Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Місіі СНД і ШАС назвалі «выбары ў Беларусі празрыстымі і дэмакратычнымі»


Прэс-канфэрэнцыя місіі СНД па выніках назіраньня за парлямэнцкімі выбарамі ў Беларусі, 18 лістапада 2019 году

Парлямэнцкія выбары ў Беларусі былі свабоднымі і празрыстымі, адпавядалі прынцыпам дэмакратыі, заявіў кіраўнік назіральнай місіі СНД Сяргей Лебедзеў 18 лістапада на прэс-канфэрэнцыі ў Менску, піша БелаПАН.

Сяргей Лебедзеў
Сяргей Лебедзеў

«Выбары праведзеныя ў адпаведнасьці з Канстытуцыяй і Выбарчым кодэксам Беларусі, былі свабоднымі і празрыстымі і адпавядалі прынцыпам дэмакратычных выбараў», — сказаў ён.

Паводле Лебедзева, у цяперашняй назіральнай місіі па ўсіх абласьцях Беларусі працавалі 475 чалавек з васьмі дзяржаваў СНД, і яна стала «самай буйной на прасторы СНД».

Паводле назіральнікаў СНД, на парлямэнцкіх выбарах у Беларусі «былі ўлічаны недахопы мінулых выбарчых кампаній». Назіральнікі місіі «не зафіксавалі выпадкаў, калі б выбарнікі не знаходзілі сябе ў сьпісах». Плюсамі названыя большая колькасьць кандыдатаў, чым у папярэдняй кампаніі, што «спрыяла большай канкурэнцыі»,«лепшую падрыхтоўку і выбарнікаў, і кандыдатаў», «годную і якасную» інфармацыйную кампанію.

Паводле Лебедзева, назіральнікі місіі былі «нацэленыя на тое, каб выявіць недахопы», і зафіксавалі іх, але «ў большасьці выпадкаў яны насілі тэхнічны характар», гэта былі «адзінкавыя недахопы, колькасьць іх нязначная», «нейкіх сур’ёзных парушэньняў выяўлена не было».

Зь недахопаў назіральнікі заўважылі, што на некаторых участках не прадугледзелі ўмоваў для галасаваньня выбарнікаў з абмежаванымі магчымасьцямі.

«На некаторых участках у Наваполацку месцы разьмяшчэньня нацыянальных назіральнікаў былі нязручнымі, не было відаць скрыні для галасаваньня. Але пасьля таго, як назіральнікі зь місіі СНД зьвярталі ўвагу на гэтыя недахопы, як правіла, сябры выбаркамаў ліквідоўвалі гэтыя заганы», — дадаў Лебедзеў.

Місія Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва таксама назвала выбары ў Беларусі «празрыстымі, сапраўднымі і дэмакратычнымі», піша БЕЛТА. Як адзначыў кіраўнік місіі Се Сяоюн, назіральнікі ШАС зафіксавалі адзінкавыя тэхнічныя парушэньні, якія ня могуць паўплываць на вынікі выбараў, а «парушэньняў нормаў нацыянальнага заканадаўства, якія ставяць пад сумнеў легітымнасьць выбараў, місіяй не адзначана».

Беларускія незалежныя назіральнікі кампаніі «Права выбару» зарэгістравалі ўжо 730 парушэньняў выбарчага заканадаўства. Асноўныя парушэньні, пра якія заявілі назіральнікі: старшыні ўчастковых камісій не забясьпечылі належнага захаваньня скрыняў датэрміновага галасаваньня; колькасьць тых, хто прагаласаваў, у пратаколах камісій не адпавядала зьвесткам назіральнікаў. 33 назіральнікі былі пазбаўленыя рэгістрацыі.

У падсумаваньні вынікаў датэрміновага галасаваньня назіральнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» казалі аб прымусе галасаваць датэрмінова, шантаж і пагрозы за адмову ўдзельнічаць у датэрміновым галасаваньні, завышэньне яўкі выбарнікаў, перашкоду працы назіральнікаў, вынясеньне ім неабгрунтаваных папярэджаньняў, пазбаўленьне акрэдытацыі і выдаленьне з участкаў для галасаваньня назіральнікаў ад апазыцыйных палітычных партый.

Парлямэнцкія выбары-2019 у Беларусі. Што варта ведаць

Асноўны дзень галасаваньня на выбарах у Палату прадстаўнікоў сёмага скліканьня — ніжнюю палату Нацыянальнага сходу — 17 лістапада. Датэрміновае галасаваньне праходзіла ад 12 да 16 лістапада. Папярэднія вынікі сталі вядомыя 18 лістапада, ніводзін апазыцыянэр ня трапіў у Нацыянальны сход.

  • За 5 дзён датэрміновага галасаваньня на парлямэнцкіх выбарах у Беларусі, паводле ЦВК, прагаласавала 35,77% выбарнікаў. Незалежныя назіральнікі заяўляюць пра завышэньне яўкі больш чым у 2 разы.
  • Агулам у Палату прадстаўнікоў трапляе 110 дэпутатаў. Дэпутаты ніжняй палаты выбіраюцца паводле выбарчых акругаў, а не партыйных сьпісаў. Праўладная «Белая Русь» прапаноўвала выбіраць прынамсі палову дэпутатаў паводле партыйных сьпісаў (як, напрыклад, ва Ўкраіне), але ўлады гэтую ідэю адхілілі.
  • Галасаваць на выбарах у Палату маюць права усе паўналетнія грамадзяне Беларусі. Галасаваньне добраахвотнае і ня можа быць прымусовым. Скардзіцца на прымус да галасаваньня можна ў пракуратуру ці ў райвыканкамы.
  • Цяперашнія выбары адбыліся датэрмінова, хоць фармальна датэрміновымі ня лічацца. Тэрмін паўнамоцтваў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў — 4 гады. Але калі паміж выбарамі 2012 і 2016 гадоў прайшло 1449 дзён (3 гады, 11 месяцаў і 19 дзён), то паміж выбарамі 2016 і 2019-га пройдзе ўсяго 1162 дні (3 гады, 2 месяцы і 6 дзён).
  • Лукашэнка першапачаткова прапаноўваў правесьці выбары ў Палату на 7 лістапада — Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына тлумачыла, што гэтак ня варта рабіць. Урэшце на гэты дзень прызначылі выбары ў Савет Рэспублікі.
  • Выбары ў Савет Рэспублікі — верхнюю палату Нацыянальнага сходу — прайшлі 7 лістапада без удзелу звычайных беларусаў. Па 8 дэпутатаў ад вобласьці і яшчэ 8 ад Менску выбралі на абласных сходах дэпутаты гарадзкіх і раённых саветаў, яшчэ 8 дэпутатаў мае права прызначаць (але звычайна прызначае ня ўсіх) асабіста Аляксандар Лукашэнка. Ніводную кандыдатуру не адхілілі.
  • Фракцый у Палаце прадстаўнікоў няма. Апазыцыя амаль не трапляе ў Нацыянальны сход. Так, у Палаце прадстаўнікоў шостага скліканьня толькі 2 са 110 дэпутатаў — не прыхільнікі Лукашэнкі: Ганна Канапацкая ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі і беспартыйная Алена Анісім, старшыня Таварыства беларускай мовы. У Савеце Рэспублікі апазыцыі няма.
  • Нацыянальны сход дзейнічае з 1996 году — пасьля таго як Лукашэнка распусьціў Вярхоўны Савет XIII скліканьня. Выбары дэпутатаў Нацыянальнага сходу першага скліканьня не праводзіліся, Лукашэнка проста прызначыў туды ляяльных яму дэпутатаў Вярхоўнага Савету.
  • Нацыянальны сход амаль не распрацоўвае законапраектаў (часьцей гэта робяць міністэрствы і ведамствы) і амаль ніколі не галасуе супраць. Рэкорд шостага скліканьня Палаты прадстаўнікоў — 10 галасоў (9%) супраць звужэньня паўнамоцтваў сваёй палаты.
  • Краіны Заходняй Эўропы і ЗША не прызнавалі свабоднымі і дэмакратычнымі ніякія выбары і рэфэрэндумы ў Беларусі пасьля 1994 году. На ўсіх выбарах назіральнікі адзначалі шматлікія парушэньні, пасьля давалі рэкамэндацыі, але Лукашэнка прасіў яго «не павучаць».
  • На выбары 17 лістапада выстаўлялі кандыдатаў прынамсі 7 апазыцыйных партыяў і шэраг рухаў. На ранейшых выбарах далёка ня ўсіх апазыцыянэраў рэгістравалі кандыдатамі або чальцамі выбарчых камісій.
  • На пачатак датэрміновага галасаваньня з 560 зарэгістраваных засталося 516 кандыдатаў. 33 самі зьнялі свае кандыдатуры, яшчэ адносна 13 скасавалі рэгістрацыю за парушэньні (6 зь іх — ад апазыцыйнай «Эўрапейскай Беларусі»). Ніводнай безальтэрнатыўнай акругі няма
  • Выбары каштавалі бюджэту каля 23 млн беларускіх рублёў. Лукашэнка кажа, што выбары «павінны прайсьці як сьвята», а Нацыянальны сход мае стаць «дыскусійнай пляцоўкай для дыялёгу дэпутатаў з рознымі поглядамі». Старшыню ЦВК Лідзію Ярмошыну «палохала цішыня» вакол выбараў, а 99% беларусаў лічаць, што ня могуць паўплываць на органы ўлады.
  • Як сьцьвярджае ЦВК, яўка на выбары склала 77,22%. На трох мінулых выбарах у Палату называлася яўка каля 74%, а рэкорд быў у 2004 годзе, калі называлася яўка 89,84%.
  • Паводле папярэдніх вынікаў, у Палату прадстаўнікоў ​прайшлі 66 мужчын і 44 жанчыны​; 30 дзейных дэпутатаў, 2 чалавекі ва ўзросьце да 30 гадоў, ніводнага апазыцыянэра.
  • Сярод вядомых беларусаў, якія трапляюць у Палату прадстаўнікоў, былая міністарка інфармацыі Лілія Ананіч, «Міс Беларусь-2018» Марыя Васілевіч, кіраўнік «Белай Русі» Генадзь Давыдзька, старшыня ЛДПБ Алег Гайдукевіч.
  • Незалежныя беларускія назіральнікі фіксавалі парушэньні на датэрміновым галасаваньні і ў асноўны дзень выбараў (731 парушэньне і 622 скаргі, у тым ліку 341 — толькі за 17 лістапада), кожнага трэцяга незалежнага назіральніка выдалілі з участка. Асноўным парушэньнем называецца адсутнасьць адкрытага падліку бюлетэняў і забарона на капіяваньне выніковага пратаколу ўчастковай камісіі. Назіральнікі АБСЭ назвалі выбары неадпаведнымі важным міжнародным дэмакратычным стандартам. Місіі СНД і ШАС назвалі выбары «празрыстымі і дэмакратычнымі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG