Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менгарвыканкам канчаткова забараніў сьвяткаваць Дзень Волі ў цэнтры Менску


«Сьвята незалежнасьці» ў Менску, 25 сакавіка 2018 году
«Сьвята незалежнасьці» ў Менску, 25 сакавіка 2018 году

Менгарвыканкам забараніў «Арт Сядзібе» і Партыі БНФ праводзіць Дзень Волі на пляцоўках ля Палацу спорту і на плошчы Свабоды.

Копію адказу Менгарвыканкаму атрымаў старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў. Як сказаў Свабодзе Кастусёў, Менгарвыканкам прапанаваў сьвяткаваць Дзень Волі на пляцоўках, дазволеных для масавых акцый. «Арт Сядзіба» і Партыя БНФ не пагадзіліся. Яны прапанавалі паехаць на сьвяткаваньне Дня Волі ў Горадню, дзе дазволілі сьвяточны мітынг і канцэрт 23 сакавіка.

На момант публікацыі, усе масавыя акцыі да Дня Волі ў Менску не дазволілі, усе 4 пададзеныя заяўкі ўлады ня ўхвалілі.

КХП БНФ не падавала заяўку на вулічную акцыі, бо плянавалі далучыцца да «агульнага сьвяткаваньня», сказаў Свабодзе адказны сакратар арганізацыі Алесь Чахольскі.

У Менску 23 сакавіка адбудзецца ўрачысты прыём у гонар гістарычнай падзеі і канцэрт народнага ансамблю «Тутэйшая шляхта». Мерапрыемства закрытае, запрашэньні на яго дасылалі ад імя ганаровага старшыні Радзіма Гарэцкага і дзейнага старшыні Міколы Купавы.

Сьвяткаваньне Дня Волі ў горадзенскім Калоскім парку ў 2018 годзе
Сьвяткаваньне Дня Волі ў горадзенскім Калоскім парку ў 2018 годзе

Сьвяткаваньне дазволілі ў Горадні

Сьвяткаваньне 101-й гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі адбудзецца ў суботу 23 сакавіка ў Калоскім парку Горадні.

Праграма разьлічаная з 13:00 да 17:00. Цяпер арганізатары дапрацоўваюць сьпіс выступоўцаў. Днямі стане вядомая дакладная праграма сьвяткаваньня.

«У нас вялікі фармат сьвяткаваньня: фуд-корты, фотазоны, дзіцячыя пляцоўкі, канцэрт, выступы. Усё ў поўным аб’ёме. Дазволеная сымболіка, датычная падзеі, і ўсякая зарэгістраваная», — адзначыў адзін з арганізатараў захаду Вадзім Саранчукоў.

Пачынаецца збор сродкаў на мітынг і канцэрт у Горадні. Як можна ахвяраваць грошы, стане вядома 19 сакавіка.

Калоскі парк нешматлюдны і аддалены ад цэнтру. Першую заяўку, каб адзначыць Дзень Волі ў парку Жылібэра ў цэнтры гораду, Горадзенскі гарвыканкам не задаволіў.

Што важна ведаць пра Дзень Волі-2019?

  • 1 сакавіка — Аляксандар Лукашэнка вусна забараніў сьвяткаваць Дзень Волі канцэртам на стадыёне «Дынама», як таго хацелі арганізатары #БНР100 — кажа: «Ідзіце на Бангалёр».
  • 23 сакавіка ў Горадні — канцэрт у Калоскім парку з удзелам Зьмітра Вайцюшкевіча, Лявона Вольскага, гуртоў Nizkiz, «Крама», «Дай дарогу!» і Dzieciuki. Ад 3 да 5 тысяч гледачоў.
  • 23–24 сакавіка — акцыі беларусаў у Варшаве, Вільні, Кіеве, Нью-Ёрку, Празе ды іншых гарадах.
  • 24 сакавіка ў Менску — мітынг-канцэрт у Кіеўскім сквэры з удзелам «Дай дарогу», N.R.M., «Разьбітага сэрца пацана» ды іншых. Ад 1500 (паводле міліцыі) да 5–7 тысячаў (паводле арганізатараў) гледачоў. Затрыманыя Натальля Басалыга-Гарачка і Зьміцер Дашкевіч.
  • 25 сакавіка ў Гомлі — акцыя памяці герояў БНР.
  • 25 сакавіка ў Віцебску — адзіночны пікет Барыса Хамайды, які расцанілі як «парушэньне парадку ўтрыманьня населеных пунктаў».
  • 25 сакавіка ў розных гарадах — людзі вывешвалі бел-чырвона-белыя сьцягі на заклік арганізатараў #БНР101, уладам не спадабалася.
  • 25 сакавіка ў Менску на Кастрычніцкай плошчы — акцыя Алены Талстой (прыкавала сябе да слупа), затрыманьні палітыкаў і мінакоў. Праз тры гадзіны вызваленыя ўсе, акрамя Талстой, пратаколаў аб парушэньнях не складалі.
  • 25 сакавіка ў Менску на пешаходных вуліцах — затрыманьні музыкаў (Аракелян, Вайцюшкевіч, Варашкевіч і Вольскі), якія анансавалі, што зьбіраюцца прагуляцца і ўзяць з сабой музычныя інструмэнты. Пасьля затрыманьня дзясяткі людзей сьпявалі хорам песьні Вольскага, міліцыя пагражала затрыманьнямі і гвалтам. Праз тры гадзіны музыкі вызваленыя.
  • 25 сакавіка ў розных гарадах — салюты ў гонар Дня Волі.

Што яшчэ пачытаць, паслухаць, паглядзець пра БНР

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG