Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праціўнікі заводу пад Берасьцем зрабілі кавэр на кліп, які сабраў 148 мільёнаў праглядаў


Праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага заводу пад Берасьцем зьнялі кавэр на кліп «Плакала» ўкраінскага гурту Kazka, які сабраў на YouTube 151 мільён праглядаў.

На момант публікацыі кавер берасьцейцаў паглядзелі амаль 72 тысячы чалавек на YouTube і «УКантакце».

У кліпе зьняліся жанчыны, якія выступаюць супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу пад Берасьцем і іх дзеці, распавяла Свабодзе ўдзельніца здымак Лада Яраш.

«Мы ня проста пачулі слова сьвінец і спужаліся, мы давяраем людзям, якія працуюць з дакумэнтамі, знаўцам, мы бачым падман, які ўвесь час адбываецца з боку чыноўнікаў і дзяржаўных служачых. Таму мы як мамы, якія мусяць абараняць сваіх дзяцей і ўнукаў, вырашылі пайсьці на такі крок», — сказала Яраш.

Таксама гэтым кліпам праціўніцы заводу вырашылі зьвярнуцца да жанчынаў-чыноўніц.

«Гэтыя жанчыны таксама маюць дзяцей. І яны павінны зразумець нас, жыхарак Берасьця, якія абараняюць і будуць абараняць здароўе сваіх дзяцей», — сказала Лада Яраш.

Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць

Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
  • Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
  • Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трываюць ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
  • Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
  • У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
  • У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
  • У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
  • 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
  • У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
  • 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG