На думку кіраўніка беларускага Цэнтру стратэгічных і зьнешнепалітычных дасьледаваньняў Арсеня Сівіцкага, са статусам віцэ-прэм’ера Ўладзімер Сямашка зможа больш актыўна бараніць інтарэсы Беларусі ў Маскве.
Пасол Уладзімер Сямашка стаў намесьнікам прэм’ера ў пытаньнях расейска-беларускіх адносін, адпаведны ўказ 30 траўня падпісаў Аляксандар Лукашэнка. Цяпер Уладзімер Сямашка мае такі ж статус, як меў спэцпрадстаўнік Пуціна Міхаіл Бабіч, лічыць кіраўнік Цэнтру стратэгічных і зьнешнепалітычных дасьледаваньняў Арсень Сівіцкі.
«Гэтае прызначэньне зроблена, каб надаць Сямашку дадатковых паўнамоцтваў, па аналёгіі з спэцпрадстаўніком Уладзіміра Пуціна. Гэта своеасаблівы адказ Беларусі на статус спэцпрадстаўніка ў Бабіча. Сямашка будзе ўдзельнікам некалькіх груп па інтэграцыі Беларусі і Расеі. Але Беларусь успрымае гэтую інтэграцыю, як інкарпарацыю. Таму Ўладзімер Сямашка будзе адказваць за эфэктыўнае адстойваньне інтарэсаў Беларусі падчас перамоўных працэсаў».
Наўпрост Уладзімер Сямашка будзе бараніць сувэрэнітэт Беларусі ў камісіях па інтэграцыі і крамлёўскіх кабінэтах, упэўнены Арсень Сівіцкі.
«Ён будзе перашкаджаць спробам Расеі навязаць такі фармат інтэграцыі, які б падрываў нацыянальныя інтарэсы і сувэрэнітэт. Наколькі гэта эфэктыўна атрымаецца — невядома. Відаць, Аляксандар Лукашэнка гэты крок робіць, каб узмацніць ягоны статус. Бо не заўсёды расейскі бок жадае зь ім размаўляць, а цяпер, з такім статусам, ягоныя запыты і прапановы не змогуць ігнараваць».
Мінулы пасол Расеі ў Беларусі Міхаіл Бабіч апроч іншага меў статус спэцпрадстаўніка Ўладзіміра Пуціна. Ён езьдзіў па Беларусі, сустракаўся з палітыкамі і праваахоўнікамі. Яго дзеяньні ня раз крытыкаваў беларускі МЗС, а на сваёй пасадзе Бабіч прабыў толькі 8 месяцаў.