Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макей раскрытыкаваў экс-амбасадара Расеі Бабіча. А таго павысілі


Уладзімер Макей, архіўнае фота

Міністар замежных справаў Уладзімер Макей у інтэрвію расейскаму выданьню РБК даў ацэнку дзейнасьці ў Беларусі былога амбасадара Расеі Міхаіла Бабіча.

На пытаньне пра тое, ці лягчэй яму працуецца з новым амбасадарам Дзьмітрыем Мезенцавым, чым было з Бабічам, Уладзімер Макей адказаў, што ў Беларусі настроеныя на працу зь любым амбасадарам, якога накіруе кіраўніцтва Расеі.

«Мы працавалі і з Бабічам, сустракаліся шмат разоў, абмяркоўвалі розныя пытаньні; працуем выдатна зь Дзьмітрыем Фёдаравічам Мезенцавым, — казаў Макей. — Самае галоўнае ў тым, каб, калі ты сустракаесься і дамаўляесься пра нешта, то гэтыя дамоўленасьці павінны выконвацца. Калі ж не, калі парушаюцца нейкія рэчы, якія ў дыпляматыі прынята лічыць важнымі, сьвятымі нават, то тады пра што гаварыць?

Ну і потым, калі гучаць заявы „Я не дыплямат, я вайсковец“, значыць, тады, пэўна, няма чаго было ісьці ў дыпляматычную службу».

Міхаіл Бабіч, архіўнае фота
Міхаіл Бабіч, архіўнае фота

На пытаньне пра тое, ці Бабіч «дазваляў сабе лішняе», Макей адказаў, што ў дыпляматыі можна казаць адкрыта і шчыра, калі ёсьць праблемы, але «ёсьць правіла», што рабіць гэта трэба ў закрытым фармаце.

Паводле Макея, «спрабаваць вырашыць праблему праз вынясеньне яе на публічнае абмеркаваньне і праз СМІ […] гэта абсалютна неэфэктыўны мэтад», які ніколі не прынясе карысьці. Беларусь, падкрэсьліў ён, гатовая працаваць зь любым прадстаўніком Расеі, але «важна выконваць адпаведныя правілы паводзінаў і нормы дыпляматычнага пратаколу і этыкету».

Бабіч ужо ня проста намесьнік, а першы намесьнік міністра

Пасьля адкліканьня зь Беларусі, у сярэдзіне чэрвеня Бабіч быў прызначаны намесьнікам міністра эканамічнага разьвіцьця Расеі. Праз тры з паловай месяцы працы яго павысілі да першага намесьніка, піша РБК. Кіраўнік міністэрства Максім Арэшкін павіншаваў Бабіча і адзначыў, што той «праявіў сябе з найлепшага боку».

Максім Арэшкін, архіўнае фота
Максім Арэшкін, архіўнае фота

Паводле Арэшкіна, функцыі Бабіча ў міністэрстве застануцца ранейшымі: СНД і інтэграцыйныя працэсы. Важнасьць тэмы інтэграцыі Расеі і Беларусі, адзначыў міністар, нядаўна была пацьверджаная прэм’ерам.

Тэмай «ДНР» і «ЛНР» ва Ўкраіне Бабіч не займаецца, дадаў Арэшкін, але на яго цяпер мае легчы «большая колькасьць агульнаміністэрскіх пытаньняў».

Спрэчка паміж расейскім амбасадарам Бабічам і МЗС Беларусі. Храналёгія

  • Чарговае абвастрэньне ў стасунках паміж Беларусьсю і Расеяй пачалося з пытаньня кампэнсацыі Беларусі так званага «падатковага манэўру» расейскіх уладаў. У час напружаных перамоваў амбасадарам быў прызначаны Міхаіл Бабіч — але ад рашэньня Масквы да згоды Менску прайшоў месяц.
  • 13 сьнежня 2018 году расейскі прэм’ер-міністар Дзьмітры Мядзьведзеў заявіў, што пажаданых Беларусьсю цэнаў на газ і нафту можна дасягнуць, калі «прасоўвацца на шляху будаўніцтва Саюзнай дзяржавы». Прапанову аб стварэньні адзінага эмісійнага цэнтру, адзінай мытні, суду, падліковай палаты пазьней назавуць «ультыматумам Мядзьведзева». Лукашэнка на наступны дзень заявіў пра шантаж, намёкі на ўключэньне Беларусі ў склад Расеі і разбурэньне краіны — гэтага «ня будзе ніколі», запэўніў ён.
  • 14 сакавіка. Апублікавалі інтэрвію, у якім Бабіч завочна паспрачаўся з Лукашэнкам па шматлікіх заявах, агучаных на «Вялікай размове з прэзыдэнтам». Таксама Бабіч заявіў, што Расея «гатовая дапамагчы» Беларусі пры пагрозе сувэрэнітэту.
  • 15 сакавіка, раніца. МЗС Беларусі параіў Бабічу «праявіць крыху павагі», «паглыбіцца ў спэцыфіку краіны знаходжаньня, пазнаёміцца зь яе гісторыяй і праявіць крыху павагі».
  • 15 сакавіка, дзень. Бабіч назваў «балбатнёй» пазыцыю беларускага МЗС.
  • 15 сакавіка, вечар. Крэмль раскрытыкаваў заяву МЗС Беларусі: «Мы маем права разьлічваць на больш паважлівае стаўленьне да амбасадара».
  • 15 сакавіка, вечар: Старшыня Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл Мясьніковіч у парлямэнце заявіў, што любыя крокі ў інтэграцыйных аб’яднаньнях «павінны прадпрымацца пры захаваньні сувэрэнітэту, незалежнасьці, тэрытарыяльнай цэласнасьці, Канстытуцыі і іншых атрыбутаў дзяржаўнасьці».
  • 16 сакавіка ананімны карыстальнік сайту Petitions.by апубілкаваў зварот з заклікам абвясьціць Бабіча пэрсонай нон грата. Пэтыцыя сабрала тысячу подпісаў за два дні.
  • 18 сакавіка Бабіч даў прэс-канфэрэнцыю з нагоды «пяцігодзьдзя ўваходжаньня Крыму ў склад Расейскай Фэдэрацыі». Шэраг незалежных СМІ абвясьціў, што ня пойдзе туды, каб чытачы не падумалі, што яны падтрымліваюць «адну з пазыцый па падзеях у Крыме ў 2014 годзе». Некаторыя прадстаўнікі дзяржаўных выданьняў там былі, але нічога не пыталі.
  • 30 красавіка Бабіча адклікалі з пасады Амбасадара Расеі ў Беларусі. Новым амбасадарам стане Дзьмітры Мезенцаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG