Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Белнафтахім» патлумачыў чарговае павышэньне цэн на паліва зьніжэньнем курсу рубля


Канцэрн «Белнафтахім» абвясьціў пра сёмае ў 2020 годзе падвышэньне цэн на паліва на аўтазаправачных станцыях. Традыцыйна, цэны павялічацца на 1 капейку.

«Прымаючы пад увагу тэндэнцыю зьніжэньня курсу нацыянальнай валюты, з 16 лютага на аўтазаправачных станцыях цана аўтамабільнага паліва зьмяняецца на 1 капейку», — гаворыцца ў паведамленьні дзяржаўнага канцэрну.

Цана бэнзіну АІ-92-К5-эўра складзе 1,71 рубля, АІ-95-К5-эўра — 1,81 рубля, АІ-98-К5-эўра — 2,03 рубля, дызэльнага паліва — 1,81 рубля.

З прычыны росту цаны нафты для беларускіх НПЗ «Белнафтахім» у 2018-м і да восені 2019 году практычна штотыдзень падымаў цэны на аўтамабільнае паліва. З канца верасьня рост прыпыніўся больш чым на месяц і зноў аднавіўся 24 лістапада — праз тыдзень пасьля выбараў у Палату прадстаўнікоў. Апошнім разам цэны на паліва былі павышаныя 9 лютага.

Старшыня «Белнафтахіму» Андрэй Рыбакоў лічыць, што ў цяперашняй сытуацыі стратэгія паэтапнай зьмены цэн на паліва, абраная канцэрнам, застаецца аптымальным варыянтам.

«Мы бачым, што на сусьветным рынку цэны на вуглевадародную сыравіну ўпэўнена растуць. Некаторыя экспэрты мяркуюць, што цана на нафту можа перавысіць 80 даляраў за барэль. Нагадаю, што для беларускіх НПЗ цана на нафту расьце яшчэ і за кошт падатковага манэўру, і ў 2020 годзе яна ўжо будзе складаць (з улікам пошлін на нафтапрадукты) каля 83% ад сусьветнай », - сказаў Рыбакоў парталу" Нафтахімія «ў інтэрвію, апублікаваным 29 студзеня.

«Мы бачым, колькі каштуе паліва ў краінах з рынкавым цэнаўтварэньнем на дадзены тавар, таму пэўныя карэкціроўкі ўзроўню цэн спатрэбяцца», — дадаў ён.

Тым не менш, сказаў далей Рыбакоў, «Белнафтахім» па-ранейшаму будзе зыходзіць з захаваньня балянсу інтарэсаў вытворцаў і спажыўцоў паліва.

Расея спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь. Што здарылася

  • 1 студзеня 2020 году Расея спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь, але расейская нафта працягвае паступаць транзытам празь Беларусь у Эўропу.
  • Беларусь і Расея дагэтуль не дамовіліся пра пастаўкі нафты ў 2020 годзе, хоць Лукашэнка і Пуцін вялі перамовы 30 і 31 сьнежня.
  • Прыняты толькі «індыкатыўны балянс»: Расея можа паставіць 24 млн тонаў нафты на год. У 2019-м столькі і паставілі: 18 млн т пайшлі на перапрацоўку, яшчэ 6 млн т на «перамытненьне». Паводле эканаміста Яраслава Раманчука, Беларусі на ўласныя патрэбы хапае 6–7 млн тонаў — астатняе ішло на нафтапрадукты для экспарту або на «перамытненьне».
  • 31 сьнежня 2019 году Лукашэнка даручыў завозіць нафту з партоў Балтыі і залучыць альтэрнатыўныя пастаўкі праз магістральны нафтаправод «Дружба».
  • Пакуль Мазырскі НПЗ пачаў атрымліваць нафту толькі ад кампаніі расейскага алігарха Гуцэрыева — чакаецца пастаўка ўсяго 750 тысячаў тонаў.
  • Беларусь дамовілася пра імпарт 80 тонаў нарвэскай нафты Johan Sverdrup з пастаўкай у літоўскі порт Клайпеда. У Беларусі чакаюць пачатку разгрузкі ўвечары 22 студзеня. Перавалка і транспарт да НПЗ чыгункай будуць каштаваць больш за 20 даляраў за тону.
  • Гатоўнасьць транспартаваць нафту ў Беларусь на пастаяннай аснове ўжо выказалі суседнія Латвія (магчымыя аб’ёмы не абвяшчаліся) і Літва (да 3 млн тонаў на год​). Пры чым Літва гатовая дастаўляць і газ. Па стане на 21 студзеня «Белнафтахім» мае «практычна гатовыя кантракты» на альтэрнатыўныя пастаўкі.
  • Беларускія НПЗ у першай палове студзеня працавалі на леташніх запасах, аб’ёму якіх хапала прыкладна на 20 дзён працы. Экспарт нафтапрадуктаў Беларусь часова прыпыняла ад 1 студзеня, аднавіла ад 21-га.
  • Паводле неафіцыйных зьвестак «Інтэрфаксу», Беларусь прапанавала рэалізаваць варыянт разавай пастаўкі нафты з рэсурсаў незалежных пастаўшчыкоў з мэтай павелічэньня запасаў сыравіны на НПЗ на час правядзеньня перамоваў.
  • Публічна ж Лукашэнка 21 студзеня паставіў задачу зьнізіць пастаўкі нафты з Расеі да 30-40% ад неабходных аб’ёмаў: «працэнтаў 30 мы павінны з Балтыкі завозіць і працэнтаў 30 праз Украіну». Пастаўкі з Казахстану, заявіў ён, заблякавала Расея.
  • Менск і Масква дасюль не ўзгаднілі кампэнсацыю за расейскі падатковы манэўр. У беларускі бюджэт-2020 закладзеныя страты ў памеры 951 млн рублёў.
  • Расея дагэтуль не кампэнсавала Беларусі страты за пастаўкі бруднай нафты ў красавіку 2019 году — толькі 20 студзеня 2020-га дамовіліся пра падыходы і мэтодыку кампэнсацыі.

Беларусь — адзіная краіна ў сьвеце, якая багацее на суседзкай нафце, — эканаміст

Дзе браць нафту, калі не ў Расеі, і колькі страчвае Беларусь ад прыпыненьня паставак? Тлумачым разам з экспэртам

Усё пачалося з Пуціна. Кароткая гісторыя нафтагазавых канфліктаў Беларусі і Расеі

Ці ўратуе Беларусь эўрапейская нафта? Разьбіраемся з экспэртамі

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG