Лукашэнка прапанаваў Казахстану актывізаваць перамовы па пастаўках нафты

Ілюстрацыйнае фота. Нафтаправод «Дружба»
Ілюстрацыйнае фота. Нафтаправод «Дружба»

Беларусь вядзе перамовы па пастаўках нафты з Казахстанам і прапануе актывізаваць гэтыя перамовы, заявіў Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з амбасадарам Казахстану ў Беларусі Ермухаметом Ертысбаевым, паведамляе БЕЛТА.

Падчас сустрэчы Лукашэнка падкрэсьліў, што цяпер Беларусь займаецца дывэрсыфікацыяй паставак вуглевадароднай сыравіны і вядзе перамовы па альтэрнатыўных расейскім пастаўках нафты зь іншых краінаў.

Паводле Лукашэнкі, у 2019 годзе Беларусь ў асноўным скончыць мадэрнізацыю нафтаперапрацоўчых заводаў, таму «будзе трошкі лягчэй купляць з сусьветных рынкаў нафту».

«У сувязі з гэтым ужо вядзем перамовы і хацелі б, каб яны былі актывізаваныя, па пастаўках казахстанскай нафты ў Беларусь. Думаю, гэта пытаньне мы можам вырашыць. Яно ляжыць у плоскасьці ня толькі Беларусі і Казахстану (тут праблем няма), але і Расеі па транзыце. Расея — сябра ЭАЭС. Я думаю, што з блізкай нам краінай мы зможам дамовіцца пра нейкія аб’ёмах паставак нафты з Казахстану», — сказаў Лукашэнка.

Раней у Беларускай нафтавай кампаніі ўжо заяўлялі, што разьлічваюць да канца 2019 году арганізаваць альтэрнатыўны Расеі імпарт нафты праз марскія парты краінаў Балтыі ці праз Ўкраіну (праз Адэсу і нафтаправод Адэса — Броды на Мазырскі НПЗ). Акрамя гэтага, у якасьці магчымых варыянтаў былі названыя пастаўкі з Азэрбайджану, Саудаўскай Арабіі, Нігерыі, паколькі канчаткова пастаўшчык нафты пакуль ня вызначаны, «усё будзе залежаць ад цаны».

​
XS
SM
MD
LG