Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарэлка, парушэньні і «Міс Беларусь». Што замежная прэса піша пра выбары


Марыя Васілевіч і Аляксандар Лукашэнка
Марыя Васілевіч і Аляксандар Лукашэнка

Самыя ўплывовыя сусьветныя СМІ праігнаравалі парлямэнцкія выбары з Беларусі, не дасылаючы ў краіну сваіх рэпартэраў. Паведамленьні зь Беларусі мала чым адрозьніваюцца. Узгадваюцца шматлікія парушэньні і нядопуск да выбараў і ў парлямэнт апазыцыі.

Польскае агенцтва друку: разнастайнасьць прадуктаў на ўчастку, дзе галасаваў Лукашэнка, па-за канкурэнцыяй

Польскае агенцтва друку (аналяг БелТА — РС) апісвае спаборніцтва выбарчых участкаў па забаўляльнай праграме. Пра выступы калектываў, бясплатную каву і гарбату, пірожнае і алькаголь.

«Выбарцаў чакалі канцэрты і мастацкія выступы, добра забясьпечаныя буфэты са зьніжкамі і самыя розныя прадукты: ад пасьцелі да ручной працы брошак».

«Булачкі, бачу, танныя, але садавіна і салодкасьці каштуюць гэтак жа, што і ў краме», — кажа польскай журналістцы адна з выбарніц.

Што ж датычыць самога галасаваньня, то Польскае агенцтва друку цытуе прэс-сакратара назіральнай кампаніі «Права выбару» Аляксея Янукевіча пра амаль 600 парушэньняў, пачынаючы ад першага дня датэрміновага галасаваньня.

«Найперш гэта завышэньне яўкі, у некаторых выпадках нават у дзесяць разоў, выдаленьне з участкаў незалежных назіральнікаў, розьніца ў колькасьці прагаласаваўшых і недастатковая ахова скрыняў з галасамі падчас датэрміновага галасаваньня».

У публікацыі згадваюцца таксама словы Аляксандра Лукашэнкі, які назваў назіральніка «мудаком і прыдуркам», а таксама выказаў меркаваньне, што ўваход у парлямэнт «трох або чатырох звар’яцелых апазыцыянэраў» ні на што не паўплывае.

«Гэта ж не яны будуць вызначаць напрамак працы парлямэнту і тым больш краіны», — заявіў Лукашэнка. Журналіст таксама зазначае, што разнастайнасьць прадуктаў на ўчастку, дзе галасаваў Лукашэнка, пакідае па-за канкурэнцыяй іншыя буфэты.

«Dziennik»: Ад 1995 году аніводныя выбары ў Беларусі ня выканалі стандартаў АБСЭ

Польская газэта «Dziennik» цытуе Лукашэнку, які заявіў падчас галасаваньня, што ён не пераймаецца тым, як выбары ацэняць замежныя назіральнікі.

«Мы выбары праводзім для сябе, паводле сваіх правілаў. Калі грамадзтву не падабаецца, як іх арганізуе прэзыдэнт, то ў будучым годзе ён можа выбраць новага», — сказаў Лукашэнка.

Выданьне нагадала, што ад 1995 году аніводныя выбары ў Беларусі ня выканалі стандартаў АБСЭ.

«Lietuvos rytas»: «У беларускі парлямэнт трапіла каралева прыгажосьці»

Штодзёнка Lietuvos rytas падала кароткую інфармацыю пра выбары пад загалоўкам: «У беларускі парлямэнт трапіла каралева прыгажосьці», маючы на ўвазе тэлевядчую і Міс-Беларусі Марыю Васілевіч.

Партал 15min.lt: «Беларуская апазыцыя пасьля выбараў засталася бязь месцаў у парлямэнце».

Папулярны літоўскі партал delfi.lt сьціпла паведамляе пра яўку і цытуе словы Лідзіі Ярмошынай пра перамогу некаторых з кандыдатаў: былой міністаркі інфармацыі Ліліі Ананіч, былога пасла Беларусі ў Турцыі Андрэй Савіных, старшыня Лібэральна-дэмакратычнай партыі Алега Гайдукевіча і Міс-Беларусі Марыі Васільевіч.

Пасьля гэтага аўтар тлумачыць літоўскай публіцы сутнасьць выбараў у Беларусі:

«Крытыкі Лукашэнкі ня мелі доступу да парлямэнта: ключавым лідэрам апазыцыі было забаронена балятавацца. Апазыцыйныя крытыкі ў так званай Палаце прадстаўнікоў страцілі апошнія два мандаты. Усе 110 дэпутатаў прадстаўляюць ляяльныя прэзыдэнту Аляксандру Лукашэнку партыі».

Кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына
Кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына

Латыская «Diena»: «Ніхто з апазыцыйных дзеячаў не абраны ў беларускі парлямэнт»

Выданьне падкрэсьлівае, што ўсе 110 новых дэпутатаў ляяльныя да Аляксандра Лукашэнкі.

«Назіральнікі ад апазыцыі паведамлялі, што ў дзень выбараў было мноства парушэньняў. Назіральнікаў выганялі з выбарчых участкаў, ім не дазвалялі фатаграфаваць».

«Diena» нагадала латышам, што Лукашэнка кіруе Беларусьсю з 1994 года і зьбіраецца балятавацца на новы тэрмін.

Расейскі «Коммерсант»: «Генэральная рэпэтыцыя прэзыдэнцкіх выбараў»

«Коммерсант» у артыкуле пра выбары самыя выбары праігнараваў, зьмясьціўшы акцэнт на выступ Лукашэнкі на выбарчым участку.

У артыкуле «Аляксандар Лукашэнка назваў цану братэрства» выданьне назвала парлямэнцкія выбары «пазбаўленымі інтрыгі» і «генэральнай рэпэтыцыяй прэзыдэнцкіх выбараў наступнага году».

«Ва ўмовах нармалізацыі адносінаў з Захадам жорсткая рыторыка беларускага прэзыдэнта пераключылася на бліжэйшага саюзьніка — Маскву. Новы выбарчы цыкл праходзіць пад лёзунгам абароны беларускага сувэрэнітэту, галоўнай пагрозай якому Аляксандр Лукашэнка ўяўляе ўжо не Захад, а Расею».

«Эўрапейская праўда», Украіна: «Зьмена ўлады ў Беларусі немагчымая праз выбары»

Украінскі партал «Эўрапейская праўда» згадвае пра выбары ў Беларусі з кароткай публікацыі «Апазыцыя не атрымала месцаў на выбарах у Беларусі».

Выданьне нагадвае, што на папярэдніх выбарах прадстаўнікі апазыцыі заваявалі мандаты ўпершыню за 20 гадоў, але на гэты раз нікому зь іх не дазволілі балятавацца.

Па словах апазыцыі, вынік выбараў быў загадзя вызначаны, дадае выданьне.

«Вынік даўно вызначаны. Улада абрала зацьверджаных кандыдатаў. Зьмена ўлады ў Беларусі немагчымая праз выбары», — заявіў Мікола Статкевіч, вядучы апазыцыйны дзеяч.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG