Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзеля чаго беларускія ўлады шукаюць альтэрнатыўную нафту?


Валер Карбалевіч

У пошуках альтэрнатыўных крыніц паставак нафты патрэбна стратэгічнае палітычнае рашэньне, каб адарвацца ад расейскай энэргетычнай пупавіны. Калі б Лукашэнка гэта зрабіў, то, магчыма, гісторыя яму шмат што даравала б.

Сьцісла:

  • У праекце паставак казахстанскай нафты вельмі шмат няпэўнасьці.
  • Апошнім часам беларускія ўлады актыўна абмяркоўваюць тэму дывэрсыфікацыі паставак энэргарэсурсаў.
  • Але, падаецца, усе гэтыя спробы ёсьць спосабам націснуць на Маскву, каб атрымаць кампэнсацыю за падатковы манэўр.
  • Пасьля заканчэньня падатковага манэўру ў Расеі цана на нафту, якая пастаўляецца на беларускія НПЗ, стане сусьветнай. Што будзе азначаць канец нафтавай рэнты.
  • Альтэрнатыўныя крыніцы паставак нафты — гэта пытаньне не пра грошы, а пра незалежнасьць, пра пазбаўленьне ад расейскага манапаліста.

Галоўнай навіной візыту Лукашэнкі ў Казахстан стала інфармацыя пра магчымасьць паставак адтуль нафты ў Беларусь. Але сытуацыя вельмі няпэўная. Дамову аб пастаўках нафты так і не падпісалі. Трэба яшчэ дамаўляцца з казаскімі нафтавымі кампаніямі.

І галоўнае: патрэбная згода Расеі на выкарыстаньне яе нафтаправодаў. Але навошта гэта Маскве? РФ зацікаўлена захаваць манаполію на пастаўкі нафты і газу ў Беларусь. Гэта важны стратэгічны рычаг уплыву, мэханізм залежнасьці саюзьніка. А ёй прапануюць уласнымі рукамі яго разбураць.

Узьнікае і іншае пытаньне: а Беларусі гэта навошта? Калі казаць пра кошт, то наўрад ці казахстанская нафта будзе таньнейшая за расейскую, хоць гэтую тэму трэба яшчэ дасьледаваць.

Галоўны сэнс згаданага праекту з Казахстанам — гэта пошук альтэрнатывы, дывэрсыфікацыя паставак энэргарэсурсаў, каб пазбавіцца залежнасьці ад аднаго пастаўніка. Ідэя правільная. Яна абмяркоўваецца, пралічваецца, публічна прагаворваецца. Лукашэнка даў адпаведнае даручэньне ўраду.

Кіраўніцтва Беларускай нафтавай кампаніі (БНК) паведамляла, што прапрацоўваюцца схемы паставак альтэрнатыўных крыніц нафты і праз марскія парты краінаў Балтыі, і праз Адэсу, нафтаправод Адэса—Броды. Нібыта разглядаюцца варыянты купляць нафту у Азэрбайджане, Савудаўскай Арабіі, Нігерыі.

У жніўні зьявілася інфармацыя, што БНК наняла лабіста Дэвіда Генкарэлі, каб дамагчыся зьмякчэньня санкцый ЗША адносна Беларусі і атрымаць дазвол на закупку амэрыканскай сырой нафты.

Лукашэнка ўжо двойчы казаў пра варыянт паставак нафты праз польскія парты і выкарыстаньне дзьвюх нітак нафтаправоду «Дружба» у рэвэрсным кірунку. Паводле маёй інфармацыі, папярэднія перамовы на гэтую тэму з польскім бокам ужо пачаліся.

Аднак усе гэтыя высілкі пакуль не пераконваюць у сур’ёзнасьці намеру афіцыйнага Менску. Бо паўстае пытаньне: гэта сапраўды пошук нафтавай альтэрнатывы ці проста спосаб шантажаваць Расею? Выглядае, што хутчэй другое. Гэта спроба націснуць на Маскву, каб атрымаць кампэнсацыю за падатковы манэўр. Ды Лукашэнка гэтага і не хавае. 6 верасьня, выступаючы перад журналістамі дзяржаўных мэдыяў у Берасьці, ён заявіў: «Але калі мы праз Польшчу пачнем пастаўляць нафту, то мы забярэм дзьве ніткі нафтаправоду „Дружба“, па якім на экспарт ідзе расейская нафта. Гэта трэба расейцам? Не. Ну дык давайце дамаўляцца па-людзку і будзем рабіць, як лепш».

Але тут трэба прымаць пад увагу іншую акалічнасьць. Пасьля заканчэньня падатковага манэўру ў Расеі цана на нафту, якая пастаўляецца на беларускія НПЗ, стане сусьветнай. Гэта значыць маржа, якая ідзе ў беларускі бюджэт, будзе мінімальнай — бо вельмі доўгае транспартнае плячо. Што будзе азначаць канец нафтавай рэнты, якая ў лепшыя часы складала львіную долю дзяржаўных даходаў. На гэтым у значнай ступені базавалася выжываньне беларускай сацыяльнай мадэлі. Уладам цяжка прызнаваць гэтую драматычную перамену, і таму яны хапаюцца за саломінку.

Але трэба знайсьці сілы, прызнаць новую рэальнасьць і прыняць стратэгічнае рашэньне. Гледзячы па ўсім, з чыста эканамічнага гледзішча расейская нафта будзе самая танная нават пасьля завяршэньня падатковага манэўру. Бо існуе адпрацаваная лягістыка. Ва ўсялякім разе так лічыць шмат экспэртаў. Бо альтэрнатыўныя шляхі паставак патрабуюць шмат інвэстыцый. Нафтаправод «Адэса — Броды», як і трубаправодныя трасы ў літоўскія парты, напрыклад, праз Буцінге — у непрацоўным стане. Транзыт нафты з ЗША выглядае ўвогуле экзатычным.

Але тут трэба ставіць пытаньне інакш. Альтэрнатыўныя крыніцы паставак нафты — гэта пытаньне пра грошы ці пра незалежнасьць, пра пазбаўленьне ад расейскага манапаліста? (У гэтым пляне пастаўкі з Казахстану праз расейскія трубаправоды — гэта не альтэрнатыва, бо Расея можа ў любы момант перакрыць кранік). Калі гаворка ідзе пра незалежнасьць , то яна мае свой кошт. І тут патрэбнае стратэгічнае палітычнае рашэньне, каб адарвацца ад расейскай энэргетычнай пупавіны. Калі б Лукашэнка гэта зрабіў, то, магчыма, гісторыя яму шмат што даравала.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG