Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новае прызначэньне Бабіча: «Гармату» выкацілі на новую пазыцыю


Міхаіл Бабіч
Міхаіл Бабіч

Сьцісла:

  • Міністар эканамічнага разьвіцьця РФ наконт прызначэньня Бабіча – «узмацненьне міністэрства цяжкой артылерыяй»
  • Сёньняшняе прызначэньне Бабіча азначае, што палітыка Расеі адносна Беларусі не мяняецца
  • Ва ўрадзе Бабіч стане менш уразьлівы для рытарычных контратакаў беларускага боку
  • Бабіч будзе ўзьдзейнічаць не адно на афіцыйных перамоўнікаў, але і на беларускае грамадзтва і ўладны апарат праз галаву найвышэйшай беларускай улады

«Узмацняем міністэрства цяжкой артылерыяй»

Былы пасол РФ у Беларусі Міхаіл Бабіч прызначаны намесьнікам міністра эканамічнага разьвіцьця. Як патлумачыў прэсавы сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітры Пяскоў, у міністэрстве Бабіч будзе займацца «інтэграцыйнай тэматыкай». Пяскоў нагадаў, што пытаньнямі інтэграцыі займаюцца некалькі ведамстваў, але міністэрства эканамічнага разьвіцьця зьяўляецца найбольш актыўным удзельнікам гэтага працэсу і выконвае «абагульняльныя функцыі».

Новы непасрэдны начальнік Бабіча, міністар эканамразьвіцьця РФ Дзьмітры Арэшкін пракамэнтаваў прызначэньне яму новага намесьніка «узмацняем міністэрства цяжкой артылерыяй».

Многія выказвалі меркаваньне, што адкліканьне Бабіча і замена яго на «мяккага» Мезенцава зусім не азначае зьмены лініі расейскай палітыкі адносна Беларусі. Сёньняшняе прызначэньне пацьвярджае гэта на тэхналягічным узроўні.

Пасьля адкліканьня Бабіча хадзілі чуткі, што ён можа быць прызначаны крамлёўскім «наглядчыкам» за Данбасам. Але яго фактычна пакінулі на тым жа кірунку працы, якім ён займаўся і ў Менску. Фігуральна кажучы, ён проста памяняў фуражку.

Магчыма, цяпер публіка радзей будзе чытаць яго рэзкія выказваньні наконт беларуска-расейскіх адносінаў, палеміку зь беларускімі ўрадоўцамі і Аляксандрам Лукашэнкам. Хаця і нават гэта ня факт.

Ці будзе публічна спрачацца з Лукашэнкам намесьнік міністра Бабіч?

Расейскі пасол, які публічна спрачаецца з кіраўніком Беларусі — да апошняга часу часу гэта было экзотыкай і выглядала пэўным парушэньнем дыпляматычнага этыкету. Чалец расейскага ўраду, які робіць тое самае, ніякіх дыпляматычных пратаколаў не парушае. Загадаюць — дык і будзе працягваць публічна лаяцца з афіцыйным Менскам, балазе, гледзячы па ўсім, яму самому гэты жанр блізкі.

Заняўшы пасаду ва ўрадзе, ён стане менш уразьлівы для рытарычных контратакаў беларускага боку. Паслу можна выказаць сваё незадавальненьне, нават намякнуць наконт непажаданасьці яго знаходжаньня ў краіне, у якой ён акрэдытаваны, назваць «бухгальтарам, які падае надзеі». А чыноўніка, адказнага за эканамічнае разьвіцьцё, папракаць у схільнасьці да бухгальтарскіх падлікаў неяк і недарэчна. Намесьніку міністра замежнай краіны незадавальненьне выказаць таксама можна, зразумела. Але ня больш за тое.

Каго ў сябе ў Расеі на якія пасады прызначаць — гэта справа расейскіх уладаў, а дакладней — Уладзіміра Пуціна. І хто з расейскіх чыноўнікаў будзе весьці перамовы з тымі ці іншымі замежнымі краінамі, у тым ліку і з Беларусьсю — ізноў жа яго справа.

І яму вырашаць, каму рыкаць на афіцыйны Менск. Каму гаварыць лагодна, ужо вырашана — паслу Мезенцаву. А каму быць «кепскім сьледчым» — магчыма і Бабічу на новай пасадзе, адпаведная рэпутацыя ўжо ёсьць.

«Мяккая сіла» Міхаіла Бабіча

Хаця публічныя заявы ня так ужо і шмат значаць. Яны могуць як быць, гэтак і іх можа ня быць. А вось тое, што намесьнік міністра Бабіч будзе ў цішыні кабінэтаў выкручваць рукі сваім беларускім партнэрам па перамовах, гэта ў любым выпадку сумневаў не выклікае. І прычым рознымі мэтадамі.

«У Міхаіла Бабіча надзвычай важны ўзровень экспэртызы ў гэтай галіне, якую ён зможа выкарыстаць дзеля паскарэньня інтэграцыйных працэсаў» — патлумачыў прэсавы сакратар Пуціна Пяскоў прызначэньне былога пасла на пасаду намесьніка міністра эканамічнага разьвіцьця.

Кампэтэнтнасьць спадара Бабіча ў пытаньнях уласна двухбаковых адносінаў — пытаньне спрэчнае. Але ў аргумэнтах бакоў ён, безумоўна, абазнаны. Аднак, акрамя таго, за некалькі месяцаў свайго знаходжаньня ў Менску ён здолеў усталяваць шырокія сувязі з беларускімі чыноўнікамі, бізнэсоўцамі, грамадзкімі дзеячамі.

Пасол Расеі Міхаіл Бабіч і міністар унутраных справаў Беларусі Ігар Шуневіч, 8 красавіка 2019
Пасол Расеі Міхаіл Бабіч і міністар унутраных справаў Беларусі Ігар Шуневіч, 8 красавіка 2019

І гэтыя сувязі дадуць яму магчымасьць выконваць яго абавязкі ў больш шырокім кантэксьце, узьдзейнічаць не адно на афіцыйных беларускіх перамоўнікаў, але і на беларускае грамадзтва, на ўладны апарат праз галаву вышэйшай беларускай улады.

Гэта, праўда, не ўваходзіць у фармальны аб’ём паўнамоцтваў намесьніка міністра эканамічнага разьвіцьця. Але і падчас працы ў Менску Міхаіл Бабіч выконваў некалькі роляў, насіў некалькі «фуражак» адначасна.

«Чалавек-гармата»

Са словаў Пяскова вынікае, што на новай пасадзе «цяжкая артылерыя» Бабіч будзе курыраваць розныя інтэграцыйныя праекты, можна меркаваць, што ня толькі беларуска-расейскую інтэграцыю, але і інтэграцыю ў межах Эўразійскага эканамічнага саюзу. Можна дапусьціць, што ўласна на Беларусь у яго цяпер будзе крыху менш часу, чым калі ён быў паслом.

Ды і паўнамоцтваў менш, з Менску ён меў прамы выхад на Пуціна, цяпер над ім будзе міністар.

Але ў любым выпадку сёньняшняе прызначэньне — дэманстрацыя Менску, што адкліканьне пасла, якога ён дамогся, гэта калі і перамога беларускай дыпляматыі, то невялікая. Палітыка не памянялася і не памяняецца. Яна не памянялася б, калі б спадар Бабіч стаў куратарам Данбасу ці наагул сышоў у асабістае жыцьцё. Але так атрымалася больш наглядна.

Прэсавы сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз незадоўга да адкліканьня Бабіча абвінаваціў яго ў разбурэньні двухбаковых адносінаў. Цяпер курыраваць ва ўрадзе Расеі гэтыя самыя стасункі будзе менавіта гэты «чалавек-гармата».

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG