Беларусь абмяркоўвае з Нігерыяй магчымасьць паставак нафты

Кантэйнэры з нафтапрадуктамі на нафтасховішчы каля Мазыру, 2015 год
Кантэйнэры з нафтапрадуктамі на нафтасховішчы каля Мазыру, 2015 год

Беларускі амбасадар у Нігерыі Вячаслаў Брыль абмеркаваў магчымасьці паставак нафты з гэтай краіны, паведамляе БелаПАН.

«Улічваючы зацікаўленасьць Рэспублікі Беларусь у прасоўваньні экспарту тавараў і паслуг у нафтагазавым сэктары, а таксама актуальнасьць пытаньня дывэрсыфікацыі паставак нафты ў краіну, 2 траўня пасол Беларусі ў Нігерыі Вячаслаў Брыль сустрэўся з кіроўным дырэктарам Нацыянальнай нафтагазавай карпарацыі Нігерыі Майканці Бару», — гаворыцца ў паведамленьні амбасады.

Пад час сустрэчы абмеркаваная магчымасьць супрацоўніцтва сярод іншага ў галіне тэхнічнага абслугоўваньня і мадэрнізацыі нігерыйскіх нафтаперапрацоўчых заводаў і нафтавых установак, захаваньня бясьпекі нафтаправодаў.

Пра арганізацыю альтэрнатыўных расейскім паставак нафты да канца 2019 году заявіла Беларуская нафтавая кампанія: альбо праз марскія парты краінаў Балтыі, альбо праз Адэсу і нафтаправод «Адэса — Броды» на Мазырскі НПЗ. Пастаўшчык нафты пакуль ня вызначаны, «усё будзе залежаць ад цаны».

Магчыма, гэта будуць пастаўкі з Азэрбайджану, Саудаўскай Арабіі, Нігерыі.

​
XS
SM
MD
LG