Лізавета пакуль ня хоча раскрываць сваё прозьвішча
20-гадовая студэнтка Лізавета, якая падала ў суд скаргу на Аляксандра Лукашэнку, расказала Свабодзе, чаму гэта зрабіла і чаго чакае ад уладаў.
Скарга, тэкст якой днём раней апублікаваў Telegram-канал «Выборы. Беларусь», накіраваная ў суд Ленінскага раёну Менску. У ёй гаворыцца, што праз прызначэньне выбараў на 17 лістапада чатырохгадовы тэрмін паўнамоцтваў Палаты прадстаўнікоў скарочаны ня менш як на 10 месяцаў без законных падставаў. Сама Лізавета магла б балятавацца на «плянавых» выбарах, але на «датэрміновую» дату ёй яшчэ ня споўніцца 21 год.
У судзе Свабодзе пацьвердзілі, што такая скарга была зарэгістраваная.
Лізавета ня зьвязвае сябе з палітычнымі сіламі — толькі з «Задзіночаньнем беларускіх студэнтаў». У інтэрвію Свабодзе яна згадвае, што ейны знаёмы шукаў людзей для падачы такой скаргі, «было яшчэ 2–3 кандыдаты, але яны зьніклі». Скарга ўжо была гатовая, заставалася толькі паставіць подпіс і пайсьці ў суд. Дзяўчына кажа, што згодная з напісаным у скарзе.
«Калі б я не была згодная, я б не пайшла, бо трэба разумець, для чаго ты ідзеш: гэта небясьпечна крыху, рабіць нейкую скаргу на прэзыдэнта», — кажа яна.
На пытаньне, якія яна мае прэтэнзіі да Аляксандра Лукашэнкі, Лізавета расьсьмяялася і перапытала: «Усе пералічваць?». Але вырашыла не агучваць іх: «Пакуль адзіная — гэтыя выбары».
Яна прыгадвае, што і раней беларусы падавалі скаргі на дзеяньні Аляксандра Лукашэнкі, але «заўсёды былі нейкія адпіскі».
«Я ні на што не разьлічваю — проста чакаю, каб пачытаць, якую адпіску напісалі гэтым разам», — кажа Лізавета.
Прадстаўнікі суду і выбаркаму зь ёй пакуль ня зьвязваліся. Лізавета згадвае, што і жанчына, якая прымала скаргу, нічога не сказала:
«Я думала ўжо, што зараз хоць нешта цікавае паслухаю. Але я прыйшла туды, яна проста паглядзела, сказала падпісаць, паставіць дату — і ўсё».
Калі зь ёй зьвяжуцца прадстаўнікі ўлады, яна мае што адказаць: кажа, што ёсьць і знаёмыя, якія зьбіраюцца балятавацца ў дэпутаты, а калі справа сапраўды дойдзе да суду, то прыйдзе зь іншымі людзьмі, якія, як і яна, ня змогуць балятавацца з прычыны ўзросту і «датэрміновасьці» выбараў.
Бацькам пра сваю скаргу Лізавета яшчэ не казала, але мяркуе, што ім застаецца толькі падтрымаць яе.
«Большасьць спрабуе нешта рабіць, але заўсёды ёсьць нейкі страх, што „я нешта зараз зраблю, а потым ва ўнівэрсытэце скажуць, а потым бацькі скажуць, а потым на мяне коса паглядзяць“, — кажа яна пра сваё пакаленьне і палітычную актыўнасьць. — Таму нават тыя, хто б мог быць больш актыўны, — страх іх скоўвае і не пускае».