бачу, што гаспадарамі сталі людзі, якія набліжаныя да Лукашэнкі. Але лічу, што як мы змагаліся, гэтак і павінны змагацца. Спадзяюся, нашы разумныя хлопцы, якія ведаюць законы, падумаюць, што трэба рабіць далей. Было спадзяваньне, што да нас прыслухаюцца, можа, перапрафілююць завод, можа, зробяць гэтак, каб ён ня быў зьвязаны з акумулятарамі. Але прачытала, што ўсё роўна гаворка пра акумулятары. Таму мне блага», — сказала Людміла Карчэўская.

Сваю ўпартасьць у змаганьні жанчына тлумачыць проста. «Вельмі хачу, каб нашы дзеці і ўнукі жылі ў чыстым горадзе. Нас хочуць патруціць, таму нельга здавацца».

Актывістка змаганьня супраць акумулятарнага заводу Юлія Нічыпарук таксама ня мае намеру саступаць новым гаспадарам спрэчнага прадпрыемства.

«Добрага знаку ў гэтай угодзе ня ўбачыла. Ясна, што калі ўласьнікі заводу набліжаныя да Лукашэнкі, яны мацнейшыя, у іх больш магчымасьцяў, чым у ранейшых. Рана казаць пра тое, што яны будуць рабіць з заводам далей, але ёсьць падазрэньні, што ўсё гэтак і застанецца. Увогуле бачу, што сытуацыя можа зьмяніцца, толькі калі прэзыдэнцкія выбары прывядуць да зьменаў: зь іншым прэзыдэнтам магчымыя іншыя дзеяньні з заводам, не інакш», — мяркуе Юлія Нічыпарук.

Дом Юліі Нічыпарук менш як за 2 кілямэтры ад акумулятарнага заводу, у яе двое малых дзяцей.

«Вось мы з мужам цяпер займаемся агародам, зь якога будуць есьці нашы дзеці. Дзеля іх мы вядзем гэтую барацьбу, і як мы адступім? Адзін уласьнік заводу ці іншы — ня важна, калі яны не мяняюць самой вытворчасьці, мы будзем змагацца», — сказала Юлія Нічыпарук.

Берасьцейскі праваабаронца і актывіст Раман Кісьляк мяркуе, што гаварыць пра пройгрыш у справе барацьбы з заводам усё ж рана. На думку актывіста, вырашальнаю будзе гатоўнасьць актывістаў да агульных дзеяньняў.

«Канфлікт заўсёды быў дастаткова цяжкі, у яго было як мінімум тры бакі: гэта бізнэс, грамадзкасьць і мясцовая ўлада. Здаралася, што бізнэс правакаваў уладу, падкідаў актывістам розныя праблемы. Цяпер, калі бізнэс у пэўнай меры аб’ядноўваецца з уладай і фактычна засталіся два бакі, мы не выключаем, што яны ўсё ж паспрабуюць запусьціць завод. Але гэтыя рызыкі пралічвалі, і таму ня думаю, што пратэсты спыняцца», — мяркуе Раман Кісьляк.

Праваабаронца заўважыў, што ў траўні актывісты пратэсту супраць акумулятарнага заводу адчулі ўзмацненьне рэпрэсій, але ў мінулую нядзелю «кармленьне галубоў» усё роўна адбылося.

Ці зьмянілася пазыцыя берасьцейскіх уладаў што да заводу?

У Берасьцейскім аблвыканкаме першапачаткова віталі зьяўленьне новага прадпрыемства і спасылаліся на пэрспэктыву адкрыцьця новых працоўных месцаў, але потым занялі больш асьцярожную пазыцыю. У чэрвені 2019 году рашэньнем аблвыканкаму будаўніцтва заводу прыпынілі «да ліквідацыі выяўленых парушэньняў», а ў КДБ распачалі крымінальную справу супраць тагачаснага ўласьніка заводу Віктара Лемяшэўскага, якога пачалі падазраваць у хабарніцтве.

На пачатку 2020 году Эканамічны суд Брэсцкай вобласьці задаволіў пазоў Брэсцкага аблвыканкаму да заводу «АйПауэр» аб вяртаньні ў бюджэт 5,7 мільёна рублёў, якія завод атрымаў з інвэстыцыйнага фонду аблвыканкаму. Берасьцейскі аблвыканкам палічыў, што ўласьнік заводу ня выканаў дамову, згодна зь якой павінен быў запусьціць у эксплюатацыю завод да 31 ліпеня 2019 году.

У ідэалягічнай управе Берасьцейскага аблвыканкаму, якая выконвае функцыі прэсавай службы, сказалі, што яны не адсочваюць пытаньні вяртаньня грошай у бюджэт, і параілі зьвярнуцца ў Эканамічны суд Берасьцейскай вобласьці. Старшыня Эканамічнага суду Берасьцейскай вобласьці спадар Кулак адказаў Свабодзе, што ў судзе «не валодаюць зьвесткамі аб пералічэньні грашовых сродкаў», і параіў зьвярнуцца да пазоўніка — то бок да Берасьцейскага аблвыканкаму.

У сьнежні 2019 году былога ўласьніка заводу «АйПауэр» Віктара Лемяшэўскага выпусьцілі пад заклад да суду. Разам зь Віктарам Лемяшэўскім выйшлі з-пад варты іншыя фігуранты ягонай справы.

Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць

Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
  • Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
  • Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трываюць ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
  • Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
  • У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
  • У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
  • У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
  • 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
  • У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
  • 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG