Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Насеньне для гаспадаркі Лукашэнкі і абсталяваньне для МУС за $230 тысяч. Некалькі цікавых дзяржзакупак


Аляксандар Лукашэнка ідзе па полі зь сярпом у ААТ «Александрыя», 2017 год
Аляксандар Лукашэнка ідзе па полі зь сярпом у ААТ «Александрыя», 2017 год

Што набывалі дзяржаўныя органы ў 2019 годзе. Свабода прагледзела сайт дзяржзакупак і сабрала найцікавейшае.

«Беларуская думка» за 55 тысяч даляраў

Выданьне часопіса беларускага дзяржаўнага агенцтва БелТА, штомесячніка «Беларуская думка» абыходзіцца ў 110 тысяч рублёў на год. Столькі каштуюць паліграфічныя паслугі, што вынікае зь дзяржаўнай закупкі, разьмешчанай на icetrade.by.

Гэта 34 800 экзэмпляраў часопіса. У закупцы ўказаныя «ўласныя сродкі».

Для зьняволеных — мука другога гатунку

Турма №1 у Горадні, архіўнае фота
Турма №1 у Горадні, архіўнае фота

Папраўчая ўстанова «Турма № 1» Горадзенскай вобласьці набывае за год 75 тон мукі другога гатунку. Гэты гатунак лічыцца ня вельмі якасным празь вялікую долю абалонак зерня ў ёй. У краме такую муку знайсьці цяжка: у асноўным прадаюцца найвышэйшы і першы гатункі.

Памыць міліцэйскія машыны за 20 тысяч даляраў

Ілюстрацыйнае фота. Міліцыя падчас пратэстаў у Курапатах, 2017 год
Ілюстрацыйнае фота. Міліцыя падчас пратэстаў у Курапатах, 2017 год

Мыцьцё машын у Савецкім аддзяленьні Дэпартамэнту аховы МУС на год абыходзіцца ў 40 тысяч рублёў. Адпаведная заяўка разьмешчаная на сайце дзяржзакупак. Паводле дакумэнтаў, за гэтыя грошы можна памыць 34 аўтамабілі.

Абсталяваньне для МУС за 230 тысяч даляраў

«Абсталяваньне для мадэрнізацыі ведамаснай сеткі перадачы дадзеных МУС Рэспублікі Беларусь» — так называецца дзяржзакупка на 460 634 рублі. Абсталяваньне «для прыёму, пераўтварэньня і перадачы або аднаўленьня галасоў, выяваў і іншых дадзеных», мяркуючы па заяўцы, прыехала з Кітаю.

180 партрэтаў Лукашэнкі

Cтэнд «Дзяржаўная сымболіка Рэспублікі Беларусь» у віцебскай школе № 12. Адзін зь «дзяржаўных сымбаляў» — Аляксандар Лукашэнка. Віцебск, 2015 год
Cтэнд «Дзяржаўная сымболіка Рэспублікі Беларусь» у віцебскай школе № 12. Адзін зь «дзяржаўных сымбаляў» — Аляксандар Лукашэнка. Віцебск, 2015 год

Галоўнае ўпраўленьне капітальнага будаўніцтва ўпраўленьня справамі прэзыдэнта сёлета спрабавала набыць 180 партрэтаў Аляксандра Лукашэнкі. Закупка не адбылася, бо не было пададзена ніводнай прапановы на ўдзел у конкурсе.

Насеньне для гаспадаркі Лукашэнкі на 34 тысячы даляраў

Для аграпрамысловага холдынгу кіраваньня справамі прэзыдэнта сёлета закупілі:

  • насеньне гібрыднага азімага рапсу за 11 968 рублёў;
  • насеньне гібрыднага азімага жыта за 56 700 рублёў.

Агулам насеньне абышлося ў 34 тысячы даляраў. Менавіта ў гэтай гаспадарцы па тэлевізіі паказваюць небывалы ўраджай бульбы, кавуноў ды іншых сельскагаспадарчых культур.

Дровы, каб ацяпляць установы культуры

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Гомельскі райвыканкам набывае дровы на 11 656 рублёў. Заяўка разьмешчаная ад аддзелу ідэалёгіі, культуры і ў справах моладзі. Гэтыя дровы выкарыстоўваюць, каб ацяпляць установы: дамы культуры, клюбы і бібліятэкі.

Бюлетэнь адміністрацыі Лукашэнкі

Інфармацыйны бюлетэнь Адміністрацыі прэзыдэнта абыходзіцца бюджэту ў 28600 даляраў на год. Гэта паліграфічныя паслугі для друку 18 696 асобнікаў.

12 000 кубікаў Рубіка для трактарнага заводу

Кубік Рубіка, ілюстрацыйнае фота
Кубік Рубіка, ілюстрацыйнае фота

Менскі трактарны завод сёлета праводзіў закупку 12 000 кубікаў Рубіка за 255 000 рублёў. Тады Свабодзе пацьвердзілі, што такая закупка сапраўды ёсьць і ў ёй няма «нічога дзіўнага», бо гэта «падарункі для дзяцей супрацоўнікаў на Новы год».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG