Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Рухавыя і хутка рэагуюць». Мясьніковіч пахваліў праціўнікаў акумулятарнага заводу


Старшыня Савету Рэспублікі Міхаіл Мясьніковіч на паседжаньні Савету ўзаемадзеяньня органаў мясцовага самакіраваньня 27 лютага згадаў пратэсты праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага заводу ў Берасьці, піша БелаПАН.

Паводле Мясьніковіча, «многія саветы дэпутатаў ствараюць бачнасьць працы», а 70% апытаных Інфармацыйна-аналітычным цэнтрам не змаглі ацаніць працу мясцовых саветаў. Таксама дэпутаты не выкарыстоўваюць сацсеткі для атрыманьня інфармацыі і стасункаў з грамадзянамі.

«У той жа час самаарганізуюцца супольнасьці, часьцяком апазыцыйныя, якія выступаюць за вырашэньне лякальных праблемаў; яны актыўна прадстаўленыя ў інтэрнэце, маюць рухавасьць і хуткасьць рэагаваньня, гатовыя актыўна і публічна адстойваць свае інтарэсы, — расказаў Мясьніковіч. — Такія аб'яднаньні, па сутнасьці, выконваюць ролю паралельнай сыстэмы прадстаўніцтва інтарэсаў грамадзян. Вы павінны гэта бачыць і весьці сваю ўласную працу».

«Будзе правільна, калі, напрыклад, Берасьцейскі аблсавет дакладзе, як у іх ідуць справы, — адзначыў Мясьніковіч наконт пратэстаў. — Больш за год ідуць выступленьні супраць будаўніцтва так званага акумулятарнага заводу, і ніхто не процідзейнічае разумна гэтым выступленьням».

Сапраўды, прадстаўнікі ўладаў нячаста зьвяртаюць увагу і мала кантактуюць з праціўнікамі заводу па-за фармальнымі адказамі на звароты. За год штотыднёвых пратэстаў толькі адзін мітынг санкцыянавалі. У адказ берасьцейцы (а таксама сьнегавікі, Дзед Мароз і чалавек-ліс), выходзяць на несанкцыянаванае «кармленьне галубоў».

Гэта гучыць як парада кандыдатам у дэпутаты пратэставаць супраць заводу

Мясьніковіч адзначыў, што зьмена электаральных настрояў беларусаў была галоўнай асаблівасьцю выбараў у мясцовыя саветы ў 2018 годзе. Ён заявіў, што цяпер, як на думку беларусаў, дэпутатамі павінны быць «лідэры грамадзкай думкі, гатовыя ня толькі выказваць, але і адстойваць правы сваіх выбарнікаў», але «зьвязаныя ні з уладай, ні з апазыцыяй».

Такога кандыдата-актывіста, паводле ІАЦ, гатовыя выбраць 30% беларусаў. Колькі дэпутатаў мясцовых саветаў лічацца незалежнымі актывістамі, невядома. Мясьніковіч параіў улічыць гэта пры падрыхтоўцы да парлямэнцкіх выбараў.

Але апазыцыянэраў у мясцовыя саветы прайшло 0,0055% (і той — ад незарэгістраванай «Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі»). Са 110 дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў апазыцыянэрамі называюць дзьвюх — Ганну Канапацкую з Аб’яднанай грамадзянскай партыі і беспартыйную Алену Анісім з Таварыства беларускай мовы.

Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць

Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
  • Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
  • Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трываюць ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
  • Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
  • У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
  • У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
  • У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
  • 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG