Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Казахстан дамовіўся з расейскай «Транснефтью» аб пастаўках нафты ў Беларусь


Ілюстрацыйнае фота. Нафтаправод «Дружба»

У Казахстану ёсьць дамоўленасьці з расейскай кампаніяй «Транснефть» аб пастаўках нафты ў Беларусь, паведаміў амбасадар Казахстану ў Беларусі Аскар Бейсенбаеў 26 сьнежня на прэс-канфэрэнцыі, піша БелТА.

«Пакуль ёсьць агульнапалітычныя дамоўленасьці аб транзыце нафты праз сыстэму „Транснефть“ з Казахстану ў Беларусь», — удакладніў Аскар Бейсенбаеў і дадаў, што «калі ўсе ўнутрыдзяржаўныя працэдуры будуць завершаныя і ўсе пытаньні адпрацаваныя, будуць заключаныя дамовы аб пастаўках і транзыце нафты».

  • У траўні 2019 году Аляксандар Лукашэнка заявіў, што цяпер Беларусь займаецца дывэрсыфікацыяй паставак вуглевадароднай сыравіны і вядзе перамовы аб альтэрнатыўных расейскім пастаўках нафты зь іншых краінаў. Пазьней ён прапанаваў Казахстану актывізаваць перамовы аб пастаўках нафты ў Беларусь.
  • Пра арганізацыю альтэрнатыўных расейскім паставак нафты да канца 2019 году заявіла і Беларуская нафтавая кампанія: у якасьці варыянтаў тады разглядаліся пастаўкі з Азэрбайджану, Саудаўскай Арабіі, Нігерыі, праз марскія парты краінаў Балтыі або праз Адэсу і нафтаправод «Адэса — Броды» на Мазырскі НПЗ.
  • У кастрычніку Лукашэнка, заявіў, што Беларусь павінна пракансультавацца з Расеяй наконт магчымасьці транзыту нафты з Казахстану празь яе тэрыторыю.
  • 24 сьнежня ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што прапанаваў, каб Масква агучыла свае цэны на нафту, аднак «калі рынак у 25 млн тон нафты і 22 млрд кубамэтры газу адыдзе „кудысьці набок“, тады не крыўдуйце», і згадаў пра магчымасьць рэвэрсам пампаваць амэрыканскую або арабскую нафту ў Беларусь праз Польшчу.
  • Пазьней прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў на гэтую заяву адказаў, што «калі існуюць нейкія больш выгадныя варыянты для Беларусі, вядома, яна вольная скарыстацца любымі варыянтамі, калі яны больш выгадныя, чым тое, што прапануецца з боку Расейскай Фэдэрацыі».

    Беларуска-расейскі «нафтавы канфлікт». Асноўнае

    • 11 красавіка 2019 году Аляксандар Лукашэнка прыгразіў закрыць на рамонт нафтаправод, па якім расейская нафта ідзе ў Эўропу. Гэтак ён адрэагаваў на абмежаваньні, якія Расея ўвяла на імпарт прадуктаў харчаваньня зь Беларусі.
    • Гаворка ідзе пра паўднёвую галіну нафтаправоду «Дружба», апэратар якой — ААТ «Гомельтранснафта Дружба». Па ёй ідзе транзыт расейскай нафты ў Польшчу, Украіну, Вугоршчыну, Нямеччыну.
    • 21 красавіка Беларусь прыняла рашэньне часова абмежаваць экспарт нафтапрадуктаў, бо беларускія НПЗ атрымалі партыю няякаснай расейскай нафты: узровень хлярыдаў вырас у 20 і больш разоў, сьцьвярджае афіцыйны Менск. ​На Мазырскім НПЗ заявлі, што няякасная нафта пашкодзіла дарагое абсталяваньне.
    • Расейскі бок прызнаў факт пастаўкі няякаснай нафты.
    • Беларускі бок заяўляе, што страты ад спыненьня паставак могуць скласьці некалькі сотняў мільёнаў даляраў.
    • 23 красавіка намесьнік гендырэктара Беларускай нафтавай кампаніі (БНК) Сяргей Грыб паведаміў, што празь няякасную расейскую нафту Беларусь вымушана прыпыніла экспарт сьветлых нафтапрадуктаў (бэнзін і дызпаліва) ва Ўкраіну, Польшчу і краіны Балтыі.
    • Таксама Грыб заявіў, што Беларусь гатовая да канца году пачаць альтэрнатыўныя расейскай пастаўкі нафты: адзін з варыянтаў — праз марскія парты краінаў Балтыі, другі — праз Адэсу і нафтправод Адэса—Броды на Мазырскі НПЗ.
    • Пытаньні да якасьці расейскай нафты паўсталі на фоне спрэчак Беларусі і Расеі, калі Масква адхіліла прапанову Менску павялічыць тарыф на транзыт нафты адразу на 23,1% у сувязі з захадамі экалягічнай бясьпекі.
    • 26 красавіка расейцы завялі крымінальную справу аб забруджваньні нафты. Меркавана, хлёрарганіку ўкінулі праз прыватны трубаправод у Самарскай вобласьці.

      27 красавіка прэмʼер-міністар Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў загадаў цягам 7 дзён пакараць адказных за забруджаньне нафты ў трубапровадзе «Дружба».

    • 20 стузеня 2020 году Беларусь дамовілася з расейскім бокам пра падыходы і мэтодыку кампэнсацыі за забруджаную нафту

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG