Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Расейскую нафту нішто не заменіць», — экспэрт пра заявы Менску наконт пошукаў альтэрнатывы


Цыстэрна з нафтай на нафтаперапамповачнай станцыі прадпрыемства «Гомельтранснафта Дружба», якое забясьпечвае пастаўку нафты з Расеі ва Ўкраіну і краіны Эўразьвязу. Архіўнае фота
Цыстэрна з нафтай на нафтаперапамповачнай станцыі прадпрыемства «Гомельтранснафта Дружба», якое забясьпечвае пастаўку нафты з Расеі ва Ўкраіну і краіны Эўразьвязу. Архіўнае фота

Партнэр кансалтынгавай кампаніі RusEnergy Міхаіл Круціхін​ лічыць, што альтэрнатыўныя расейскім пастаўкі нафты ў Беларусь праз парты Балтыі ці Ўкраіны — гэта пакуль палітычныя заявы.

«Расейскія пастаўкі нішто ня ў стане замяніць», — сказаў ён у інтэрвію Свабодзе.

Пра арганізацыю такіх паставак да канца 2019 году заявіла Беларуская нафтавая кампанія: альбо праз марскія парты краінаў Балтыі, альбо праз Адэсу і нафтаправод «Адэса — Броды» на Мазырскі НПЗ. Пастаўшчык нафты пакуль ня вызначаны, «усё будзе залежаць ад цаны». Магчыма, гэта будуць пастаўкі з Азэрбайджану, Саудаўскай Арабіі, Нігерыі.

«„Адэса-Броды“ ў непрацоўным стане»

Міхаіл Круціхін адзначае, што калі гаворка вядзецца пра альтэрнатыўныя расейскім пастаўкі з поўдня, то гэта азначае нафтаправод «Адэса — Броды», які «плянавалі працягнуць да беларускай тэрыторыі, але так і не працягнулі».

Міхаіл Круціхін
Міхаіл Круціхін

«Па ім магла б паступаць нафта з Казахстану альбо з Азэрбайджану праз чарнаморскія парты. Але цяпер ён у непрацоўным стане, па ім практычна нічога не паступае, — кажа экспэрт. — Але нават калі працягнуць гэтую трасу ад Бродаў да Беларусі, аб’ёмы ўсё роўна будуць ня вельмі вялікія»​.

Па словах экспэрта, Беларусь можа атрымліваць нафту праз латвійскія і літоўскія парты, напрыклад, праз Буцінге.

«Ёсьць і трубаправодная траса, хаця яна таксама пакуль у непрацоўным стане, пасьля таго як „Транснефть“ абвясьціла яе аварыйнай і адмовілася па ёй пампаваць. Але тут таксама невялікія абʼёмы».

Паводле Круціхіна, расейскія пастаўкі нафты ў Беларусь нішто ня ў стане замяніць. Таму заявы пра адваротнае «маюць палітычны характар і не заснаваныя на рэальнай лягістыцы і тэхналягічных характарыстыках шляхоў імпарту сырой нафты».

Адкуль праблемы зь якасьцю расейскай нафты для Беларусі?

Паводле Міхаіла Круціхіна, праблема ўзьнікла з прычыны моцна павышанага, амаль у сто разоў, утрыманьня арганічных хлярыдаў у расейскай нафце, якая пастаўлялася на беларускія НПЗ.

«Гэта вельмі сурʼёзна. Гэтую памылку і непрыемнасьць прызналі ў кампаніі „Транснефть“, якая пастаўляе расейскую сумесь на беларускія заводы. І абяцалі выправіць гэтую памылку. Але, мяркуючы па ўсім, яе выправяць цягам 8–10 дзён. І пасьля гэтага праблемы зь якасьцю расейскай нафты ў Беларусі ня будзе. Усё астатняе, апроч гэтай тэхнічнай непрыемнасьці, — гэта палітыка».

Партнэр кансалтынгавай кампаніі RusEnergy кажа, што памер кампэнсацыі будзе залежаць ад узроўню шкоды, нанесенай абсталяваньню на беларускім НПЗ.

«Пашкоджаньне абсталяваньня магчымае, бо ад гэтых хлёрарганічных злучэньняў найперш церпяць каталізатары, устаноўленыя на НПЗ. Гэта даволі дарагая рэч, але замена іх каштуе не такіх ужо вялікіх грошай у расейскіх маштабах.

Але гэта зноў жа спрэчка гаспадарчых субʼектаў з прычыны невыкананьня ўмоў складу нафты, якая пастаўляецца, а не палітыка. Вось палітыка пачынаецца, калі пойдуць заявы, што мы цяпер будзем атрымліваць нафту зь іншых крыніцаў. Там ужо ніякіх камэнтароў з боку тэхнічных экспэртаў даць немагчыма».

«Беларусь ня будзе спыняць транзыт»

Ці можа Беларусь ажыцьцявіць свае ранейшыя абяцаньні і прыпыніць транзыт расейскай нафты ў Эўропу?

Паводле Міхаіла Круціхіна, у студзені 2007 году ўжо прымалася рашэньне закрыць нафтаправод «Дружба».

«Пакінуць для двух беларускіх заводаў 18 мільёнаў тон нафты ў год, а ўсё астатняе замест „Дружбы“ накіраваць у расейскія парты на Балтыцы, каб не было ніякага транзыту і ніякіх спрэчак зь Беларусьсю. Ад таго часу трубу абмежаванай магчымасьці пабудавалі да Усьць-Лугі ад насоснай станцыі Ўнеча. Але яна не працуе як замена „Дружбы“», — кажа экспэрт.

Ён перакананы, што Беларусь ня будзе спыняць транзыт, бо «гэта ж частка прыбыткаў беларускага бюджэту».

Беларуска-расейскі «нафтавы канфлікт». Асноўнае

  • 11 красавіка 2019 году Аляксандар Лукашэнка прыгразіў закрыць на рамонт нафтаправод, па якім расейская нафта ідзе ў Эўропу. Гэтак ён адрэагаваў на абмежаваньні, якія Расея ўвяла на імпарт прадуктаў харчаваньня зь Беларусі.
  • Гаворка ідзе пра паўднёвую галіну нафтаправоду «Дружба», апэратар якой — ААТ «Гомельтранснафта Дружба». Па ёй ідзе транзыт расейскай нафты ў Польшчу, Украіну, Вугоршчыну, Нямеччыну.
  • 21 красавіка Беларусь прыняла рашэньне часова абмежаваць экспарт нафтапрадуктаў, бо беларускія НПЗ атрымалі партыю няякаснай расейскай нафты: узровень хлярыдаў вырас у 20 і больш разоў, сьцьвярджае афіцыйны Менск. ​На Мазырскім НПЗ заявлі, што няякасная нафта пашкодзіла дарагое абсталяваньне.
  • Расейскі бок прызнаў факт пастаўкі няякаснай нафты.
  • Беларускі бок заяўляе, што страты ад спыненьня паставак могуць скласьці некалькі сотняў мільёнаў даляраў.
  • 23 красавіка намесьнік гендырэктара Беларускай нафтавай кампаніі (БНК) Сяргей Грыб паведаміў, што празь няякасную расейскую нафту Беларусь вымушана прыпыніла экспарт сьветлых нафтапрадуктаў (бэнзін і дызпаліва) ва Ўкраіну, Польшчу і краіны Балтыі.
  • Таксама Грыб заявіў, што Беларусь гатовая да канца году пачаць альтэрнатыўныя расейскай пастаўкі нафты: адзін з варыянтаў — праз марскія парты краінаў Балтыі, другі — праз Адэсу і нафтправод Адэса—Броды на Мазырскі НПЗ.
  • Пытаньні да якасьці расейскай нафты паўсталі на фоне спрэчак Беларусі і Расеі, калі Масква адхіліла прапанову Менску павялічыць тарыф на транзыт нафты адразу на 23,1% у сувязі з захадамі экалягічнай бясьпекі.
  • 26 красавіка расейцы завялі крымінальную справу аб забруджваньні нафты. Меркавана, хлёрарганіку ўкінулі праз прыватны трубаправод у Самарскай вобласьці.

    27 красавіка прэмʼер-міністар Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў загадаў цягам 7 дзён пакараць адказных за забруджаньне нафты ў трубапровадзе «Дружба».

  • 20 стузеня 2020 году Беларусь дамовілася з расейскім бокам пра падыходы і мэтодыку кампэнсацыі за забруджаную нафту

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG