Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Спрабуюць даказаць сьвету, што ў нас усё вельмі кепска», — Ярмошына пра назіраньне за выбарамі


Лідзія Ярмошына, 18 лістапада

Падчас выбараў у Палату прадстаўнікоў была выдаленая рэкордная колькасьць назіральнікаў, расказала дзяржаўнаму тэлеканалу АНТ 24 лістапада старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына.

За ўвесь час выбараў выдалілі 105 назіральнікаў, зь якіх 35 за «фальшывыя дакумэнты аб вылучэньні» і 70 за «парушэньне законаў», расказала Ярмошына. Пасьля гэтага астатнія назіральнікі «ўжо падумалі, што трэба неяк іначай сябе паводзіць, стрымліваць сябе і памятаць, што яны інтэлігентныя людзі».

Паводле Ярмошынай, «усе арганізатары выбараў» кажуць, што нядаўняя выбарчая кампанія была «найбольш канфліктнай і скандальнай». Зь некаторымі з «арганізатараў» нават судзіліся, дадала яна.

«Асабліва яна [выбарчая кампанія] была складаная тым, што з моманту зьяўленьня назіральнікаў АБСЭ, заходніх назіральнікаў, асабліва кароткатэрміновых, пэўныя палітычныя сілы сталі спрабаваць даказаць і паказаць усяму сьвету, што ў нас усё вельмі дрэнна», — адзначыла старшыня ЦВК.

22 лістапада Ярмошына паведамяла, што ЦВК накіравала свае пярэчаньні наконт справаздачы АБСЭ аб парлямэнцкіх выбарах у Беларусі. Высновы заходніх назіральнікаў, якія прызналі выбары неадпаведнымі міжнародным дэмакратычным стандартам, крытыкавалі і яна, і МЗС Беларусі, і МЗС Расеі.

«Я адразу магу сказаць, што калі б была пара-тройка апазыцыянэраў, выбраных у парлямэнт, паверце, былі б зусім іншыя ацэнкі ад АБСЭ, — заявіла Ярмошына. — Уся бяда ў тым, што ў нас у гэты раз ня выбраная апазыцыя. І гэта паўплывала на ўсё».

У 2016 годзе, калі ў Палату прадстаўнікоў трапілі 2 непраўладныя дэпутаты са 110, АБСЭ заяўляла пра неадпаведнасьць выбараў міжнародным дэмакратычным стандартам — таксама як і цяпер.

Акрамя таго, Ярмошына адзначыла, што тое, «што там указвае АБСЭ», складае «паўадсотка»: 25 выбарчых участкаў, а ў Беларусі іх было 5800.

Вядоўца перадачы Юры Гроераў заявіў, што ў час выбарчай кампаніі адбыліся правакацыі, былі «цкаваньне і перасьлед» чальцоў выбарчых камісіяў. Ярмошына адказала, што ЦВК «дапамагла расставіць акцэнты» ў гэтых выпадках.

«А нашыя выбарчыя камісіі разгубіліся, разгубіліся выбарнікі, — расказала Ярмошына. — Гэта беларусы, яны ж безабаронныя перад нахабнікамі. У нас ёсьць такая нацыянальная рыса: мы губляемся. Нахабныя, агрэсіўныя задаюць тон часьцяком. Таму нашая памяркоўнасьць, талерантнасьць, яна, вядома, тут выконвае пэўную ролю».

Перад прэзыдэнцкімі выбарамі, што чакаюцца ў 2020 годзе, выбары ў Палату прадстаўнікоў былі «рэпэтыцыяй», пагадзілася Ярмошына зь вядоўцам. Выбарчыя камісіі «ўспомнілі закон, страпянуліся», а таксама «прыгадалі, што такое тэледэбаты і як іх арганізоўваць».

Між мінулымі выбарамі ў Палату прадстаўнікоў і будучымі прэзыдэнцкімі «будзе вельмі шмат агульнага ў нейкіх падыходах», дадала яна, але гэта будуць «тэхналягічныя падыходы, якіх грамадзтва не заўважыць». Выбары-2020 будуць адрозьнівацца ад выбараў-2015, «гэта будуць розныя кампаніі», але мяняць выбарчае заканадаўства да прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі ня будуць.

Парлямэнцкія выбары-2019 у Беларусі. Што варта ведаць

Асноўны дзень галасаваньня на выбарах у Палату прадстаўнікоў сёмага скліканьня — ніжнюю палату Нацыянальнага сходу — 17 лістапада. Датэрміновае галасаваньне праходзіла ад 12 да 16 лістапада. Папярэднія вынікі сталі вядомыя 18 лістапада, ніводзін апазыцыянэр ня трапіў у Нацыянальны сход.

  • За 5 дзён датэрміновага галасаваньня на парлямэнцкіх выбарах у Беларусі, паводле ЦВК, прагаласавала 35,77% выбарнікаў. Незалежныя назіральнікі заяўляюць пра завышэньне яўкі больш чым у 2 разы.
  • Агулам у Палату прадстаўнікоў трапляе 110 дэпутатаў. Дэпутаты ніжняй палаты выбіраюцца паводле выбарчых акругаў, а не партыйных сьпісаў. Праўладная «Белая Русь» прапаноўвала выбіраць прынамсі палову дэпутатаў паводле партыйных сьпісаў (як, напрыклад, ва Ўкраіне), але ўлады гэтую ідэю адхілілі.
  • Галасаваць на выбарах у Палату маюць права усе паўналетнія грамадзяне Беларусі. Галасаваньне добраахвотнае і ня можа быць прымусовым. Скардзіцца на прымус да галасаваньня можна ў пракуратуру ці ў райвыканкамы.
  • Цяперашнія выбары адбыліся датэрмінова, хоць фармальна датэрміновымі ня лічацца. Тэрмін паўнамоцтваў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў — 4 гады. Але калі паміж выбарамі 2012 і 2016 гадоў прайшло 1449 дзён (3 гады, 11 месяцаў і 19 дзён), то паміж выбарамі 2016 і 2019-га пройдзе ўсяго 1162 дні (3 гады, 2 месяцы і 6 дзён).
  • Лукашэнка першапачаткова прапаноўваў правесьці выбары ў Палату на 7 лістапада — Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына тлумачыла, што гэтак ня варта рабіць. Урэшце на гэты дзень прызначылі выбары ў Савет Рэспублікі.
  • Выбары ў Савет Рэспублікі — верхнюю палату Нацыянальнага сходу — прайшлі 7 лістапада без удзелу звычайных беларусаў. Па 8 дэпутатаў ад вобласьці і яшчэ 8 ад Менску выбралі на абласных сходах дэпутаты гарадзкіх і раённых саветаў, яшчэ 8 дэпутатаў мае права прызначаць (але звычайна прызначае ня ўсіх) асабіста Аляксандар Лукашэнка. Ніводную кандыдатуру не адхілілі.
  • Фракцый у Палаце прадстаўнікоў няма. Апазыцыя амаль не трапляе ў Нацыянальны сход. Так, у Палаце прадстаўнікоў шостага скліканьня толькі 2 са 110 дэпутатаў — не прыхільнікі Лукашэнкі: Ганна Канапацкая ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі і беспартыйная Алена Анісім, старшыня Таварыства беларускай мовы. У Савеце Рэспублікі апазыцыі няма.
  • Нацыянальны сход дзейнічае з 1996 году — пасьля таго як Лукашэнка распусьціў Вярхоўны Савет XIII скліканьня. Выбары дэпутатаў Нацыянальнага сходу першага скліканьня не праводзіліся, Лукашэнка проста прызначыў туды ляяльных яму дэпутатаў Вярхоўнага Савету.
  • Нацыянальны сход амаль не распрацоўвае законапраектаў (часьцей гэта робяць міністэрствы і ведамствы) і амаль ніколі не галасуе супраць. Рэкорд шостага скліканьня Палаты прадстаўнікоў — 10 галасоў (9%) супраць звужэньня паўнамоцтваў сваёй палаты.
  • Краіны Заходняй Эўропы і ЗША не прызнавалі свабоднымі і дэмакратычнымі ніякія выбары і рэфэрэндумы ў Беларусі пасьля 1994 году. На ўсіх выбарах назіральнікі адзначалі шматлікія парушэньні, пасьля давалі рэкамэндацыі, але Лукашэнка прасіў яго «не павучаць».
  • На выбары 17 лістапада выстаўлялі кандыдатаў прынамсі 7 апазыцыйных партыяў і шэраг рухаў. На ранейшых выбарах далёка ня ўсіх апазыцыянэраў рэгістравалі кандыдатамі або чальцамі выбарчых камісій.
  • На пачатак датэрміновага галасаваньня з 560 зарэгістраваных засталося 516 кандыдатаў. 33 самі зьнялі свае кандыдатуры, яшчэ адносна 13 скасавалі рэгістрацыю за парушэньні (6 зь іх — ад апазыцыйнай «Эўрапейскай Беларусі»). Ніводнай безальтэрнатыўнай акругі няма
  • Выбары каштавалі бюджэту каля 23 млн беларускіх рублёў. Лукашэнка кажа, што выбары «павінны прайсьці як сьвята», а Нацыянальны сход мае стаць «дыскусійнай пляцоўкай для дыялёгу дэпутатаў з рознымі поглядамі». Старшыню ЦВК Лідзію Ярмошыну «палохала цішыня» вакол выбараў, а 99% беларусаў лічаць, што ня могуць паўплываць на органы ўлады.
  • Як сьцьвярджае ЦВК, яўка на выбары склала 77,22%. На трох мінулых выбарах у Палату называлася яўка каля 74%, а рэкорд быў у 2004 годзе, калі называлася яўка 89,84%.
  • Паводле папярэдніх вынікаў, у Палату прадстаўнікоў ​прайшлі 66 мужчын і 44 жанчыны​; 30 дзейных дэпутатаў, 2 чалавекі ва ўзросьце да 30 гадоў, ніводнага апазыцыянэра.
  • Сярод вядомых беларусаў, якія трапляюць у Палату прадстаўнікоў, былая міністарка інфармацыі Лілія Ананіч, «Міс Беларусь-2018» Марыя Васілевіч, кіраўнік «Белай Русі» Генадзь Давыдзька, старшыня ЛДПБ Алег Гайдукевіч.
  • Незалежныя беларускія назіральнікі фіксавалі парушэньні на датэрміновым галасаваньні і ў асноўны дзень выбараў (731 парушэньне і 622 скаргі, у тым ліку 341 — толькі за 17 лістапада), кожнага трэцяга незалежнага назіральніка выдалілі з участка. Асноўным парушэньнем называецца адсутнасьць адкрытага падліку бюлетэняў і забарона на капіяваньне выніковага пратаколу ўчастковай камісіі. Назіральнікі АБСЭ назвалі выбары неадпаведнымі важным міжнародным дэмакратычным стандартам. Місіі СНД і ШАС назвалі выбары «празрыстымі і дэмакратычнымі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG