Абноўлена, 14:20: Арганізатары мітынгу-канцэрту ў Кіеўскім сквэры абвясьцілі рэквізыты збору грошай на імпрэзу.
Сузаснавальнік Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі, адзін з арганізатараў канцэрту на Дзень Волі ў Кіеўскім сквэры Менску, заявіў, што не прэтэндуе на грошы, раней сабраныя на сьвяткаваньне 101-й гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці БНР.
Рымашэўскі: «Горадня не замена Менску»
Палітык запісаў відэаролік, адрасаваны людзям, якія «нэрвова рэагуюць» на фармат адзначэньня Дня Волі ў Менску. І пералічыў, каго мае на ўвазе — Паўла Белавуса, Эдуарда Пальчыса, Антона Матольку, якія вырашылі перадаць сродкі на канцэрт у Горадні, — там улады раней далі дазвол на сьвяточныя імпрэзы.
«Узьнікла нэрвовая рэакцыя адносна „замаху“ на сродкі, — сказаў Віталь Рымашэўскі. — Хлопцы зьбіралі грошы на сьвяткаваньне ў Менску, але вырашылі перанесьці сьвята ў Горадню. Упершыню за 30 гадоў у сталіцы ўзьнікла небясьпека застацца бяз Дня Волі, бо Горадня не замена Менску. Таму нам давялося ўзяць на сябе адказнасьць і арганізаваць сьвята для тых, хто ня зможа туды даехаць».
19 сакавіка лідэр руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч заявіў, што выдаткі на арганізацыю канцэрту ў Кіеўскім сквэры складуць у эквіваленце 5 тысяч даляраў — гэта аплата паслуг міліцыі, лекараў, ратавальнікаў і г.д. На адных толькі міліцыянтаў пойдзе 1,5 тысячы даляраў. Палітык палічыў, што сабраных раней сродкаў павінна акурат хапіць.
Аднак актывісты грамадзянскай кампаніі #БНР101 далі зразумець, што менскі канцэрт у іхныя фінансавыя пляны не ўваходзіць.
«Хачу падкрэсьліць: мы не прэтэндуем на іхныя грошы, хоць сябры нашых структур таксама актыўна далучыліся да ахвяраваньняў. Няхай гэтыя сродкі будуць патрачаныя на Горадню. У Менску мы абыдземся бязь іх, хоць, натуральна, таксама спадзяёмся на народную падтрымку», — адзначыў Віталь Рымашэўскі.
Паводле яго, часткова неабходную суму сабралі сябры чатырох палітычных структур, задзейнічаных у падрыхтоўцы імпрэзы — АГП, БСДП, БХД і руху «За свабоду». Але грошай усё роўна не хапае, таму яны зьбіраюцца абвясьціць збор сродкаў.
Таксама арганізатары праводзяць набор валянтэраў.
Белавус: «Ні ад кога ня чуў, што ён супраць Горадні»
У сваю чаргу «фронтмэны» кампаніі #БНР101 у складзе Паўла Белавуса, Эдуарда Пальчыса і Антона Матолькі пацьвярджаюць, што ўсе сабраныя раней грошы будуць накіраваныя на арганізацыю канцэрту ў Горадні. Пры гэтым выказваюць спадзяваньне, што будзе добра, калі годна пройдуць абедзьве імпрэзы.
«Што тычыцца сродкаў, у Горадні мы запускаем вялікую рэклямную кампанію, ставім добрую сцэну, вязём якасны гук — каб узровень быў ня горшы за леташні канцэрт у Менску, — сказаў арганізатар збору сродкаў Павал Белавус. — Сабрана крыху больш за 10 тысяч даляраў, а па факце, каб закрыць усе выдаткі, патрэбна каля 15 тысяч».
Паводле Паўла Белавуса, у сувязі з гэтым працягваецца кампанія праз розныя пляцоўкі — «Талаку», «Фэйсбук»; абяцаюць падключыцца горадзенскія актывісты, якія займаюцца арганізацыяй сьвяткаваньня на месцы.
«Калі я ініцыяваў збор сродкаў, у апісаньні мы разглядалі шэраг варыянтаў і адмыслова акцэнтавалі: канчатковае рашэньне — на што накіраваць грошы — будзе прынятае ў залежнасьці ад таго, як будуць ісьці перамовы з уладамі. Так узьнікла ідэя з Горадняй. І ад людзей, якія зьбіралі грошы, а гэта больш за 500 чалавек, я ні ад кога яшчэ ня чуў нараканьняў — маўляў, вярніце грошы, мы супраць Горадні», — падсумаваў Павал Белавус.
Ён дадаў, што горадзенскія актывісты падпісалі дамовы з праваахоўнымі органамі і камунальнымі арганізацыямі, а пачынаючы ад 20 сакавіка стартуе рэклямная кампанія на афішных тумбах па ўсім горадзе.