Віцебскаму актывісту Круткіну далі 45 сутак арышту. Чаму так шмат?

абноўлена
Алесь Круткін, архіўнае фота
Алесь Круткін, архіўнае фота

Актывіст «Эўрапейскай Беларусі» Алесь Круткін 26 лютага меў выйсьці на волю пасьля 30-дзённага арышту за менскую акцыю пратэсту супраць паглыбленьня інтэграцыі 20 сьнежня, а таксама за расклейваньне ўлётак у Віцебску.

Але выявілася, што яму прысудзілі яшчэ 15 содняў арышту. Акрамя таго, раней Круткіну прысудзілі 1350 рублёў штрафу за ўлёткі «Калгаснай дыктатуры — баста».

Такое пакараньне — 45 сутак — раней прысудзілі лідэрам менскіх пратэстаў Вячаславу Сіўчыку і Паўлу Севярынцу, а большае — 120 сутак — толькі блогеру з Барані Зьмітру Казлову, вядомаму як «Шэры кот».

Сябра Круткіна, прадстаўнік «Эўрапейскай Беларусі» Андрэй Войніч кажа Свабодзе, што спачатку праваахоўнікі толькі «расплывіста» казалі, што Круткін недзе ў Леплі, і пра новы суд не паведамілі нават ягоным бацькам. Толькі пасьля таго як «Эўрпейская Беларусь» паведаміла публічна, што зьвесткі пра Круткіна ўтойваюць, кажа Войніч, патэлефанавалі ягонай маці і сказалі, што ён у Леплі чакае новага суду, аднак іншай інфармацыі не далі і прапанавалі зьвязацца з адвакатам.

У Лепельскім раённым судзе Свабодзе пацьвердзілі, што 26 лютага Алеся Круткіна асудзілі на 15 содняў арышту. Пры гэтым у судзе адмовіліся камэнтаваць, паводле якога артыкулу: «Вы ня ўдзельнікі працэсу, таму ня можам даць такія зьвесткі», — сказала сакратар суду.

«Нас вельмі турбуе, што ён абвяшчаў [на судзе 12 лютага] 15-дзённую галадоўку, — кажа Войніч. — Калі да 30 сутак дадаваць 15, гэта ні ў якія юрыдычныя межы ня лезе. Плюс калі ён трымаў галадоўку, ягоны стан здароўя можа быць вельмі моцна парушаны. Мая думка — чалавека проста паддаюць нейкім катаваньням».

Андрэй Войніч пазьней пераказаў словы маці Круткіна, што сын «адчувае сябе нармальна, асабліва яго ня крыўдзяць».

Але ёй не ўдалося даведацца, за што менавіта асудзілі сына і дзе ён адбывае пакараньне.

На апошнім працэсе Круткіну прапаноўвалі дзяржаўнага адваката, але ён адмовіўся, а ягонага ўласнага адваката ня сталі чакаць на суд. Вядома, што Круткін не даваў паказаньняў.

«Круткін яскрава і адкрыта выступае супраць дыктатуры» Чаму Круткіну прысудзілі столькі ж, колькі лідэрам менскіх пратэстаў? Войніч мае просты адказ:

«Мы жывём у краіне, дзе пануе дыктатура, а Алесь Круткін яскрава і адкрыта выступае супраць гэтага. Дыктатуры гэта не падабаецца, дыктатура спрабуе яго за гэта прыціскаць, караць, пужаць».

Актывістка Натальля Сьпірыдонава, якую затрымлівалі разам з Круткіным з улёткамі і аштрафавалі на 2160 рублёў, кажа Свабодзе, што яе вызвалілі пад падпіску таму, што яна даглядае маці з інваліднасьцю. Што цяпер з Круткіным, яна ведае толькі з інтэрнэту.

​
XS
SM
MD
LG