Лінкі ўнівэрсальнага доступу

55 адмоваў. Берасьцейскія ўлады зноў забаранілі акцыю супраць акумулятарнага заводу


Налепка супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу ў Берасьці, ілюстрацыйнае фота
Налепка супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу ў Берасьці, ілюстрацыйнае фота

Берасьцейскі гарвыканкам забараніў правядзеньне дэманстрацыі і мітынгу супраць акумулятарнага заводу, якія прасілі дазволіць 30 сьнежня на плошчы Леніна, паведаміў БелаПАН адзін з заяўнікаў Раман Кісьляк.

Прычыны патлумачылі так: на менавіта гэтай плошчы не дазваляецца правядзеньне масавых мерапрыемстваў; у заяве не было пацьверджаньня зваротаў арганізатараў па ахову, абслугоўваньне мэдыкаў і ўборку тэрыторыі; мерапрыемства «немэтазгоднае». Кісьляк адзначыў, што арганізацыі не заключаюць дамовы на ахову, мэдыкаў і ўборку без дазволу акцыяў.

Як падлічылі праваабаронцы, за ўвесь час пратэстаў супраць акумулятарнага заводу — са студзеня — у Берасьці і Берасьцейскім раёне падаваліся заяўкі на 38 мітынгаў (31 заяўка у Берасьці), 12 пікетаў і 5 дэманстрацыяў. Зь іх ухвалілі толькі адну, на мітынг 29 красавіка, на які сабралася каля дзьвюх тысячаў чалавек.

Ад 25 лютага берасьцейцы штотыдзень па нядзелях зьбіраюцца на плошчы Леніна на несанкцыянаваныя акцыі пратэсту. У мінулую нядзелю, 23 сьнежня на плошчы сабралася каля 220 чалавек, у ліку якіх быў чалавек у касьцюме воўка. У адрозьненьне ад чалавека ў касьцюме ліса, якога затрымалі на мітынгу ў лістападзе, «воўк» застаўся на волі, раздаў дзецям цукеркі і балёнікі.

5 сьнежня актывісты зь Берасьця сустракаліся зь міністрам прыроды і аховы навакольнага асяродзьдзя Андрэем Худыкам. Актывісты перадалі міністру 800 старонак матэрыялаў і папрасілі адказаць на 93 пытаньні. Сустрэча цягнулася больш за 5 гадзінаў. Ці працягнецца будаўніцтва акумулятарнага заводу, будзе вызначана па выніках паўторнай экалягічнай экспэртызы.

15 сьнежня праектную дакумэнтацыю заводу адклікалі з паўторнай дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, пасьля перапрацоўкі абяцалі вярнуць яе экспэртам.

21 сьнежня актывісты падалі заяву ў Берасьцейскі райвыканкам на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы па правядзеньні мясцовага рэфэрэндуму аб забароне будаўніцтва заводу.

Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць

Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
  • Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
  • Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
  • Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
  • У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
  • У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
  • У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
  • 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
  • У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
  • 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
  • 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
  • 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG