Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыя прапануе скараціць датэрміновае галасаваньне зь пяці да двух дзён


Прапануецца таксама, каб у кожнай выбарчай акрузе быў толькі адзін, так званы дзяжурны ўчастак, дзе можна прагаласаваць датэрмінова.

«Датэрміновае галасаваньне — адзін з трох блёкаў выбарчага заканадаўства, якія мы хочам рэфармаваць», — сказаў сёньня Свабодзе старшыня працоўнай групы дэмакратычнай грамадзкасьці па зьменах Выбарчага кодэксу Валер Ухналёў:

Валер Ухналёў
Валер Ухналёў

«Другі блёк — фармаваньне выбарчых камісіяў. Тут мы жадаем цалкам выключыць з гэтага працэсу працоўныя калектывы. У камісіі могуць вылучаць сваіх кандыдатаў толькі палітычныя партыі, грамадзкія арганізацыі і грамадзяне. І яшчэ, кожны кандыдат, якога афіцыйна зарэгістравалі, мае права заявіць свайго прадстаўніка ў якасьці паўнавартаснага сябра камісіі.

Трэці блёк — падлік галасоў. Тут галоўнае прапісаць працэдуру. Мы прапануем на стале паставіць таблічкі з прозьвішчамі кандыдатаў. Адзін супрацоўнік участковай камісіі бярэ бюлетэнь, паказвае яго ўсім іншым і затым кладзе бюлетэнь каля адпаведнай таблічкі. Пасьля гэтыя стосы ўсе разам лічаць.

Бачыце, прапаноў няшмат. Наша група вырашыла сканцэнтравацца толькі на тых рэкамэндацыях Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) АБСЭ, якія вядуць да рэальных якасных зьмен выбарчага заканадаўства. Так і ўтварыліся гэтыя тры блёкі».

Гэтыя прапановы дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая перадала ў міжведамасную экспэртную групу пры Цэнтральнай выбарчай камісіі, якой кіруе новы сакратар ЦВК Алена Дзьмухайла.

У інтэрвію Свабодзе спадарыня Канапацкая расказала:

Ганна Канапацкая
Ганна Канапацкая

«Вяртаньне выбарнікам права выбару — гэта адзін з асноўных пунктаў маёй палітычнай плятформы. Яшчэ 27 верасьня мінулага году мы правялі круглы стол пра выбарчае заканадаўства. Пасьля сфармавалі сваю працоўную групу на чале з Валерам Ухналёвым.

Я асабіста хацела працаваць з экспэртнай групай пры Цэнтравыбаркаме. Аднак мяне туды не ўключылі.

Праўда, на апошняе пасяджэньне экспэртаў пры ЦВК мяне запрасілі і нават далі слова. Я падзялілася сваімі ўражаньнямі па выніках дыскусіі аб сытуацыі ў Беларусі ў Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы. Сказала ім, што адпаведнасьць стандартам БДІПЧ пры правядзеньні выбараў будзе вельмі многае значыць для будучыні нашай краіны. Некаторыя людзі з афіцыйнай экспэртнай групы гэта, падобна, разумеюць. Так, прадстаўнік Міністэрства замежных спраў таксама згодны, што ПАРЭ надае вялікае значэньне захаваньню стандартаў БДІПЧ. Ён заявіў, што гатовы дапамагаць і аказваць садзейнічаньне.

Мне было цікава даведацца асабістую пазыцыю старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай. Але фармальна яна ў групу не ўваходзіць і на пасяджэньні не была. Таму магу толькі спаслацца на свае адчуваньні пасьля агучваньня некаторых прапаноў афіцыйных экспэртаў. Яны носяць, хутчэй, касмэтычны характар і ня змогуць істотна паўплываць на набліжэньне выбараў да стандартаў АБСЭ. Баюся, што сур’ёзных зрухаў чакаць не выпадае.

На пасяджэньні я казала, што трэба думаць пра сем мільёнаў выбарнікаў, пра тое, як вярнуць ім веру ў выбары. Яшчэ ёсьць час і магчымасьці ўнесьці ў Выбарчы кодэкс тыя зьмены, якія вернуць выбарнікам мясцовае самакіраваньне і сапраўдны парлямэнт», — лічыць Ганна Канапацкая.

Раней Лідзія Ярмошына ў інтэрвію Свабодзе казала, што некаторыя прапановы апазыцыі міжведамасная камісія падтрымала. Чакаецца, што цягам лютага (магчыма, ужо на наступным тыдні) зьмены і дапаўненьні ў выбарчы працэс будуць прааналізаваныя на вялікай нарадзе з удзелам Аляксандра Лукашэнкі.

Як сказаў Валер Ухналёў, працоўная група не спыняе сваю дзейнасьць:

«Мы хочам да адкрыцьця чарговай сэсіі Палаты прадстаўнікоў 2 красавіка перадаць туды іншыя прапановы па зьмяненьні выбарчай сыстэмы. Там, напрыклад, гаворыцца, што палову дэпутатаў на новых выбарах у парлямэнт трэба абіраць па партыйных сьпісах, а другую палову, як і цяпер, па аднамандатных акругах. Парог для атрыманьня месцаў у парлямэнце для партыяў павінен быць ня меншы за 3%. Абсалютна па-іншаму хочам скласьці сыстэму фінансаваньня выбараў і г.д. Дзесьці ў другой палове сакавіка адправім іх у Палату».

У працоўную групу ўвайшлі прадстаўнікі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), «Справядлівага сьвету», «Зялёных», руху «За свабоду», грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду», аргкамітэтаў у справе стварэньня партыі Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі і жаночай партыі «Надзея», шэраг экспэртаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG