Расея раскрытыкавала АБСЭ за ацэнку беларускіх выбараў

Belarus - Parliamentary election,  Minsk, 17nov2019
Belarus - Parliamentary election, Minsk, 17nov2019

Міністэрства замежных справаў Расеі выдала 21 лістапада афіцыйны камэнтар пра ацэнкі выбараў у Палату прадстаўнікоў Беларусі рознымі назіральнікамі.

Расейскі бок згадвае, што за выбарамі сачылі тысячы міжнародных назіральнікаў, у тым ліку 350 з Расеі. І назіральнікі ад зьвязаных з Расеяй структураў — СНД, ШАС і Парлямэнцкага сходу Беларусі і Расеі — прызналі выбары адкрытымі, добра арганізаванымі, адпаведнымі нормам нацыянальнага заканадаўства і міжнародным стандартам.

Назіральнікі ад АБСЭ ж адзначалі шматлікія парушэньні, назвалі выбары неадпаведнымі міжнародным дэмакратычным стандартам.

«Складваецца ўражаньне, што гэтыя місіі працавалі ў розных краінах і ўжо дакладна прытрымліваліся розных правілаў і мэтадалёгіі», — адзначае МЗС Расеі.

У СНД, сьцьвярджае Расея, дзейнічаюць міжнародна-прававыя нормы, а БДІПЧ АБСЭ «працуе на прынцыпах, якія сам кулюарна прыдумаў і якія дырэктыўнымі органамі АБСЭ не зацьвярджаліся». Расея і «многія краіны» заклікалі АБСЭ распрацаваць узгодненыя правілы назіраньня за выбарамі.

«Расейскі бок вітае пасьпяховае правядзеньне ў Беларусі парлямэнцкіх выбараў, якія прайшлі пры поўнай павазе міжнародных дэмакратычных стандартаў, — піша расейскі МЗС. — Лічым ацэнкі місіі пад кіраўніцтвам БДІПЧ неаб’ектыўнымі і палітызаванымі. Шкадуем, што зь імі салідарызаваліся ЗША і краіны Эўразьвязу. Спадзяемся на эфэктыўную працу з новым складам беларускага парлямэнту, у тым ліку ў межах Парлямэнцкага сходу Саюзу Беларусі і Расеі».

​
XS
SM
MD
LG