Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У «Белнафтахіме» расказалі, як будуць працаваць па сусьветных цэнах на сыравіну 


Аўтазапраўка «Белнафтахім» у Менску

Стратэгія разьвіцьця нафтахімічнага комплексу да 2030 году закліканая мінімізаваць рызыкі ад выхаду нафтахімічнай сыравіны на сусьветныя цэны, заявіў у інтэрвію тэлеканалу АНТ намесьнік старшыні канцэрну «Белнафтахім» Уладзімер Сізоў.

Ён падкрэсьліў, што неабходна зьняць залежнасьць нафтахімічнага комплексу ад цэнавых ваганьняў і забяспечыць яго функцыянаваньне ў рынкавых умовах.

Згодна з агучанай ім стратэгіяй, наваполацкі «Нафтан» будзе разьвівацца ў нафтахімічным кірунку — там заплянавалі мадэрнізацыю заводу «Палімір». Завод у Мазыры засяродзіцца на вытворчасьці якаснага маторнага паліва. На горадзенскім «Азоце» ўвядуць новы комплекс, які забясьпечыць павелічэньне выпуску азотных угнаеньняў больш чым у паўтара раза. На гомельскім хімзаводзе прадугледжаны рост выпуску складаназьмяшаных угнаеньняў.

На астатніх прадпрыемствах мяркуецца рэалізаваць праекты, накіраваныя на зьніжэньне апэрацыйных выдаткаў і атрыманьне канкурэнтаздольнай прадукцыі.

Як паведамляў БелаПАН, у стратэгіі разьвіцьця нафтахімічнага комплексу Беларусі да 2030 году пералічваецца шэраг рызык для галіны. Напрыклад, недастатковая сыравінная база для вытворчасьці нафтахімічнай прадукцыі, падатковы манэўр Расеі, узмацненьне патрабаваньняў у частцы зьніжэньня нарматываў утрыманьня ў паліве серы, араматычных вуглевадародаў і іншых сумесяў.

Арганізацыі канцэрну «Белнафтахім» забясьпечваюць 25% экспарту тавараў з улікам экспарту нафты і нафтапрадуктаў, даюць 20% паступленьняў у бюджэт падаткамі і зборамі, вырабляюць паўтысячы найменьняў прадукцыі, якая пастаўляецца больш чым у 100 краін сьвету.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG