Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Берасьці адпусьцілі з ізалятару «чалавека-ліса», але касьцюм не аддалі


Падчас аднаго зь мітынгаў супраць пабудовы акумулятарнага заводу «АйПаўэр». Берасьце, 14 кастрычніка 2018 году
Падчас аднаго зь мітынгаў супраць пабудовы акумулятарнага заводу «АйПаўэр». Берасьце, 14 кастрычніка 2018 году

Затрыманага 11 лістапада берасьцейца Канстанціна Астапука, які знаходзіўся на цэнтральнай плошчы горада ў касьцюме ліса, адпусьцілі з ізалятару. Яму выдалі позву на час наступнай акцыі праціўнікаў акумулятарнага заводу.

Пасьля затрыманьня, расказаў Канстанцін Астапук, ён адмовіўся ў міліцыі даваць паказаньні супраць сябе. Кажа, што яго вінавацяць у парушэньні закону аб масавых мерапрыемствах.

«Выдалі мне позву на 12 гадзін у нядзелю зьявіцца ў Ленінскі РАУС. Сказалі будуць разьбірацца наконт гэтай лялькі. Сам касьцюм не вярнулі, пакінулі як рэчавы доказ. Толькі пінжак я забраў, сказаў, што ён ня мае дачыненьня да лялькі», — сказаў Канстанцін Астапук.

Мужчына кажа, што «пры ўсёй абсурднасьці затрыманьня чакаў, што так можа быць».

«Я нічога там такога не рабіў на плошчы, не выкрыкваў ніякіх лёзунгаў, раздаваў дзецям балёнікі. Я думаю, яны самі вырашалі, што са мной рабіць, бо як прывезьлі, гадзіну-паўтары раіліся», — падзяліўся Канстанцін Астапук.

Чалавека ў касьцюме ліса затрымалі пасьля акцыі праціўнікаў акумулятарнага заводу ў Берасьці 11 лістапада. Падчас акцыі ён хадзіў па плошчы, забаўляў дзяцей ды выказваўся на карысьць уладаў ды будаўнікоў акумулятарнага заводу перад актывістамі.

Некаторыя актывісты выказалі думку, што такім чынам адбыўся «тролінг» уладаў, якія не выходзяць на плошчу да пратэстоўцаў. Справа ў тым, што прозьвішча старшыні Берасьцейскага аблвыканкаму — Ліс.

Ад канца лютага на цэнтральнай плошчы Берасьця штонядзелю адбываюцца маўклівыя пратэсты супраць заводу. Пратэстоўцы запрашалі чыноўнікаў, у тым ліку і старшыню Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоля Ліса, аднак тыя не прыходзілі.

Пратэст супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці ўзьнік на пачатку 2018 году, калі стала вядома пра яго будаўніцтва. Людзі баяцца, што завод нанясе шкоду іх здароў’ю і навакольнаму асяродзьдзю.

Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць

Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
Месцазнаходжаньне новага акумулятарнага заводу пад Берасьцем
  • Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
  • Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
  • Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
  • У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
  • У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
  • У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
  • 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
  • У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
  • 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
  • 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
  • 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG