Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«На Расеі крыжа мы ня ставім». Як Белнафтахім адрэагаваў на прапанову пастаўляць амэрыканскую нафту ў Беларусь


Нафтаперапрацоўчыя заводы ў Беларусі ўсё яшчэ працуюць зь мінімальнай загрузкай.

Паводле афіцыйнага прадстаўніка «Белнафтахіму» Аляксандра Цішчанкі, дзяржсакратар ЗША Майк Пампэо ў Менску агучыў «палітычнае рашэньне аб доступе беларускіх кампаній да амэрыканскіх энэргетычных рэсурсаў». Аднак Беларусь не зьбіраецца прыпыняць перамовы аб пастаўках нафтапрадуктаў з Расеяй ды іншымі краінамі.

«Вядуцца перамовы, наладжваюцца кантакты, мы пралічваем розныя моманты, у тым ліку і эканамічныя, геаграфічныя. Усе кірункі, якія агучвалі раней, прапрацоўваюцца», — расказаў прэс-сакратар «Белнафтахіму» Аляксандар Цішчанка.

«З амэрыканскага боку далі зялёнае сьвятло»

Дзяржсакратар Майк Пампэо на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам заявіў, што «ЗША хоча дапамагчы Беларусі пабудаваць сувэрэнную краіну. Нашы вытворцы энэргетыкі гатовыя паставіць 100% нафты, якая вам патрэбна, па канкурэнтных цэнах. Мы найбуйнейшы ў сьвеце вытворца нафты, і ўсё, што вам трэба зрабіць, — гэта сказаць».

Амэрыканскі кірунак патрабуе вывучэньня, — кажа Аляксандар Цішчанка.

«Іншае пытаньне, што дзяржсакратар у гэтым выпадку даў сыгнал, што доступ да амэрыканскіх рэсурсаў для Беларусі таксама адкрыты. Маўляў, лічыце, падыходзьце — такая магчымасьць ёсьць. Працуйце, зьвяртайцеся, дамаўляйцеся, будзе інтарэс — арганізуем пастаўкі. Гэта значыць, з амэрыканскага боку дадзена зялёнае сьвятло. Ёсьць палітычнае рашэньне аб доступе беларускіх кампаній да амэрыканскіх энэргетычных рэсурсаў. Далей ідзе фармат дамоўленасьцяў, эканамічныя, лягістычныя пытаньні», — тлумачыць прэс-сакратар «Белнафтахіму».

«Усе іншыя кірункі таксама прапрацоўваюцца. І прапанова Літвы інтэнсіўна выкарыстоўваць яе інфраструктуру для наладжваньня рэгулярных паставак нафты і газу, і прапанова Латвіі. Тым больш маршруты ёсьць. Трэба знайсьці балянс.

Ідзе прапрацоўка асноўных альбо альтэрнатыўных пастаўшчыкоў з усіх напрамкаў, не выключаючы ў тым ліку і расейскі», — заявіў Цішчанка.

«На Расеі крыжа мы ня ставім»

«Ніхто не зьбіраецца прыпыняць перамовы з Расеяй. Прычым ня толькі з Міхаілам Гуцэрыевым, а і з усімі зацікаўленымі альбо здольнымі.

На Расеі мы крыжа ня стаім. Навошта? Калі мы кажам цяпер, што павінна быць некалькі кірункаў паставак, то Расею выключаць таксама няправільна будзе. Тым больш што задачу цалкам замясьціць расейскі кірунак ніхто ніколі ня ставіў. А наяўнасьць розных крыніц энэргарэсурсаў — апошні трэнд сучаснай эканомікі, энэргетыкі», — кажа прэс-сакратар «Белнафтахіму».

Нафтаперапрацоўчыя заводы працуюць. Але пры мінімальнай загрузцы

Паводле Аляксандра Цішчанкі, цяпер усе нафтаперапрацоўчыя заводы працуюць, але пры мінімальнай загрузцы, якая дазваляе забясьпечыць тэхнічны рэглямэнт.

«Заводы не спыняюцца. Унутраны рынак забясьпечваецца. Некаторыя напрамкі экспарту таксама закрываюцца. Працэс ідзе, магчыма, ня так імкліва, як хацелася б», — зазначыў прэс-сакратар «Белнафтахіму».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG