Эўразьвяз: ад прэзыдэнцкіх выбараў залежыць будучыня стасункаў зь Беларусьсю

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Эўрапейская служба зьнешніх дзеяньняў адзначыла 18 лістапада, што выбары ў Палату прадстаўнікоў хоць і «прайшлі агулам спакойна», пры тым «сталі страчанай магчымасьцю для правядзеньня выбараў у поўнай адпаведнасьці зь міжнароднымі стандартамі».

Прэс-сакратарка службы Мая Качыянчыч у заяве згадвае папярэднюю ацэнку выбараў ад місіяў АБСЭ: выбары «характарызаваліся агульнай зьнявагай фундамэнтальных свабодаў сходаў, асацыяцыяў і выказваньняў», «агітацыя зьдзяйсьнялася ў скарочаным аб’ёме і абмежавальных умовах, якія агулам не прадугледжвалі зьмястоўнай ці канкурэнтнай палітычнай барацьбы».

«Шэраг ключавых рэкамэндацыяў БДІПЧ АБСЭ і Вэнэцыянскай камісіі Рады Эўропы застаюцца па-за ўвагай, — піша Качыянчыч. — З прычыны прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году вельмі важна, каб улады Беларусі неадкладна аднавілі працу па ажыцьцяўленьні ўсёабдымнай рэформы выбарчага заканадаўства.

Гэта таксама будзе мець ключавое значэньне для поўнай рэалізацыі патэнцыялу адносінаў паміж ЭЗ і Беларусьсю з апорай на станоўчы досьвед супрацы апошніх трох гадоў».

Лідэры беларускіх апазыцыйных партыяў тым часам мяркуюць, што вынікі парлямэнцкіх выбараў «не разбураць стасункі» Беларусі і Эўразьвязу.

У камэнтары БелаПАН старшыня БСДП (Грамада) Ігар Барысаў заявіў, што «працэсы ўжо пайшлі», а апазыцыя ў Палаце прадстаўнікоў была патрэбная Лукашэнку толькі каб «уцягнуць» Эўразьвяз у дыялёг. Сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі сьцьвярджае, што эўрапейская «палітыка гіпэрляяльнасьці прыводзіць да пагаршэньня палітычнай сытуацыі ў краіне і адсутнасьці рэформаў» — ён заяўляе, з боку Эўразьязу «Лукашэнку ня ставілася ніякіх умоваў». Старшыня БНФ Рыгор Кастусёў зьвязвае адсутнасьць апазыцыі ў новым скліканьні Палаты прадстаўнікоў якраз з будучымі прэзыдэнцкімі выбарамі – маўляў, перад імі «любыя рызыкі будуць анулявацца», каб Лукашэнка перамог і «правіў нашай краінай яшчэ невядома колькі гадоў».

​
XS
SM
MD
LG