Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мясьніковіч адказаў Мядзьведзеву: Саюзная дамова непарушная


Старшыня Савету рэспублікі Беларусі Міхаіл Мясьніковіч

Палажэньні саюзнай дамовы Беларусі і Расеі павінны заставацца непарушнымі і ня могуць падлягаць рэвізіі. Пра гэта заявіў старшыня Савету Рэспублікі Міхаіл Мясьніковіч падчас паседжаньня рады па ўзаемадзеяньні органаў мясцовага самакіраваньня.

«Дамова 1999 году зьяўляецца актуальнай і сёньня, яе палажэньні павінны заставацца непарушнымі і не падлягаць рэвізіі. Інакш абрынецца ўся канструкцыя», — цытуе чыноўніка БелаПАН.

Саюзьніцкія дачыненьні неабходна разьвіваць на аснове замацаванага прынцыпу захаваньня кожнай зь дзяржаў-удзельніц сувэрэнітэту, незалежнасьці і тэрытарыяльнай цэласнасьці ды іншых атрыбутаў дзяржаўнасьці.

«Ахова вонкавай мяжы Саюзнай дзяржавы павінна ажыцьцяўляцца ў парадку, вызначаным яе ўдзельніцамі на момант падпісаньня дамовы, то бок самастойна», — дадаў кіраўнік Савету Рэспублікі.

У разьвіцьці інтэграцыі, падкрэсьліў сьпікер верхняй палаты, аднабаковыя рашэньні недапушчальныя.

«Сёньня ў нас на агульным рынку самыя сур’ёзныя канкурэнты — гэта расейскія тавары. Чаму? Якасьць і цэны блізкія паміж сабой, а эканамічныя ўмовы ў расейскіх вытворцаў больш камфортныя, асабліва што да энерганосьбітаў ды іншых сыравінных тавараў», — падкрэсьліў ён.

Увядзеньне агульнай валюты Мясьніковіч назваў фінальным этапам эканамічнай інтэграцыі і адзначыў, што ў дамове гаворка ідзе пра новую грашовую адзінку, а не пра расейскі рубель. Гэтаксама як і банк-эмітэнт павінен быць агульным, а не расейскім, дадаў ён.

Таксама старшыня Савету Рэспублікі раскрытыкаваў інтэграцыю ў Эўразійскім саюзе.

«Эўразійскі эканамічны саюз за 3,5 года да канца не раскрыў свой патэнцыял, а чаканьні былі вялікія. У ЭАЭС слаба прапрацавана пытаньне ўзгодненай прамысловай палітыкі, практычна не ствараюцца сумесныя акцыянэрныя таварыствы і іншыя кампаніі, якія ва ўсім сьвеце зьяўляюцца асноўным зьвяном інтэграцыйных праектаў і інавацыйнай глябальнай эканомікі».

Дзьмітрый Мядзьведзеў і Аляксандар Лукашэнка ў Сочы
Дзьмітрый Мядзьведзеў і Аляксандар Лукашэнка ў Сочы

Ультыматум Мядзьведзева

Прэм’ер-міністар Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў падчас візыту ў Берасьце 13 сьнежня 2018 году акрэсьліў, якой інтэграцыі хоча Расея ад Беларусі — агульныя грошы, суд і мытня.

«Расея гатовая і далей прасоўвацца на шляху будаўніцтва Саюзнай дзяржавы, уключаючы стварэньне адзінага эмісійнага цэнтру, адзінай мытні, суду, падліковай палаты ў тым парадку, які прадугледжаны Дамовай аб стварэньні Саюзнай дзяржавы ад 8 сьнежня 1999 году», — сказаў тады Мядзьведзеў.

Толькі ў гэтым выпадку, паводле Дзьмітрыя Мядзьведзева, можна праводзіць адзіную палітыку ў галіне падаткаў, цэна- і тарыфаўтварэньня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG