Кантэйнэры з нафтапрадуктамі на нафтасховішчы каля Мазыру
У 2019 годзе экспарт беларускіх нафтапрадуктаў у грашовым вымярэньні склаў 5,2 млрд даляраў, скараціўшыся на 19,7% у параўнаньні з 2018-м, спасылаецца БелаПАН на афіцыйную статыстыку.
Паступленьні ад экспарту нафтапрадуктаў зьменшыліся летась на 1,27 млрд даляраў. У фізычным вымярэньні іх экспарт у 2019 годзе склаў 10,5 млн тон (-11,7%). Імпарт нафты ў параўнаньні з 2018 годам не зьмяніўся (18 млн тон).
Пры гэтым летась быў рэзка скарочаны імпарт нафтапрадуктаў: у краіну іх паступіла 247,4 тысячы тон, што прыкладна ў 12 разоў менш, чым у 2018-м.
Аб зьніжэньні экспарту нафтапрадуктаў раней папярэджваў віцэ-прэм’ер Ігар Ляшэнка. Ён адзначаў: паколькі Расея ад 1 лістапада 2018 году абмежавала пастаўкі нафтапрадуктаў у Беларусь, да 1,5 мільёна тон з экспарту нафтапрадуктаў можа «выпасьці».
Расея пазалетась узьняла пытаньне аб абмежаваньні паставак нафтапрадуктаў у Беларусь. Сваю ініцыятыву ўлады матывавалі стратамі бюджэту ў сувязі з магчымым рээкспартам. Такім чынам, Беларусь з Расеі можа імпартаваць толькі нафтапрадукты, якіх не вырабляе сама.
Ад пачатку 2020 году Беларусь адчувае складанасьці з экспартам нафтапрадуктаў, бо ня мае кантрактаў на пастаўку расейскай нафты ў ранейшых аб’ёмах.