«Не разумеюць тэхналёгіі выбараў». Ярмошына пра крытыку датэрміновага галасаваньня

Лідзія Ярмошына галасуе, 2016 год
Лідзія Ярмошына галасуе, 2016 год

Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына расказала ў эфіры Першага каналу дзяржаўнага беларускага радыё пра датэрміновае галасаваньне і яго крытыку.

«Датэрміновае галасаваньне вельмі эфэктыўнае, — казала яна. — Калі ўзяць выбары 2016 году, то 31% выбарнікаў прагаласавалі на выбарах датэрмінова. Гэтая форма вельмі зручная для выбарнікаў, мы ад яе адмаўляцца ня будзем.

І тыя, што заклікаюць адмовіцца, яны не разумеюць усёй тэхналёгіі выбараў. Больш за тое, яны хочуць, каб у выбарах тады ўдзельнічала мінімальная колькасьць выбарнікаў, мы ж імкнёмся да максымальнага. Таму гэты працэс будзе працягвацца. Дарэчы, датэрміновае галасаваньне — гэта агульнапрыняты эўрапейскі досьвед».

Масавых заклікаў да поўнага скасаваньня датэрміновага галасаваньня апошнім часам не было. Але гучалі, напрыклад, прапановы скараціць датэрміновае галасаваньне зь пяці дзён да двух. Нараканьні на працэдуру і магчымыя фальсыфікацыі ў час яе, а таксама на прымус галасаваць датэрмінова, гучаць у Беларусі пастаянна пасьля прыходу да ўлады Аляксандра Лукашэнкі.

Эўрапейцы, у якіх сапраўды выкарыстоўваецца датэрміновае галасаваньне, таксама крытыкуюць беларускі досьвед, называючы датэрміновае галасаваньне адным з галоўных магчымых шляхоў фальсыфікацыі вынікаў. БДІПЧ АБСЭ крытыкавала працэдуру і на мінулых прэзыдэнцкіх выбарах, і на мінулых парлямэнцкіх, і на пазамінулых, і на ранейшых.

Ніводныя беларускія выбары і рэфэрэндумы пасьля 1994 году не прызнаваліся эўрапейскімі краінамі свабоднымі і дэмакратычнымі, у тым ліку празь непразрыстую працэдуру датэрміновага галасаваньня.

​
XS
SM
MD
LG