Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Запуск БелАЭС перанесьлі на 2020 год?


Ля будаўнічай пляцоўкі БелАЭС, 15 жніўня

Старшыня Горадзенскага Ўладзімер Краўцоў аблвыканкаму ў эфіры дзяржаўнага тэлеканалу «Беларусь-1» расказаў пра завяршэньне будаўніцтва Астравецкай атамнай электрастанцыі.

Паводле Ўладзімера Краўцова, цяпер генэральны падраднік, расейская кампанія «Росатом» дэкляруе, што завершыць будаўніцтва першага энэргаблёку БелАЭС у вызначаныя тэрміны.

«Гэта пачатак наступнага году, — заявіў Краўцоў. — Паводле ўсіх плянаў, павінен адбыцца фізычны пуск і ўжо з выдачай канкрэтнай магутнасьці».

Цяпер, дадаў ён, на станцыі ідуць выпрабаваньні розных вузлоў і наладка абсталяваньня.

Наўпрост пра перанос запуску Краўцоў не казаў, але раней паведамлялася, што запуск першага энэргаблёку заплянаваны на сьнежань 2019 году, другога — на ліпень 2020-га.

Атрымаць апэратыўны камэнтар у прадстаўнікоў БелАЭС не ўдалося.

У іншых крыніцах пра перанос запуску не абвяшчалася. Хіба паведамлялася, што набор пэрсаналу на станцыю будзе завершаны ў І квартале 2020 году — але казалі, што першы энэргаблёк ужо «цалкам укамплектаваны» пэрсаналам.

Першапачаткова запуск плянаваўся яшчэ на год раней, Аляксандар Лукашэнка заяўляў, што тэрміны сарвала Расея.

Што варта ведаць пра БелАЭС

  • Беларуская АЭС ад 2011 году ўзводзіцца пад Астраўцом, што ў Горадзенскай вобласьці, у 22 км ад мяжы зь Літвой, у каля 50 км ад Вільні і 125 км ад Менску.

  • Запуск першага энэргаблёку запляналі на пачатак 2020 году, другога — на ліпень 2020-га. Першапачаткова запуск плянаваўся на 2018 год, Аляксандар Лукашэнка заяўляў, што тэрміны сарвала Расея.
  • Для яе будаўніцтва выбраны праект АЭС-2006 — тыпавы расейскі праект атамнай станцыі новага пакаленьня з выкарыстаньнем вода-вадзянога энэргетычнага рэактара ВВЭР-1200. Паводле такога ж праекту расейцы ў 2018 годзе запусьцілі Ленінградзкую АЭС-2.
  • Астравецкая АЭС узводзіцца расейцамі — дзяржаўнай кампаніяй «Росатом» — за кошт крэдыту Расеі. Беларусь пазычыла да 10 млрд даляраў для фінансаваньня 90% кошту будаўніцтва двух энэргаблёкаў АЭС. Пагашэньне крэдыту пачынаецца праз 6 месяцаў з даты ўводу ў эксплёатацыю АЭС, але не пазьней за 1 красавіка 2021 году. Беларусь просіць Расею падоўжыць крэдыт на 10 гадоў.
  • На станцыі будуць два энэргаблёкі з рэактарамі ВВЭР-1200 (В-491) магутнасьцю да 1200 МВт кожны. То бок праектная магутнасьць АЭС — 2,4 тысячы МВт. Калі АЭС запрацуе на поўную магутнасьць, станцыя дасьць 18 мільярдаў кіляват-гадзін на год — палову таго, колькі цяпер спажывае Беларусь.
  • Літва ня раз ставіла пад сумнеў абраньне для будаўніцтва АЭС астравецкай пляцоўкі. Краіна называла 10 прычынаў не будаваць БелАЭС. Літва пратэстуе супраць БелАЭС на найвышэйшым дзяржаўным узроўні, выказвае пратэсты ў міжнародных структурах. Літву падтрымлівае прэзыдэнтка Эстоніі.
  • Пляцоўка Астравецкай АЭС была прызнаная небясьпечнай яшчэ ў 1993 годзе. Тады было знойдзена 7 прыдатных пляцовак, 15 умерана прыдатных і 6 непрыдатных. Астравецкая пляцоўка трапіла ў лік апошніх.
  • Улады і чыноўнікі Беларусі нясьпешна рэагуюць на паведамленьні пра інцыдэнты на будаўніцтве ўласнай атамнай станцыі. Звычайна пра здарэньні на БелАЭС афіцыйна расказваюць пасьля таго, як зьвесткі пра іх зьяўляюцца ў СМІ — так, пра падзеньне корпуса рэактара расказалі толькі пасьля міжнароднага ціску. Урэшце корпус, які ўпаў, замянілі (расейцы зьбіраюцца выкарыстаць яго на іншай АЭС). Новы выпадкова стукнулі аб слуп, але пашкоджаньняў ня выявілі, вырашылі не мяняць корпус другі раз.
  • Адпрацаванае ядзернае паліва зь БелАЭС застанецца ў Беларусі. Эколягі сьцьвярджаюць, што Беларусь выбірае самы дарагі і небясьпечны спосаб захоўваць адпрацаванае паліва з АЭС.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG