Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палова беларускіх студэнтаў атаясамліваюць сябе з грамадзянамі Расеі, — дзяржаўнае дасьледаваньне


50,7% беларускіх студэнтаў атаясамліваюць сябе з грамадзянамі Расеі, а 28,4% — з тымі, каго можна аднесьці да «русского мира». Гэта вынікае з апублікаванай у выдавецтве НАН Беларусі манаграфіі «Сацыякультурны аналіз сучаснага беларускага грамадзтва» (2019).

Хто аўтар манаграфіі

Аўтар манаграфіі — Ірына Лашук, дацэнт катэдры эканамічнай сацыялёгіі БДЭУ. У 2016–2018 гадах яна была намесьніцай дырэктара па навуковай працы Інстытуту сацыялёгіі НАН Беларусі.

Хто праводзіў сацыялягічнае дасьледаваньне

У кнізе выкарыстаныя дадзеныя сацыялягічнага дасьледаваньня, праведзенага Інстытутам сацыялёгіі НАН Беларусі.

Паводле выданьня, дасьледаваньне праводзілася па нацыянальнай выбарцы, рэпрэзэнтатыўнай па поле, узросьце, узроўні адукацыі, тыпу населенага пункту і рэгіёну пражываньня, па тэме «Сацыякультурныя фактары і мэханізмы кансалідацыі беларускага грамадзтва» (навуковы кіраўнік — Ірына Лашук).

Агульны аб’ём выбаркі склаў 1502 рэспандэнты. У дасьледаваньні выкарыстоўвалася рэспубліканская шматступенная стратыфікаваная выбарка.

Як гаворыцца ў манаграфіі, для вывучэньня спэцыфікі моладзі як сацыякультурнай групы выкарыстоўваліся дадзеныя маніторынгу ацэнкі сацыяльна-палітычнай, эканамічнай і культурнай сытуацыі ў краіне за 2017 год. Дадаткова выкарыстоўваліся дадзеныя сацыялягічных апытаньняў моладзі Літвы і Беларусі, а таксама студэнтаў Беларусі і Расеі.

Што азначаюць гэтыя лічбы?

50,7% беларускіх студэнтаў атаясамліваюць сябе з грамадзянамі Расеі, а 28,4% — з тымі, каго можна аднесьці да «русского мира». Тут студэнты адказвалі на пытаньне «Як часта вы адчуваеце супольнасьць (яднаньне) з наступнымі групамі людзей, пра каго вы маглі б сказаць „Гэта — Мы“?»

«Гэтыя лічбы нельга інтэрпрэтаваць так, што беларускія студэнты хочуць быць грамадзянамі Расейскай Фэдэрацыі, — тлумачыць Свабодзе Ірына Лашук. — То бок беларускія студэнты адчуваюць супольнасьць, падабенства з групай „грамадзяне Расейскай Фэдэрацыі“. Аднак гэта не азначае, што яны хочуць пераехаць у Расею і быць там грамадзянамі».

Старонка манаграфіі з вынікамі апытаньня студэнтаў
Старонка манаграфіі з вынікамі апытаньня студэнтаў

Паводле Ірыны Лашук, дасьледчыкі рабілі акцэнт на тым, каб параўнаць беларускую і расейскую моладзь. Паводле яе, беларуская ў большай ступені ідэнтыфікуе сябе з грамадзянамі Рэспублікі Беларусь. А расейская — «зь людзьмі такіх жа маральных прынцыпаў».

«Мы зафіксавалі множную ідэнтычнасьць [беларускіх студэнтаў], але лідзіруюць „грамадзяне Рэспублікі Беларусь“, — сказала Ірына Лашук. — Па-першае, гэта толькі студэнцкая моладзь. Да таго ж апытвалі якраз больш моладзь гуманітарную. Таму нельга казаць, што гэта ўся моладзь ці ўся студэнцкая моладзь. Гэта была наша дасьледчая выбарка. І такім жа чынам будавалася выбарка па Расеі. І мэта была — параўнаць».

Ірына Лашук кажа, што ідэнтыфікацыя беларускіх студэнтаў з грамадзянамі Расеі не зьвязаная з уплывам расейскіх СМІ, бо ў беларускай моладзі больш папулярныя беларускія мэдыі.

Ці існуе нейкая тэндэнцыя ў гэтым пытаньні?

«Трэба рабіць паўторнае дасьледаваньне, а яго не было. Гэта было хутчэй такога выведвальнага характару навуковае дасьледаваньне. І рабіць нейкія экстрапаляцыі будзе няграматна», — сказала аўтарка манаграфіі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG