Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кампанія «Права выбару» падрыхтуе 2 тысячы назіральнікаў за парлямэнцкімі выбарамі ў Беларусі


Архіўнае фота. Прадстаўнікі кампаніі назіраньня за выбарамі «Права выбару» Алесь Сілкоў, Дзяніс Садоўскі, Аляксей Янукевіч, Ігар Барысаў. Менск падчас прэс-канфэрэнцыі 5 верасьня 2016 году

Кампанія назіраньня «Права выбару» мае намер вылучыць 350 сваіх кандыдатаў у выбарчыя камісіи і падрыхтаваць 2 тысячы назіральнікаў за парлямэнцкімі выбарамі ў Беларусі, заявіла на прэс-канфэрэнцыі 12 жніўня ў Менску сустаршыня аргкамітэту партыі БХД Вольга Кавалькова, піша БелаПАН.

Паводле Вольгі Кавальковай, назіраньне плянуюць арганізаваць у 18 выбарчых акругах. Акцэнт будзе зроблены на назіраньні за працэсам уключэньня грамадзян ва ўчастковыя камісіі, за яўкай выбарнікаў на ўчасткі, а таксама за працэсам падліку галасоў.

«Акрамя гэтых 18 акругаў мы таксама будзем навучаць і дапамагаць людзям вылучацца ў якасьці назіральнікаў на ўсіх астатніх акругах, — сказаў сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі і заклікаў усіх неабыякавых людзей далучацца да кампаніі назіраньня.

Сёлета кампанію «Права выбару» арганізуюць аргкамітэт партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя», Аб’яднаная грамадзянская партыя (АГП), Партыя БНФ, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), рух «За свабоду», аргкамітэт Партыі за свабоду і прагрэс, Беларуская партыя «Зялёныя» і незалежны прафсаюз РЭП.

ЦВК на пасяджэньні 29 траўня адмовілася ўключаць у мэтадычныя рэкамэндацыі для сяброў участковых выбарчых камісій прапановы, якія распрацавала «Права выбару»: у прыватнасьці, дазволіць фота- і відэаздымкі на участках для галасаваньня падчас падліку галасоў, а таксама дэманстраваньне бюлетэня і абвяшчэньне выніку.

Разам з тым, як стала вядома нядаўна, ЦВК Беларусі зьняла забарону для назіральнікаў рабіць фота на выбарчых участках. Старшыням участковых камісій рэкамэндавана загадзя вызначаць месца, зь якога можна будзе фатаграфаваць, і абазначыць яго указальнікам з надпісам «Месца для фатаздымкі».

Парлямэнцкія выбары-2019 у Беларусі. Што варта ведаць

Выбары ў Палату прадстаўнікоў сёмага скліканьня — ніжнюю палату Нацыянальнага сходу — пройдуць 17 лістапада. Датэрміновае галасаваньне будзе ісьці ад 12 да 16 лістапада.

  • Агулам у Палату прадстаўнікоў абіраецца 110 дэпутатаў. Дэпутаты ніжняй палаты выбіраюцца паводле выбарчых акругаў, а не партыйных сьпісаў. Праўладная «Белая Русь» прапаноўвала выбіраць прынамсі палову дэпутатаў паводле партыйных сьпісаў (як, напрыклад, ва Ўкраіне), але ўлады гэтую ідэю адхілілі.
  • Галасаваць на выбарах у Палату маюць права усе паўналетнія грамадзяне Беларусі. Галасаваньне добраахвотнае і ня можа быць прымусовым. Скардзіцца на прымус да галасаваньня можна ў пракуратуру ці ў райвыканкамы.
  • Цяперашнія выбары адбываюцца датэрмінова, хоць фармальна датэрміновымі ня лічацца. Тэрмін паўнамоцтваў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў — 4 гады. Але калі паміж выбарамі 2012 і 2016 гадоў прайшло 1449 дзён (3 гады, 11 месяцаў і 19 дзён), то паміж выбарамі 2016 і 2019-га пройдзе ўсяго 1162 дні (3 гады, 2 месяцы і 6 дзён).
  • Выбары ў Савет Рэспублікі — верхнюю палату Нацыянальнага сходу — адбудуцца 7 лістапада без удзелу звычайных беларусаў. Па 8 дэпутатаў ад вобласьці і яшчэ 8 ад Менску выберуць на абласных сходах дэпутаты гарадзкіх і раённых саветаў, яшчэ 8 дэпутатаў мае права прызначаць (але звычайна прызначае ня ўсіх) асабіста Аляксандар Лукашэнка.
  • Лукашэнка першапачаткова прапаноўваў правесьці выбары ў Палату на 7 лістапада — Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына тлумачыла, што гэтак ня варта рабіць. Урэшце на гэты дзень прызначылі выбары ў Савет Рэспублікі.
  • Фракцый у Палаце прадстаўнікоў няма. Апазыцыя амаль не трапляе ў Нацыянальны сход. Так, у Палаце прадстаўнікоў шостага скліканьня толькі 2 са 110 дэпутатаў — не прыхільнікі Лукашэнкі: Ганна Канапацкая з Аб’яднанай грамадзянскай партыі і беспартыйная Алена Анісім, старшыня Таварыства беларускай мовы. У Савеце Рэспублікі апазыцыі няма.
  • Нацыянальны сход дзейнічае з 1996 году — пасьля таго як Лукашэнка распусьціў Вярхоўны Савет XIII скліканьня. Выбары дэпутатаў Нацыянальнага сходу першага скліканьня не праводзіліся, Лукашэнка проста прызначыў туды ляяльных яму дэпутатаў Вярхоўнага Савету.
  • Нацыянальны сход амаль не распрацоўвае законапраектаў (часьцей гэта робяць міністэрствы і ведамствы) і амаль ніколі не галасуе супраць. Рэкорд шостага скліканьня Палаты прадстаўнікоў — 10 галасоў (9%) супраць звужэньня паўнамоцтваў сваёй палаты.
  • Краіны Заходняй Эўропы і ЗША не прызнавалі свабоднымі і дэмакратычнымі ніякія выбары і рэфэрэндумы ў Беларусі пасьля 1994 году. На ўсіх выбарах назіральнікі адзначалі шматлікія парушэньні, пасьля давалі рэкамэндацыі, але Лукашэнка прасіў яго «не павучаць».
  • На выбары 17 лістапада зьбіраюцца выстаўляць кандыдатаў прынамсі 7 апазыцыйных партыяў і шэраг рухаў. На ранейшых выбарах далёка ня ўсіх апазыцыянэраў рэгістравалі кандыдатамі або чальцамі выбарчых камісій.
  • Выбары каштуюць бюджэту каля 23 млн беларускіх рублёў. Лукашэнка кажа, што выбары «павінны прайсьці як сьвята», а Нацыянальны сход мае стаць «дыскусійнай пляцоўкай для дыялёгу дэпутатаў з рознымі поглядамі». Старшыню ЦВК Лідзію Ярмошыну «палохала цішыня» вакол выбараў, а 99% беларусаў лічаць, што ня могуць паўплываць на органы ўлады.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG