Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што Макей сказаў пра разьмяшчэньне расейскай вайсковай базы ў Беларусі


Міністар замежных спраў Беларусі Уладзімер Макей
Міністар замежных спраў Беларусі Уладзімер Макей

У разьмяшчэньні расейскай вайскова-паветранай базы на тэрыторыі Беларусі няма «няма ні практычнага, ні палітычнага, ні ваеннага сэнсу», таму на парадку расейска-беларускіх адносінаў гэтае пытаньне не стаіць, заявіў у інтэрвію РБК міністар замежных спраў Беларусі Уладзімер Макей.

«З улікам разьвіцьця сучасных тэхналёгіяў у гэтым няма сэнсу. Навошта разьмяшчаць на тэрыторыі Беларусі вайскова-паветраную базу, пра што і ішла гаворка, калі сёньня ракеты могуць літаральна за лічаныя хвіліны дасягнуць іншага кантынэнту, зваротнага боку нашай плянэты. Калі б Беларусь разьмясьціла на сваёй тэрыторыі нейкія дадатковыя вайсковыя аб’екты, я ня думаю, што гэта спрыяла б умацаваньню стабільнасьці, бясьпекі ў нашым рэгіёне», — адзначыў міністар.

Таму, як адзначыў Макей, сёньня гэтае пытаньне на парадку дня расейска-беларускіх адносін не стаіць.

На ўдакладняльнае пытаньне РБК, ці не зьвязанае рашэньне Менску з пазыцыяй эўрапейскіх суседзяў, Макей адказаў: «Ніколі ў Беларусі ня будуць прымаць прынцыповае рашэньне пад уплывам нейкіх вонкавых сіл».

«Калі кіраўніцтва Беларусі прымае рашэньне, дык толькі зыходзячы з аналізу таго, адпавядае гэта нашым нацыянальным інтарэсам ці не — гэта асноўны прынцып», — дадаў ён.

Раней міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў у інтэрвію газэце «Коммерсант» назваў адмову Беларусі разьмясьціць у сябе расейскую базу «сапраўды непрыемным эпізодам».

На сустрэчы з групай амэрыканскіх аналітыкаў у лістападзе 2018 году Аляксандар Лукашэнка назваў «надуманай праблемай» пытаньне аб магчымым разьмяшчэньні на тэрыторыі Беларусі расейскай вайсковай базы і заявіў, што ня бачыць неабходнасьці ў стварэньні вайсковых базаў іншых дзяржаў, у тым ліку Расеі, на тэрыторыі Беларусі. «Мы ў вайскова-палітычным саюзе з Расеяй. Будзе тут база вайсковая, ня будзе — розьніцы абсалютна ніякай няма», — сказаў Лукашэнка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG