Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь дамовілася з Казахстанам пра пастаўкі нафты


Казахстан і Беларусь узгаднілі тэкст пагадненьня аб пастаўцы нафты і нафтапрадуктаў, паведаміў журналістам 25 кастрычніка міністар энэргетыкі Казахстану Канат Базумбаеў, піша «Власть. Казахстан».

«Так, мы ўзгаднілі асноўныя парамэтры пагадненьня аб пастаўках нафты і нафтапрадуктаў. Узгаднілі пагадненьне, у асноўным тэкст. Можна сказаць, што 100% узгаднілі», — паведаміў Базумбаеў, адзначыўшы, што 25 кастрычніка, падчас візыту Лукашэнкі ў Казахстан, пагадненьне ня будзе падпісанае, таму што спачатку неабходна правесьці ўнутрыдзяржаўныя працэдуры.

Што датычыцца аб’ёмаў пастаўкі, то, паводле кіраўніка Мінэнэрга Казахстану, іх пакуль няма ў тэксьце.

«У пагадненьні ня будзе абʼёмаў, будуць правілы, умовы, як гэта будзе рабіцца», — дадаў ён.

Паводле Базумбаева, беларускі бок пагадзіўся не займацца рээкспартам казахстанскай нафты і нафтапрадуктаў. А Казахстан гатовы даць партнэрам магчымасьць наўпрост дамаўляцца з айчыннымі нафтаздабыўнымі кампаніямі.

«Мы дамо нашым беларускім партнэрам магчымасьць правядзеньня перамоваў з нашымі нафтаздабыўнымі кампаніямі. Найперш гэта нашы нафтаздабыўныя кампаніі на Тэнгізам, Карачаганаку і Кашагане», — сказаў Базумбаеў.

Пасьля інцыдэнту з расейскай «бруднай нафтай», а таксама ў сувязі з расейскім «падатковым манэўрам» беларускія ўлады сёлета заявілі пра намер пачаць экспарт нафты, альтэрнатыўнай расейскай. Як адзін з магчымых варыянтаў разглядаліся пастаўкі нафты з Казахстану. У траўні Лукашэнка прапанаваў Казахстану «актывізаваць перамовы» аб пастаўках нафты.

У Беларускай нафтавай кампаніі таксама заяўлялі, што разьлічваюць да канца 2019 году арганізаваць альтэрнатыўны Расеі імпарт нафты праз марскія парты краінаў Балтыі ці праз Ўкраіну (праз Адэсу і нафтаправод Адэса — Броды на Мазырскі НПЗ). Акрамя гэтага, у якасьці магчымых варыянтаў былі названыя пастаўкі з Азэрбайджану, Саудаўскай Арабіі, Нігерыі, паколькі канчаткова пастаўшчык нафты пакуль ня вызначаны, «усё будзе залежаць ад цаны».

Беларуска-расейскі «нафтавы канфлікт». Асноўнае

  • 11 красавіка 2019 году Аляксандар Лукашэнка прыгразіў закрыць на рамонт нафтаправод, па якім расейская нафта ідзе ў Эўропу. Гэтак ён адрэагаваў на абмежаваньні, якія Расея ўвяла на імпарт прадуктаў харчаваньня зь Беларусі.
  • Гаворка ідзе пра паўднёвую галіну нафтаправоду «Дружба», апэратар якой — ААТ «Гомельтранснафта Дружба». Па ёй ідзе транзыт расейскай нафты ў Польшчу, Украіну, Вугоршчыну, Нямеччыну.
  • 21 красавіка Беларусь прыняла рашэньне часова абмежаваць экспарт нафтапрадуктаў, бо беларускія НПЗ атрымалі партыю няякаснай расейскай нафты: узровень хлярыдаў вырас у 20 і больш разоў, сьцьвярджае афіцыйны Менск. ​На Мазырскім НПЗ заявлі, што няякасная нафта пашкодзіла дарагое абсталяваньне.
  • Расейскі бок прызнаў факт пастаўкі няякаснай нафты.
  • Беларускі бок заяўляе, што страты ад спыненьня паставак могуць скласьці некалькі сотняў мільёнаў даляраў.
  • 23 красавіка намесьнік гендырэктара Беларускай нафтавай кампаніі (БНК) Сяргей Грыб паведаміў, што празь няякасную расейскую нафту Беларусь вымушана прыпыніла экспарт сьветлых нафтапрадуктаў (бэнзін і дызпаліва) ва Ўкраіну, Польшчу і краіны Балтыі.
  • Таксама Грыб заявіў, што Беларусь гатовая да канца году пачаць альтэрнатыўныя расейскай пастаўкі нафты: адзін з варыянтаў — праз марскія парты краінаў Балтыі, другі — праз Адэсу і нафтправод Адэса—Броды на Мазырскі НПЗ.
  • Пытаньні да якасьці расейскай нафты паўсталі на фоне спрэчак Беларусі і Расеі, калі Масква адхіліла прапанову Менску павялічыць тарыф на транзыт нафты адразу на 23,1% у сувязі з захадамі экалягічнай бясьпекі.
  • 26 красавіка расейцы завялі крымінальную справу аб забруджваньні нафты. Меркавана, хлёрарганіку ўкінулі праз прыватны трубаправод у Самарскай вобласьці.

    27 красавіка прэмʼер-міністар Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў загадаў цягам 7 дзён пакараць адказных за забруджаньне нафты ў трубапровадзе «Дружба».

  • 20 стузеня 2020 году Беларусь дамовілася з расейскім бокам пра падыходы і мэтодыку кампэнсацыі за забруджаную нафту

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG